Вольга Севярынец: Мне сказалі, што пад «палітычных» на Акрэсціна вызвалілі цэлы паверх

Жонка палітыка Паўла Севярынца, якому прысудзілі ўжо 75 сутак адміністрацыйнага арышту і якія ён цяпер адбывае ў ізалятары на Акрэсціна ў Мінску, просіць пісаць скаргі і распаўсюджваць інфармацыю пра катаванні.
Вольга Севярынец. Фота Дзіяны Серадзюк

Вольга Севярынец. Фота Дзіяны Серадзюк

Сваякі арыштаваных падчас пікетаў па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама праваабаронцы б’юць трывогу праз інфармацыю аб пагаршэнні ўмоваў і здзеках са зняволеных. Жонка аднаго з іх, сустаршыні аргкамітэту партыі БХД Паўла Севярынца Вольга Севярынец, распавяла «Новаму Часу», праз што давялося прайсці іх сям’і за апошнія некалькі дзён.

— Ведаю, што ты падала шэраг скаргаў. Куды звярталася?

— Мне здаецца, што мы — праваабарончыя арганізацыі, сваякі, сябры — падалі скаргі паўсюль, куды толькі можна падаць. Пачынаючы ад Санэпіэмстанцыі заканчваючы пракуратурамі. Напісалі і разаслалі лісты па ўсіх амбасадах. Марына Адамовіч (жонка палітыка Мікалая Статкевіча, які, адбыўшы 15 сутак адміністрацыйнага арышту на Акрэсціна, атрымаў яшчэ столькі ж. — НЧ.) сустракаецца з прадстаўнікамі Еўразвязу.

Сёння разам з Таццянай Яўгенаўнай (Таццянай Севярынец, маці Паўла Севярынца. — НЧ.) хадзілі на Акрэсціна, спрабавалі сілай «прабіць» перадачу — нічога не атрымалася. Але яна напісала мноства скаргаў туды. Іншыя сваякі дазваньваюцца на Акрэсціна і таксама пішуць скаргі.

Прыязджаюць журналісты замежных выданняў, распытваюць. Усё, што мы можам зрабіць інфармацыйна, мы робім. Ці дае гэта які-небудзь плён, мы пакуль не бачым: перадачы як не прымалі, так і не прымаюць.

— Але ж скаргі яшчэ будуць разглядаць пэўны час?

— Так, але сёння мы хадзілі ў пракуратуру Маскоўскага раёна, прасілі там пракурора, Украінца Ігара Уладзіміравіча, слёзна, па-добраму. Я б сказала, што ён узяўся хаця б даведацца пра стан здароўя Паўла.

— Атрымліваецца наладзіць чалавечую камунікацыю з чыноўнікамі? Як яны сябе паводзяць?

— Бачна, што людзі, да якіх мы падыходзілі, не прапашчыя. Бачна па вачах. Гэта сямейныя людзі, яны апускаюць вочы. Калі распавядаю ім, чаго прыйшла, у іх дрыжаць рукі яшчэ больш, чым у мяне. Яны перажываюць таксама і разумеюць, пра што іх просяць. Але бачна і тое, што яны б, можа, і хацелі дзесьці дапамагчы, але ў іх вельмі маленькія паўнамоцтвы ў дадзеным пытанні. Яны вельмі ветліва прымаюць скаргі, просяць не хвалявацца, але пакуль што ніводная з інстанцый нам нічога не сказала.

— Што дало нагоду для хваляванняў і масавых зваротаў сваякоў зняволеных са скаргамі?

— Пачалося ўсё са званка хлопца, які сядзеў з Паўлам. Гэта было як гром сярод яснага дня. Пасля я пачала думаць, што гэта фэйк, бо такое было ўжо не раз. Я яшчэ некалькі разоў тэлефанавала яму, каб праверыць, але па гутарцы зразумела, што яны з Пашам размаўлялі.

Пасля мне напісаў яшчэ адзін чалавек, які бачыў Пашу. Ён быў дзіўны, бо з’явіўся пасля таго, як прайшоў шум, і перадаў ад Пашы тое, што ён перадае звычайна — што кахае, сумуе. Ён сказаў, што з Паўлам усё добра, ён быў у цёплай куртцы, у масцы, у яго была з сабой сумка. Яго пераводзілі ў іншую камеру, і яны пару хвілін перамовілі, бо гэты чалавек яго пазнаў. Але ён чамусьці разы тры акцэнтаваў увагу, што ён быў у куртцы і ў яго з сабой былі рэчы. Я б хацела спадзявацца, што гэта праўда, але мяне гэта крыху напружыла.

Адначасова пасля сутак выйшлі Максім і Дзяніс Урбановічы і пацвердзілі, што на Акрэсціна робіцца нешта неверагоднае. Учора выйшла Наталля Гарачка-Басалыга, яна таксама кажа, што там зверскія, нечалавечыя ўмовы. Ніякіх іншых звестак пакуль не было. Калі мы падыходзім да Акрэсціна і пытаемся пра вязняў у ЦІП ці ІЧУ, нам адказваюць, што ўсё з імі добра, яны ядуць, п’юць вадзічку.

Павел Севярынец падчас пікета ў Мінску 7 чэрвеня, незадоўга да затрымання. Фота Арцёма Лявы

Павел Севярынец падчас пікета ў Мінску 7 чэрвеня, незадоўга да затрымання. Фота Арцёма Лявы


— Як вашая сям’я перажывае цяперашнюю сітуацыю?

— Сярод усяго, што было, гэта самы жудасны момант. Можа быць, там усё не так страшна. Але жахліва, калі ты не ведаеш, з чалавекам няма ніякай сувязі, не пускаюць адваката, распавядаюць, што там усім запраўляюць людзі ў цывільным, а ты знаходзішся на адлегласці і не можаш нічым дапамагчы. У Паўла ўжо 75, калі не пад 100 сутак. І калі яго будуць там увесь час трымаць без перадач, без сродкаў гігіены, то я проста баюся, што не вытрымае яго здароўе. Я не ведаю, колькі чалавек можа пратрымацца ў такіх умовах. Бо Дзяніс Урбановіч казаў, што калі яму 10 сутак не давалі спаць, ён пачаў губляць арыентацыю ў прасторы. І гэта самае страшнае.

— Ці запытваецца Францішак, дзе яго тата?

— Не, ён толькі часам узгадвае нейкія побытавыя рэчы, якія тата рабіў. Слава Богу, ён яшчэ маленькі і не разумее.

— Чым зараз можна дапамагчы зняволеным на Акрэсціна?

— Хіба толькі інфармацыйна: чым больш матэрыялаў, тым большая верагоднасць, што хтосьці адрэагуе і нешта зварухнецца. Заўтра ў Паўла будзе чарговы суд, праваабаронцы неяк даведаліся. Але за што — невядома. Можа быць, хаця б па голасе праз суд па скайпе нешта ўдасца даведацца. Бо сувязі з ім — нуль, ні лісты не праходзяць, нічога.

Варта, каб людзі званілі па розных інстанцыях, дасылалі скаргі ў пракуратуру і па ўсіх магчымых каналах распаўсюджвалі інфармацыю пра тое, што адбываюцца катаванні. Бо мне сказалі, што на Акрэсціна вызвалілі цэлы паверх для «палітычных», і гэта чакае ўсіх, хто будзе туды трапляць. Гэта інфармацыя ад хлопца, які адтуль выйшаў і казаў, што ў Паўла была з сабой сумка. Ён казаў, што выпускалі многіх бяздомных, кагосьці пераводзілі ў ІЧУ, каб вызваліць месца.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: