Восем з паловай мільёнаў штрафу за ўлётку

У Мінску асудзілі актывіста Руху «За Свабоду» за пост-выбарчую агітацыю.

Дваццацігадовага Аляксандра Мендэля міліцыянты затрымалі 12 кастрычніка падчас раскідвання ўлётак па паштовых скрынях. У агітацыі ішлося пра фальсіфікацыі падчас выбараў на 108-й акрузе Мінску. Хлопца адвезлі ў пастарунак, канфіскавалі 1640 экзэмпляраў улётак ды інкрымінавалі парушэнне ч.2 арт. 22.9 Адміністратыўнага Кодэксу («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ»).

Александр Мендэль

Адвакат хлопца Людміла Казак лічыць, што ўлётка ні ў якім разе не можа быць кваліфікаваная як перыядычнае выданне. Няма ў ёй ані назвы, ані парадкавага нумару, ані тыражу і г.д. «Для выкарыстання дадзенага артыкула няма аніякіх аснаванняў», – тлумачыць спн. Казак.

Суддзя суду Першамайскага раёну Святлана Чараповіч, тым не менш, палічыла па-іншаму. У выніку хлопец быў пакараны штрафам у памеры 40 базавых велічыняў, што складае 840 рублёў або 8 400 000 па старым курсе. Увесь канфіскаваны тыраж суд прыняў рашэнне знішчыць.

Юрась Губарэвіч

Старшыня Руху Юрась Губарэвіч вырашыў давесці, што лістоўка не злачынства, таму адразу пасля аб’яўлення прысуду пайшоў раздаваць такія ж улёткі ў самім судзе ды на вуліцы. Увесь працэс здымалі на камеру людзі ў цывільным, але абыйшлося без затрыманняў. Ім Губарэвіч таксама прапанаваў азнаёміцца са зместам улётак, тыя тактоўна адмаўляліся.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць