Выбараў няма, а выбарчы — ёсць

Аднаму беларускаму кодэксу — 20 гадоў. Які шлях прайшоў ён за час свайго існавання і як гэта адбілася на беларусах?


Выбарчы кодэкс быў прыняты толькі 11 лютага 2000 года. Да таго часу правядзенне выбараў і рэферэндумаў, якіх у гісторыі незалежнай Беларусі адбылося багата, рэгулявалася асобнымі законамі. У пэўным сэнсе ўніфікацыя заканадаўства, стварэнне адзінага падрабязнага дакумента, безумоўна, патрэбныя. Але ці стаў гэты дакумент дастатковым падмуркам для таго, каб выбары праходзілі празрыста і дэмакратычна?

Як бы ні жадалі, пэўна, асобныя прадстаўнікі ЦВК, Беларусь не магла цалкам ізалявацца ад міжнародных прававых нормаў ва ўласным выбарчым заканадаўстве. Усё ж ціск еўрапейскай супольнасці патрабаваў прыгожых словаў і фармулёвак. А беларуская рэчаіснасць з няўрымслівымі апазіцыйнымі палітыкамі вымагала пакідаць сабе прастору для манеўру. Таму ў Выбарчым кодэксе даволі шмат нюансаў, якія ў залежнасці ад ракурсу падачы на выбарчым участку могуць зайграць рознымі фарбамі.

Кодэкс рэгулюе ўсе аспекты правядзення выбараў і адлюстроўвае змены заканадаўства. За час яго існавання было прынята шмат правак і ўдакладненняў. Вось спіс законаў, паводле якіх адбывалася рэфармаванне кодэкса: Закон Рэспублікі Беларусь ад 4 ліпеня 2000 г. № 406-З; Закон Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2003 г. № 183-З; Закон Рэспублікі Беларусь ад 6 кастрычніка 2006 г. № 166-З; Закон Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 г. № 99-З; Закон Рэспублікі Беларусь ад 8 лістапада 2011 г. № 309-З; Закон Рэспублікі Беларусь ад 25 лістапада 2013 г. № 72-З; Закон Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 2015 г. № 268-З.

Можна заўважыць, што праўкі пачалі ўносіць ўжо праз паўгода пасля выхаду кодэкса і нават пры адсутнасці ў гэты перыяд выбараў. Першая рэдакцыя была даволі «сырой» — напрыклад, стваральнікі не прадугледзелі... назіральнікаў!

Далейшыя змены былі звязаныя з падзеямі чарговых выбараў і тым, што прадстаўнікі ЦВК улічвалі, з аднаго боку, свае слабыя моманты, якімі карысталіся апазіцыйныя кандыдаты, а з іншага — «надакучлівыя» рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, Савета Еўропы і іншых міжнародных структур (якія, дарэчы, дагэтуль з’яўляюцца і з’яўляюцца; чарговыя, па выніках выбараў мінулага года, будуць апублікаваныя ў хуткім часе).

Асабліва шматлікія змены напаткалі кодэкс на яго дзесяцігадовы юбілей. У першую чаргу гэта адмена жорсткіх абмежаванняў у вылучэнні і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, магчымасць правядзення агітацыйных мерапрыемстваў у паведамляльным парадку, дазвол фінансавання выбараў з прыватных фондаў кандыдатаў, а таксама правядзенне тэледэбатаў. Але разам з тым у новай рэдакцыі кодэкса быў скасаваны парог яўкі на мясцовыя выбары — гэта спрасціла для ўладаў магчымасць заўжды абвяшчаць, што зусім непапулярныя ў насельніцтва выбары адбыліся. Іншыя прагрэсіўныя новаўвядзенні разбіліся аб жорсткую рэчаіснасць. Прэзідэнцкія выбары і разгон масавага пратэсту ў снежні 2010 года яскрава прадэманстравалі: кодэкс — кодэксам, а жыццё — жыццём.

Плошча-2010

Плошча-2010

Тады ж, у 2010-м, кодэкс змяніў парадак фарміравання выбарчых камісій, якія цяпер мусілі складацца з прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў як найменш на траціну. На словах гучыць прыемна, а на практыцы ў камісіі папросту ўключаюцца прадстаўнікі марыянеткавых партый і ГА. Сябры апазіцыйных партый у камісіі амаль ніколі не трапляюць. І ўвогуле фарміраванне выбарчых камісій дэ-факта — гэта проста запіс чальцоў аднаго працоўнага калектыву пад выглядам прадстаўнікоў розных арганізацый ці звычайных грамадзян. Выбарчым кодэксам гэта катэгарычна забаронена, але дакумент не ўтрымлівае прапісанай працэдуры прадухілення такога злоўжывання. Хаця любы назіральнік на ўчастку вельмі хутка заўважае, як блізка знаёмыя паміж сабою чальцы камісіі.

Падчас выбарчай кампаніі 2012 года пэўныя апазіцыйныя сілы знялі сваіх кандыдатаў перад самымі выбарамі і агітавалі за байкот, а прадстаўнікі гэтых партый пры ЦВК давалі міжнародным місіям назірання тлумачэнне і абгрунтаванне гэтаму кроку. ЦВК моцна раззлаваўся. Так што на старонках абноўленага ў 2013-м кодэкса знайшла сваё месца забарона агітацыі за байкот, а таксама было выключана палажэнне пра «членаў ЦВК ад апазіцыйных партый з правам дарадчага голасу».

У важных сутнасных момантах кодэкс дагэтуль утрымлівае такія фармулёўкі, якія не абараняюць волевыяўленне грамадзян і спрыяюць самаўпраўству камісій. Напрыклад, назіральнік не мае права перашкаджаць працы камісіі. Пад перашкоду працы патрапляюць любыя дзеянні, накіраваныя на выкрыццё фальсіфікацый: ад спробы рабіць фота і відэа падліку галасоў да хапання за рукі «карусельшчыкаў» нават па-за межамі ўчастка. Кодэкс таксама не ўтрымлівае дакладнага падрабязнага апісання працэдуры падліку галасоў, абмяжоўваючыся лаканічным «парадак падліку вызначае старшыня камісіі».

Падлік галасоў у Глуску ў 2016-м. Фота elections2016.spring96.org

Падлік галасоў у Глуску ў 2016-м. Фота elections2016.spring96.org


І гэта адзін з трох кітоў, на якіх галоўным чынам і трымаецца ўся сістэма фальсіфікацый беларускіх выбараў. Сапраўды, як можа не перамагчы патрэбны ўладзе кандыдат, калі дэ-факта назіральнікі не маюць аніякай магчымасці пракантраляваць змест бюлетэняў? Шматлікія апеляцыі дэмакратычных сіл да прынятай у іншых краінах практыкі ні да чаго не прывялі. Нядаўняя спроба былой дэпутаткі Ганны Канапацкай унесці заканадаўча ў кодэкс норму аб празрыстым для назіральнікаў падліку галасоў скончылася няўдала.

Іншыя два «кіты» — датэрміновае галасаванне працягласцю ў пяць дзён і сама па сабе мажарытарная сістэма выбараў. І Лідзія Ярмошына асабіста, і іншыя прадстаўнікі ЦВК неаднаразова настойвалі, што рэформы па змене гэтых практык — адмова ад датэрміновага галасавання і пераход да прапарцыйнай сістэмы парламенцкіх выбараў — занадта грунтоўныя, Беларусь да іх яшчэ не гатовая. Маўляў, адной толькі перадрукоўкай Выбарчага кодэксу такія змены не здзейсніць. Тут нам адначасова і хлусяць, і не.

Глядзіце таксама:

Чаму студэнты галасуюць датэрмінова


Безумоўна, пры вялікім жаданні ўладаў любую прапісаную норму можна на справе абысці, проста на гэта спатрэбіцца больш высілкаў. Чым больш дасканалая норма заканадаўства, тым больш відавочным будзе яе парушэнне. У асноўны дзень на выбарчых участках і так дамалёўваюць яўку: зрабіць гэта без датэрміновага галасавання будзе цяжка, але магчыма. Забяспечыць абранне ў парламент толькі прадстаўнікоў патрэбных квазіпартый пры напрацаваных ужо механізмах прапаганды і амаль цалкам знішчаным іміджы апазіцыі таксама не ўяўляецца неверагодным.

Але пакуль улады трымаюцца за звыклую практыку і не ўводзяць у Выбарчы кодэкс нормы, якія прымусяць напружвацца ў фальсіфікаванні выбараў яшчэ больш. Калі ж мы кажам пра інтарэсы грамадства, зразумела, што рэальныя рэформы адбудуцца толькі пры палітычнай волі да гэтага. Замацаваць іх у кодэксе сапраўды не складана, але зрабіць так, каб у жыцці яны працавалі для грамадзян, немагчыма праз адзін толькі надрукаваны ў тыпаграфіі новы тэкст дакумента.


Дык ці патрэбны нам гэты незразумелы дакумент, калі, здаецца, ён паляпшае жыццё толькі ўладным фальсіфікатарам, а не простым беларусам? І тут справа сапраўды не ў тым, як і што напісана ў кодэксе. Дасведчаныя ў працы на выбарах прадстаўнікі дэмакратычных сілаў адзначаюць, што наша выбарчае заканадаўства само па сабе даволі някепскае і цалкам дазваляе правесці дэмакратычныя празрыстыя выбары.

Нават у дэмакратычных дзяржавах трапляюцца размытыя фармулёўкі заканадаўчых нормаў, прымяненне якіх цалкам залежыць ад традыцыі. Там, дзе людзі дбаюць пра свае правы, яны звычайна кіруюцца сумленнем і здаровым глуздам у выкананні законаў, і гэта дазваляе прымусіць любы недасканалы дакумент працаваць на карысць, а не на шкоду. Аўтар гэтых радкоў бачыла выбары ў дэмакратычных краінах — Вялікабрытаніі, Чэхіі, Чарнагорыі — і ведае, наколькі лагічна дзейнічаюць грамадзяне: і камісіі, і назіральнікі, і кандыдаты, якія жадаюць дабра і развіцця сваёй краіне.

Зрэшты, і тым, што маем, варта карыстацца. А для гэтага падумаць, што дазваляе нам Выбарчы кодэкс і як прымусіць яго працаваць на нас. Напрыклад, узяць слабае месца выбарчых сістэм усіх постсавецкіх краінаў — норму пра таямніцу галасавання. Праблема абумоўленая тым, што пры СССР волевыяўленне грамадзян кантралявалася. Краіны абыходзілі гэтую заганную практыку на шляху да дэмакратыі па-рознаму.
Ва Украіне, дзе пашырана набыццё галасоў, пры якім выбаршчык фіксуе бюлетэнь для справаздачы, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Таямніца галасавання з’яўляецца абавязкам. Гэта, дарэчы, спрацавала супраць дзейснага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, які паказаў запоўнены бюлетэнь прэсе і атрымаў штраф за парушэнне парадку агітацыі акурат у дзень свайго абрання.

У Беларусі таямніца галасавання пакуль з’яўляецца правам, а не абавязкам грамадзяніна, што дазваляе пафантазаваць: а вось калі хаця б на нейкім асобным выбарчым участку грамадзяне, канчаткова напляваўшы на несумленныя камісіі, што не лічаць галасы, усе і салідарна прадэманструюць свае «птушачкі» незалежным назіральнікам перад апусканнем у скрынку, а лепш на фотакамеру… Але пакуль гэта застаецца фантазіяй.


Што Выбарчы кодэкс адзначыў годна, дык гэта 19-годдзе: з’явілася яго беларускамоўная версія. Здаецца, пры ўсіх недахопах, якія мы маем з правядзеннем выбараў, такая змена ні на што не можа сутнасна паўплываць. Але выпадкі з нядаўнім галасаваннем паказалі: прадстаўнікі камісій, якія ўсё ж на час выбараў увасабляюць дзяржаву, не толькі не валодаюць адной з дзяржаўных моваў, але нават не пазнаюць яе.

У гэтым сэнсе і простае абавязковае забеспячэнне камісій беларускай версіяй кодэкса можа стаць той кропляй вады, што точыць камень. Як гаворыцца, сёння яны проста паглядзяць на вокладку дакумента па-беларуску, назаўтра ад няма чаго рабіць (падчас датэрміновага галасавання на ўчастках сапраўды сумна) пагартаюць яго крыху. А там і глядзіш, на паслязаўтра пачне прачынацца сумленне. Праз беларускую мову да грамадзянскай свядомасці — чаму б і не?


Хочацца спадзявацца, што сама практыка правядзення выбараў усё ж зменіцца незалежна ад кодэкса, і да беларусаў вернецца скрадзены ў іх дэмакратычны інстытут. Але без нашай смеласці і руплівай працы гэтага не адбудзецца ніколі. Таму варта не спыняцца і выкарыстоўваць любыя магчымасці, крэатывіць, аналізаваць, распрацоўваць прапановы, дабівацца хоць нейкіх зменаў і ў заканадаўстве, і на практыцы. А дакумент дапісаць паспеем заўжды.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: