«Вы, народ Беларусі, нагадалі нам, наколькі важныя дэмакратыя і свабода»

Намеснік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бігэн заклікаў вызваліць несправядліва затрыманых і спыніць гвалт, абмеркаваў ролю Расеі і ЗША ў вырашэнні супрацьстаяння і выказаў захапленне мужнасцю беларусаў. Эксклюзіўнае інтэрвію вёў дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.

Намеснік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бігэн ушанаваў памяць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Вільні

Намеснік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бігэн ушанаваў памяць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Вільні


Лукашук: Сп. Бігэн, мінуў тыдзень з вашай паездкі па рэгіёне і выступу ў Вене. У АБСЭ вы заклікалі неадкладна спыніць гвалт супраць беларускага народу і вызваліць несправядліва затрыманых, у тым ліку амэрыканскага грамадзяніна Віталя Шклярава. Як вы ацэньваеце падзеі, якія адбыліся ў Беларусі з таго часу — вы бачыце прагрэс?


Бігэн: Мы не бачым ніякага прагрэсу. І мы абдумваем дадатковыя меры, неабходныя для ціску на ўлады Беларусі, каб былі зроблены крокі, якіх патрабуе ня толькі ўласная Канстытуцыя, звычайная годнасць і справядлівасць, але і абавязанні ўраду Беларусі паводле статуту АБСЭ і Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ААН. Урад Беларусі мае пэўныя абавязанні, якіх ён не выконвае, і міжнародная супольнасць будзе надалей настойваць на іх выкананні.

Я хачу паўтарыць: нашы асноўныя патрабаванні — неадкладна вызваліць несправядліва затрыманых, у тым ліку Віталя Шклярава, якога трымаюць у няволі без усялякіх законных падставаў, а таксама — спыніць гвалт супраць пратэстоўцаў, які мы назіраем, магчыма, ня так драматычна, як адразу пасля выбараў, але апошнімі днямі мы бачым яго ізноў... Прагрэс недастатковы, і мы абмяркоўваем дадатковыя меры ціску, мы працуем над гэтым.

Лукашук: У апошнія гады ЗША намагаліся аказаць падтрымку беларускай незалежнасці. Санкцыі былі прыпыненыя, высокапастаўленыя амэрыканскія дыпламаты наведалі Менск. З ініцыятывы дзяржсакратара Майка Пампэо Беларусь пачала закупляць амэрыканскую нафту. Гледзячы назад, ці не была гэтая палітыка ўлагоджвання адносінаў памылковай? Ці па-ранейшаму ЗША бачаць у Аляксандру Лукашэнку партнэра ў абароне сувэрэнітэту Беларусі?

Бігэн: ЗША ніколі не хацелі канфлікту ці напружанасці ў адносінах зь Беларуссю. На працягу 29 гадоў беларускай незалежнасці, ад яе першых дзён, уключна з высілкамі розных амэрыканскіх адміністрацыяў і маімі асабістымі ў 1990-я, ЗША дамагаліся канструктыўных стасункаў зь Беларуссю. ЗША ніколі не разглядалі Беларусь як поле спаборніцтва паміж Захадам і Ўсходам, і мы не разглядаем яе такім чынам цяпер.

Вядома, мы і нашы эўрапейскія партнэры ў краінах Балтыі, як і Расея, спрабавалі ўцягнуць кіраўніцтва Беларусі ў размову, якая б прывяла да больш стабільнай — і, праўду кажучы, больш справядлівай — сытуацыі ў Беларусі. Гэтыя намаганні на сённяшні дзень ня мелі поспеху. Але, Аляксандар, я хачу падкрэсліць, што ўрад Злучаных Штатаў не імкнецца вызначыць, хто будзе прэзідэнтам Беларусі. Гэта пэўна ня нам вырашаць, гэта ня нашая роля. І мы ўсялякім чынам імкнемся не ператварыць гэта ў спрэчку пра асобаў. Для нас асноўны фактар, які мы падтрымліваем, — гэта права народу Беларусі вызначаць сваю ўладу праз свабодныя і справядлівыя выбары зь незалежным назіраннем.

... Я заклікаю ўсіх і кожнага прачытаць усе 146 артыкулаў Канстытуцыі Беларусі, якія падрабязна і ясна выкладаюць правы і паўнамоцтвы народу Беларусі, што былі яўна парушаныя ўладамі 9 жніўня.

 Цалкам інтэрвью будзе апублікавана на сайце svaboda.org сёння, 2 верасня.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: