Лукашэнка гатовы разагнаць парламент?

Заўсёды выступ Лукашэнкі ў парламенце з пасланнем народу і таму самаму парламенту быў нечым цікавы. То пра «Паланэзы» раскажа, то загадае Аршанскі раён падымаць.


Але гэтым разам пасланне было падобнае на перадвыбарчы выступ. У ім не было нічога новага альбо сенсацыйнага (апроч выбараў, канешне). Між тым, з гэтага выступу становіцца зразумела — рэформаў не намячаецца, лепей не будзе.

Цікава, што Лукашэнка пачаў сваю прамову са згадкі Канстытуцыі, якой сёлета споўнілася 25 гадоў. Пры гэтым ён заявіў, што Рэспубліка Беларусь з’явілася амаль 30 гадоў таму. Але «пытанням суверэнітэту і бяспекі не будзе кампрамісаў».

Тэму незалежнасці і суверэнітэту ён згадваў не раз. Прыкладам, адзначыў, што ўжо вырасла моладзь, якая не жыла ў СССР, а іх Радзіма — Беларусь. І тыя, хто думае «здаць» Беларусь, будуць праклятыя сваім народам, а тыя, хто звонку сілай паспрабуюць знішчыць краіну — атрымаюць адказ найперш ад тых, хто вырас ужо ў РБ.

Але лейтматыў выступу быў такім: усе ўмовы для развіцця краіны ўжо створаныя. Астатняе — гэта пытанне дысцыпліны. Мы стварылі ўмовы для малога і сярэдняга бізнеса — але гэты бізнес павінен быць не «мяшочным», а вытворчым. Мы мадэрнізавалі больш за 500 прадпрыемстваў — але Саўмін павінен прыняць дзейсныя захады, каб скасаваць тое, што стрымлівае эканамічны рост.

Пры гэтым трэнд «кошты — занятасць — заробак» актуальны дагэтуль, і ўрад павінен рэгуляваць кошты. «Загуляліся ў рынак», — адзначыў Лукашэнка. Па яго словах, «мы прыкладна дасягнулі заробку ў 500 долараў», але некаторыя да гэтага не дацягваюць. Таму ўраду трэба забяспечыць заробкі і пенсіі. Лукашэнка абрынуўся на «моўную хвалю» — маўляў, у краіне дзве дзяржаўныя мовы, і не трэба «выпінаць» беларускамоўнасць.

З гэтым, канешне, будзе праблема, бо беларускамоўнасць ідзе «знізу», а народную ініцыятыву спыніць складана.

Увогуле, выступ Лукашэнкі быў у такім «агрэсіўна-наступальным» ключы. Карупцыянераў: «саджалі і будзем саджаць». Загад Саўміну — завяршыць мадэрнізацыю НПЗ. Урад жа павінен заняцца і цэнаўтварэннем. Прычым усё — на ўзроўні загадаў і «жэстачайшага» выканання дырэктываў. Нібыта Лукашэнка спрабаваў падкрэсліць сваю значнасць і тое, што ён кантралюе ўсё.

Новыя прадпрыемствы з высокім дададзеным коштам, новыя працоўныя месцы… Але, нібыта Аляксандр Рыгоравіч прачытаў «Новы Час», сказаўшы, што нам не трэба ствараць прадукцыю дзеля прадукцыі, але трэба спачатку думаць, куды, як і за колькі яе прадаць. Мы пра гэта пішам рэгулярна.

Больш цікавыя агаворкі Аляксандра Рыгоравіча. Альбо тое, пра што ён НЕ сказаў.

Лукашэнка ведае пра Курапаты. Кажучы пра грамадзянскую супольнасць, ён сказаў, што гэтая супольнасць павінна «не толькі плакацца, што крыжы знеслі». «Разбярыцеся спачатку, хто іх ставіў і хто ім дазваляў… Ладна, гэта асобная размова» — сказаў ён.

Гэта азначае, што пра сітуацыю і, хутчэй за ўсё, «добраўпарадкаванне Курапатаў» сапраўды выконвалася па яго даручэнні і з яго згоды. Але зараз, загадаўшы на «вялікай размове» разабрацца з Курапатамі, ён не можа «здаць назад». Сітуацыя ў нечым падобная на дэкрэт пра дармаедаў. Тады Лукашэнка таксама зразумеў, што нарабіў нешта не тое, але адмовіцца ад яго — не ў стане. Таму што гэта была яго ініцыятыва, і для гэтага трэба прызнаць сваю памылку, а сам Лукашэнка памыляцца, зразумела, не можа. Таму дэкрэт відазмяніўся да поўнай невыканальнасці.

Падобна, тое ж самае адбываецца з Курапатамі. Але тут, падаецца, улада нічога змяняць не збіраецца, хаця тое, што кіраўнік краіны пра гэта прамовіў — можа быць, і станоўчы знак. Можа быць, пад ціскам цэркваў і грамадскасці, штосьці зменіцца… Хацелася б, каб у лепшы бок.

Журналісты ў прэс-цэнтры парламента. Фота sputnik.by

Лукашэнка, насамрэч, ведае, адкуль сыходзіць пагроза краіне. Кажучы пра «гандлёвыя войны» і санкцыі, ён зазначыў, што «мы нязменна ідзем па курсу да Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС», але нам не трэба інтэграцыя дзеля інтэграцыі. Мы павінны мець нейкі профіт ад гэтай інтэграцыі.

«Некаторыя краіны ўвялі гандлёвыя абмежаванні ў адносінах нават да важнейшых партнёраў, у тым ліку і да Беларусі, вы ведаеце…», — прыкладна так сказаў кіраўнік краіны, пры гэтым ніводнага разу не назваў Расійскую Федэрацыю.

І крыху патроліў сваіх калегаў з Усходу: «Закрыць інтэрнэт — гэта лухта. У інтэрнэце трэба працаваць. Вы там не працавалі, — а ўжо прапануеце ўсё закрыць» (нагадаем, што ў Расіі ў другім чытанні прыняты закон пра «суверэнны інтэрнэт»). Пры гэтым назваў беларускую апазіцыю, якая таксама шырока прадстаўленая ў Сеціве, «дохлай», а галоўную пагрозу ўяўляюць «суседзі, якія нам «дапамагаюць», і тыя, хто прыехаў сюды працаваць, а займаецца іншым. «Мы змагаемся не з тым, з кім трэба. Змагацца трэба з тым, з кім трэба змагацца», — заўважыў Лукашэнка.

Хацелася б думаць, што кіраўнік Беларусі мае на ўвазе «рускі мір». Хаця, галоўная пагроза ў гэтым сыходзіць не з інтэрнэту.

Увогуле, узнікла ўражанне, што ён пазбягае слова «Расія». Ён ніводнага разу не ўзгадаў яе наўпрост — толькі ў адказах дэпутатаў наконт АЭС, расійскага крэдыту на яе і кошту станцыі. А ў выступе, у асноўным, абыходзіўся альбо эўфемізмамі, альбо ўвогуле не згадваў Расію. Бачна, што працэсы «разбежкі» з нашым кшталту «стратэгічным партнёрам» зайшлі даволі далёка. Працу пасла Бабіча ў Сінявокай можна лічыць незадавальняючай.

І, канешне, пра выбары. Усё ж прэзідэнцкая кампанія, па яго словах, пройдзе «ў адпаведнасці з законам» у 2020-м годзе. Наш прагноз, падаецца, не спраўдзіўся. А ў гэтым годзе пройдуць выбары ў парламент. Найлепшы дзень для такіх выбараў, па меркаванні Лукашэнкі, — 7 лістапада, угодкі Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Праўда, кіраўнік краіны зрабіў адну агаворку: «калі гэта дазволіць закон». А закон гэтага наўрад ці дазваляе. Улічваючы, што гэты парламент абраўся ў верасні 2016 года, а тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў — 4 гады, то, выбары дэпутатаў 7 лістапада 2019 года — гэта скарачэнне тэрміну дзейсных дэпутатаў амаль на год. Заканадаўства прадугледжвае вычарпальны спіс абставінаў, калі парламент можа быць распушчаны і прызначаныя датэрміновыя выбары.

Па рашэнні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць спыненыя ў выпадках: адмовы Палатай прадстаўнікоў у даверы Ураду; выразы вотуму недаверу Ураду; двухразовай адмовы ў дачы згоды на прызначэнне прэм'ер-міністра. Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі могуць быць таксама датэрмінова спыненыя на падставе заключэння Канстытуцыйнага Суда ў выпадку сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Рашэнні па гэтых пытаннях прымае прэзідэнт не пазней чым у двухмесячны тэрмін пасля афіцыйных кансультацый са старшынямі палат.

Жадання Лукашэнкі правесці парламенцкія выбары ў 2019 годзе, як бачым, у гэтым спісе няма. Такім чынам, каб у датэрміновых выбараў быў хоць выгляд законнасці, парламент трэба разагнаць.

Але ж мы ведаем, чыё слова роўнае закону і нават вышэйшае за яго.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!