«Вы пакараныя, бо ляжалі на нарах удзень»

Сёння а 4-й раніцы наш аўтар і вядомы анархіст Мікалай Дзядок выйшаў на волю пасля 10 сутак на Акрэсціна. Ці змяніліся ўмовы ўтрымання, як ставіліся да яго ў ЦІП, ці адчувалася падтрымка з волі — на гэтыя і іншыя пытанні Мікалай адказаў для чытачоў НЧ.
Мікалай Дзядок з бацькам Аляксандрам Дзядком пад час суда

Мікалай Дзядок з бацькам Аляксандрам Дзядком пад час суда

Мікола, ты не быў на Акрэсціна шмат гадоў, але быў ў іншых месцах зняволення. Ці змянілася штосьці за гэты час, наогул можаш параўнаць умовы?

Пасля суду мяне адразу павезлі ў ЦІП ГУУС. Апошні раз я быў у будынку на Акрэсціна ў 2010 годзе, то бок амаль 7 год таму, калі праходзіў па справе аб падпале расійскай амбасады. Але тады я быў на ІЧУ — там сядзяць падследныя.

На ЦІП за гэты час зрабілі рамонт — усё пафарбавана, камеры прыстойныя, у кранах гарачая вада (такога больш нідзе ў папраўчых установах Беларусі няма).

Але адпаведна з паляпшэннямі жыццёвых умоў, нашмат больш жорсткім стаў рэжым. Няма і гаворкі пра тое, каб камусьці выдавалі настольныя гульні (шашкі, даміно і г.д.). Адключылі радыё. Увесь дзень у камеры мёртвая цішыня, нічога не адбываецца, у многіх проста едзе дах ад гультайства. Да таго ж забараняюць спаць і ляжаць на ложках удзень пад пагрозай таго, што прымусяць вынесці матрацы на прадоле. Але большасць вязняў "забівае" на гэтую забарону, бо, па-першае, матрацы і так дрэнныя, няма вялікай розніцы што на іх спаць што на жалезе. А па-другое, што яшчэ рабіць удзень, калі іншых заняткаў няма?

Ежа па турэмных мерках нядрэнная але яўна не дацягвае да тых 5 еўра ў дзень, якія за яе спаганяюць. Таксама вельмі нязручна па часе даецца. Каля 8 гадзін раніцы — сняданак, у 15-16 гадзін — абед, і праз гадзіну — адразу вячэра. А на другі дзень, як я прыехаў, увогуле пакармілі зранку ў 8 гадзін, а абед прынеслі ў 18.00 разам з вячэрай, наваліўшы ў адну міску, як свінням! Шчыра, я 5 гадоў адкатаўся па турмах і лагерах, але такое бачу ўпершыню!

Аднак чаго чакаць, калі вязні асабліва не абураюцца такому стану рэчаў. Бо кантынгент там збольшага адпаведны — алкаголікі, бамжы, хатнія «байцы» (што сваіх жонак б’юць). Яны больш думаюць аб тым, як перажыць «бадун» і дзе б знайсці пакурыць, а не пра захаванне сваіх правоў.

Дарэчы, курыць на ЦІП у камерах таксама забаранілі. Асабіста для мяне гэта пазітыўная забарона. Аднак усё роўна ў камерах катастрафічна не хапае свежага паветра. Вокны закупораныя наглуха, вентыляцыю ўключаюць, калі захочуць. На просьбу прыадкрыць кармушку, каб хоць трохі свежага паветра ў камеру ішло — звычайна адмаўляюць. Таму мне амаль штодзень балела галава ад духаты.

Вязням кожны дзень павінны прадстаўляць гадзіну прагулкі — гэта прапісана ў распарадку дня. Але на ЦІП прагулка гэта заахвочванне, а не тваё законнае права. Каго хочуць выводзяць (на 15-20 хвілін, не болей), каго не хочуць — не. Калі наша камера патрабавала вываду на прагулку, адказвалі: "вы пакараныя, бо ляжалі на нарах удзень".

— А з кім ты быў у камеры? Быў нехта з затрыманых пад час акцый?

У камеры мяне трымалі са звычайнымі мужыкамі, не палітычнымі. Думаю, гэта было адмыслова зроблена, бо "састаў" некалькі разоў мяняўся, але з палітычнымі я за 10 сутак так і не трапіў. З большасцю прысутных, размаўляць, на жаль, было ні аб чым. Вельмі шмат было хранічных алкаголікаў, якія не ў стане падтрымліваць адэкватную размову, нехта проста "на белым кані" знаходзіўся, размаўляў сам з сабой. Пару раз закідвалі маладых хлопцаў, якія ўжо сядзелі — мы з імі хутка знаходзілі агульную мову і тэму для гутарак. А з астатнімі было цяжкавата камунікаваць.

— Ці адчувалася там, за кратамі, што на волі цябе падтрымліваюць? Ці даходзілі перадачы, паштоўкі?

Падтрымка адчувалася. І ўвогуле адчувалася, што ЦІП у нейкім не зусім штатным рэжыме працуе. Увесь час чуў з "прадола" знаёмыя фаміліі, напрыклад, на адным паверсе са мной сядзелі Алесь Лагвінец і расійскі анархіст Аляксей Паліховіч. Перадачы мне перадавалі толькі ад бацякоў. Не даходзілі і паштоўкі. Прынамсі пра тое, што студэнты ЕГУ даслалі мне шмат паштовак, я даведаўся толькі калі вызваліўся. Вокны маёй камеры выходзілі на уваход да ЦІП, і я чуў, як кагосьці сустракалі: пляскалі ў далоні, крычалі. Гэта вельмі падбадзёрвала.

— А як да цябе ставілася адміністрацыя ўстановы?

Нейкага асаблівага стаўлення адміністрацыі не было, але па мелкіх прыкметах было заўважна, што мяне, канешне, як палітычнага выдзяляюць з агульнай масы — больш ветліва размаўляюць, не лічаць апрыёры за нейкага неадэквата. Ніякіх паблажак ці накшталт таго не рабілі, але глядзелі, так бы мовіць, іншым позіркам і гэта было адчувальна.

— Скажы, калі ласка, навошта ты прыехаў з Вільні на акцыю? У цябе ж былі заняткі ў ЕГУ і, так бы мовіць, уважлівая прычына не прыязджаць у Мінск. Было ж зразумела, што цябе хутчэй за ўсё затрымаюць.

Я не мог не прыехаць. І перш за ўсё па маральна-этычных прычынах. У гэтым кроку было больш не ад палітычнай мэтазгоднасці, а ад пачуцця самапавагі. Мяне раз'юшыла тое шалёнае запужванне, якое пайшло перад акцыяй: гэты масавы прэвентыўны хапун, запалохванне баевікамі, абмежаванні ў інтэрнатах студэнтаў, аўтаматчыкі на Кастрычніцкай... Як быццам над усёй краінай стаіць мент, топча яе ботам, размахвае дубінкай і з чырвоным тварам раве: "ТОЛЬКІ ВЫСУНЬЦЕСЯ!!!". І большасць схіліла галовы, не высоўваецца. Гэта агідна назіраць. І я паехаў назло гэтаму запалохванню, каб адчуваць сябе чалавекам, а не часткай статку, якім можна кіраваць пугай.

Вялікую ролю згуляла таксама затрыманне маіх паплечнікаў 15 сакавіка. Было бачна што стаіць мэта ўсіх анархістаў нейтралізаваць да 25-га.

Аднак паўтаруся, калі б не гэтыя вар'яцкія запалохванні, нагнятанне атмасферы істэрыі, то, пры іншых роўных умовах, я б можа і не паехаў. Я выдатна ведаў, што ніякай рэвалюцыі ў гэты дзень не будзе, што пасадзяць на суткі і, хутчэй за ўсе, паб’юць. Але мне было лягчэй перацярпець гэта, чым жыць з адчуваннем, што я ў той дзень мог нешта супрацьпаставіць, але прамаўчаў.


Артыкулы Мікалая Дзядка вы можаце прачытаць па спасылцы.
У тым ліку і той, які ён даслаў на Конкурс імя Аляксея Караля: «Дармаедскія» пратэсты і перспектыва Майдану 
Калі гэты артыкул вам спадабаўся і вы лічыце Мікалая годным перамогі на конкурсе, калі ласка, прагаласуйце за яго.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: