Выбары–2006: па правілах і без…

Самай трагічнай старонкай гэтай кампаніі сталі падзеі 25 сакавіка, калі была жорстка разагнаная калона дэманстрантаў, якую Казулін павёў з плошчы Парыжскай Камуны на Акрэсціна, каб падтрымаць затрыманых у ноч з 23-га на 24 сакавіка. На плошчы Багушэвіча шматтысячную калону акружыў і брутальна разагнаў спецназ.

19 сакавіка. Фота Reuters

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 16 снежня 2005 года прызначыла дату чарговых прэзідэнцкіх выбараў на 19 сакавіка 2006-га. На такую важную электаральную кампанію адводзілася ўсяго тры месяцы.

Такім чынам Аляксандр Лукашэнка, які атрымаў права балатавацца на наступны тэрмін па выніках рэферэндуму 17 кастрычніка 2004 года, вырашыў апярэдзіць магчымых канкурэнтаў, унесці ў іх шэрагі смуту і атрымаць перамогу адным кароткім ударам.

На адным з выбарчых участкаў. Фота: tut.by

 Без Расіі нікуды

Ніхто не сумняваўся ў тым, што прызначэнне фактычна датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі непасрэдна звязана з візітам Лукашэнкі (днём раней) у Сочы, дзе ён сустрэўся са сваім расійскім калегам. На той час адносіны Мінска і Масквы не набылі востры канфліктны характар, а ў самога Уладзіміра Пуціна, відаць, яшчэ захоўваліся пэўныя ілюзіі на фарсіраванне і паскарэнне беларуска-расійскіх адносін. Яшчэ на папярэдняй сустрэчы ў Сочы 4 красавіка 2005 года два кіраўнікі прынцыпова дамовіліся пра тое, што з 1 студзеня 2006 года на тэрыторыі саюзных краіны ў якасці адзінага плацежнага сродку будзе выкарыстоўвацца расійскі рубель. Таму дабраслаўленне Лукашэнкі на чарговы тэрмін з боку Пуціна шмат у чым было абумоўлена выключна ўтылітарнымі мэтамі апошняга: Крэмль спадзяваўся істотна пашырыць расійскі ўплыў у Беларусі.

З мэтай замацаваць імідж лепшага сябра Расіі Лукашэнка 26 снежня 2005 года даў шырокае інтэрв’ю галоўнаму рэдактару «Российской газеты» Уладзіславу Фроніну (23 лістапада адбылася вялікая прэсавая канферэнцыя беларускага прэзідэнта для СМІ рэгіёнаў Расіі).



Наперад… у мінулае! Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь

Хто новенькі?

Цэнтральная камісія па правядзенні выбараў і рэспубліканскіх рэферэндумаў (ЦВК) 27 снежня 2005 года зарэгістравала 8 ініцыятыўных груп па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў. Да гэтага шэраг вядомых асобаў (Пётр Краўчанка, Наталля Машэрава, Аляксандр Ярашук) заявілі пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, аднак неўзабаве адмовіліся ад іх.

Акрамя Лукашэнкі, ініцыятыўная група якога склала 6 212 чалавек (кіраўнік ініцыятыўнай групы Віктар Шэйман звольніўся 4 студзеня 2006 года з пасады кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, што дзяржаўнымі СМІ было дэманстратыўна паднесена як безумоўная павага да закона), свае групы зарэгістравалі:

Аляксандр Вайтовіч, загадчык лабараторыяй Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі Нацыянальнай Акадэміі Навук (НАН) Беларусі, які ў 2000–2003 гг. быў старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу (1 304 чалавекі; кіраўнік — Валерый Дунаеў);

Сяргей Гайдукевіч, лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (3 073 чалавекі; кіраўнік — Уладзімір Карунас);

Аляксандр Казулін, былы рэктар БДУ, кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) (3 347 чалавек; кіраўнік — Мечыслаў Грыб);

Аляксандр Мілінкевіч, куратар праграм Фонду садзейнічання лакальнаму развіццю (5 135 чалавек; кіраўнік — Аляксандр Бухвостаў);

Зянон Пазняк, лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ (2 366 чалавек; кіраўнік — Сяргей Папкоў);

Сяргей Скрабец, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, кіраўнік некамерцыйнай арганізацыі Дабрачыннага фонду падтрымкі сацыяльных праграм у Беларусі «Светач» (141 чалавек; кіраўнік — Сяргей Галаганюк);

Валерый Фралоў, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, генерал, ваенны пенсіянер (1 151 чалавек; кіраўнік — Ігар Азарка).

Адразу было бачна, што некаторыя кандыдаты не ў стане сабраць неабходную для рэгістрацыі — не менш за 100 тысяч — колькасць подпісаў. Так здарылася з Аляксандрам Вайтовічам, Сяргеем Скрабцом і Валерыем Фраловым. Два апошнія заявілі, што нібыта сабралі неабходную колькасць аўтографаў, аднак лічаць Аляксандра Казуліна больш прымальнай кандыдатурай.

Вельмі цмянымі выглядалі перспектывы ўдзелу ў кампаніі Зянона Пазняка, які пастаянна пражываў за мяжой. Таму прагнозы палітолагаў і экспертаў пра сімвалічнае вылучэнне некалі ўплывовага кіраўніка БНФ спраўдзіліся: неўзабаве Пазняк заявіў, што ўвогуле не будзе здаваць подпісы ў ЦВК.

Такім чынам, змагацца за прэзідэнцкае крэсла павінны былі Сяргей Гайдукевіч, Аляксандр Казулін, Аляксандр Лукашэнка і Аляксандр Мілінкевіч.

Фота: tut.by

«Шэрыя коні»

Што да Гайдукевіча, то гэты палітычны лаўкач наўрад ці ўяўляў сапраўдную канкурэнцыю Лукашэнку і, хутчэй за ўсё, выступаў у якасці статыста. Асноўнымі супернікамі Лукашэнкі лічыліся Казулін і Мілінкевіч.

Вучоны-фізік Аляксандр Мілінкевіч быў абраны ў якасці адзінага кандыдата на Кангрэсе дэмакратычных сіл 2 кастрычніка 2005 года, перамогшы Анатоля Лябедзьку, Сяргея Калякіна і Станіслава Шушкевіча. Раней імя Мілінкевіча было больш вядома ў лакальным — гродзенскім — маштабе. Абранне Мілінкевіча было выклікана, хутчэй за ўсё, жаданнем апазіцыі паказаць выбаршчыкам новы твар, то бок здольнасць змяняцца ў палітыцы. Мілінкевічу былі забяспечаны адносна неблагія рэсурсы: на яго працавалі некалькі партый, а таксама шэраг незалежных устаноў і ініцыятыў.

Безумоўную інтрыгу ў працэс унёс Аляксандр Казулін, у якога былі асабістыя рахункі з Лукашэнкам.

Кар’ерныя амбіцыі Казуліна выявіліся яшчэ ў 1991 годзе, калі ён імкнуўся ўзначаліць міністэрства адукацыі БССР. Аднак камісія Вярхоўнага Савета па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны яму адмовіла. Аднак Казулін усё ж здолеў стаць намеснікам міністра адукацыі ў красавіку 1992 года, а ў маі 1994 года — першым намеснікам міністра.

У жніўні 1996 года Казулін без ваганняў прыняў сваё прызначэнне Лукашэнкам на пасаду рэктара БДУ з асаблівым статусам у рангу міністра. Вылучаючы маладога Казуліна, Лукашэнка, канешне, разлічваў, што вядучая навучальная ўстанова будзе ачышчана ад «нядобранадзейных элементаў». Дзяржава ўсяляк спрыяла БДУ, а Казулін выявіўся як неблагі кіраўнік (на афіцыйным сайце ўстановы Казулін значыцца як «рэфарматар»). Дзякуючы гэтаму ўніверсітэт быў у стане шмат што сабе дазволіць.

Падчас выбарчых кампаній за гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі моладзь заўсёды была аб’ектам ідэалагічнай апрацоўкі. Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь

Лукашэнка асабіста падтрымліваў свайго пратэжэ. Але гэта працягвалася да 9 верасня 2001 года, калі, па выніках прэзідэнцкіх выбараў, у БДУ Лукашэнку падтрымала прыкладна толькі пятая частка студэнтаў і супрацоўнікаў. Адказ з боку кіраўніка дзяржавы быў неадкладным: паводле пункта 3.6 указа №516 ад 24 верасня 2001 года «Аб удасканаленні сістэмы рэспубліканскіх органаў кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падначаленых Ураду» БДУ падпарадкоўваўся Міністэрству адукацыі.

Наўздагон Лукашэнка некалькі разоў публічна раскрытыкаваў Казуліна. Напрыклад, 22 кастрычніка 2001 года пры прадстаўленні Мясніковіча ў якасці новага кіраўніка НАН Беларусі Лукашэнка заявіў, што ў БДУ нібыта дзейнічаюць тэрарыстычныя арганізацыі кшталту «Белага легіёна» «ЗУБРа». На другім з’езде настаўнікаў 3 лістапада 2001 года Лукашэнка шчыра прызнаўся, што не заслужыў ад БДУ такога выніку.

Сам Казулін разумеў сваё хісткае становішча, і спрыяльным выйсцем для апальнага рэктара быў бы пераход на іншую працу. Міністэрства замежных спраў у лістападзе 2002 года прапанавала яго кандыдатуру на пасаду пастаяннага прадстаўніка краіны ў ААН. Аднак Лукашэнка, які крыўдаваў на рэктара, у прызначэнні адмовіў.

Казулін вымушаны быў працаваць у неспрыяльных умовах, але пэўныя вынікі былі: байкерскія сходы, дзейнасць мадэльера Аляксандра Варламава ў будынку ўніверсітэцкага ліцэю, розныя конкурсы і г.д. З цягам часу ўсё гэта стала раздражняць Лукашэнку, які лічыў сябе галоўным ньюсмейкерам у краіне. Апошняй кропляй для кіраўніка дзяржавы стала святкаванне з удзелам БДУ 1 верасня 2003 года Дня ведаў у парку забаваў «Dreamland», куды Казулін прыляцеў на верталёце і спусціўся з яго па лесвіцы.

Цвёрда вырашыўшы пазбавіцца Казуліна, Лукашэнка шукаў толькі зачэпку. І яна знайшлася ў выглядзе крымінальнай справы (Казулін праходзіў у якасці сведкі) раскрадання маёмасці, якое нібыта мела месца на адным з прадпрыемстваў па вырабе каштоўных металаў, падначаленым БДУ. Пры адхіленні Казуліна ад пасады кіраўнік дзяржавы праявіў сапраўднае палітычнае езуіцтва: адпаведны ўказ быў падпісаны ў дзень студэнта 17 лістапада 2003 года.

Мілінкевіч і Казулін. Фота "Rеuters"

Лёс Аляксандра Казуліна, як і многіх іншых высокапастаўленых прызначэнцаў Лукашэнкі, дакладна ўпісваецца ў формулу «трыумф і трагедыя», калі папярэднія заслугі не з’яўляюцца гарантам асабістай бяспекі, а любая ініцыятыва — караецца.

Усе чацвёра прэтэндэнтаў былі зарэгістраваны ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты 17 лютага 2006 года. На ўнікальных кадрах з фільма Юрыя Хашчавацкага «Плошча» добра бачна, як нерваваўся Лукашэнка падчас выступаў Мілінкевіча і Казуліна. Апошні да таго ж прынёс на рэгістрацыю кнігу Алега Алкаева «Расстрэльная каманда».

Малочныя рэкі ў кісялёвых берагах

Перадвыбарчыя праграмы кандыдатаў (па прычыне недапрацоўкі каманды Мілінкевіча яго праграму своечасова не данеслі ў дзяржаўныя СМІ) былі адначасова і рознымі, і аднолькавымі. Яны ядналіся ў тым, што абяцалі якасны прарыў у развіцці краіны і кардынальнае падвышэнне ўзроўню жыцця (у праграме Лукашэнкі «Дзяржава для народа» фігураваў заходнееўрапейскі ўзровень). Праграмы Казуліна і Мілінкевіча адрозніваліся ад праграм Гайдукевіча і Лукашэнкі тым, што там абумоўлівалася неабходнасць падзелу ўладаў, выбарнасць кіраўнікоў у рэгіёнах і ўзмацненне паўнамоцтваў парламента.

Найбольш умеранай была праграма Гайдукевіча «Новая Беларусь — адзінства». Яна канстатавала, што краіна «пробуксовывает», аднак прадугледжвала агульныя захады: развіццё прадпрымальніцтва, рэформу бюджэтнай і падатковай палітыкі, уступленне Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю і інш.

Праграма Казуліна «За краіну! За народ! За цябе!» і Мілінкевіча «Свабода, праўда, справядлівасць» імкнуліся агаліць найбольш балючыя кропкі: кантрактная сістэма, жыллё, зарплаты і пенсіі. Абодва кандыдаты рашуча выказаліся супраць кантрактнай сістэмы, а праблему жылля прапаноўвалі вырашаць з дапамогай іпатэкі. Што да заробкаў і пенсій, то планавалася іх істотнае павелічэнне. Так, Казулін абяцаў да 2011 года падвысіць сярэдні заробак у 4 разы. У Мілінкевіча ж сярэдні заробак увасобіўся ў канкрэтную лічбу — 550 еўра.

 

19 сакавіка 2006 года. Фота "Rеuters"

Вагавыя катэгорыі розныя

У кіраўніка дзяржавы быў неабмежаваны матэрыяльны і адміністрацыйны рэсурс, моцныя сродкі масавай інфармацыі. Своеасаблівай артпадрыхтоўкай стала інтэрв’ю Лукашэнкі беларускім тэлеканалам 27 студзеня 2006 года, у якім прынялі ўдзел самыя адыёзныя прэзідэнцкія паплечнікі: Рыгор Кісель, Юрый Казіятка і Аляксандр Зімоўскі.

Квінтэсенцыяй інфармацыйнай барацьбы, безумоўна, стаў чарговы (трэці) Усебеларускі народны сход 2–3 сакавіка, на якім Лукашэнка ажыццявіў супраць сваіх апанентаў сапраўдную псіхалагічную атаку. Звяртае ўвагу той факт, што сход адбыўся ўсяго за два тыдні да асноўнага дня выбараў, у той час як папярэдні сход у 2001-м — за некалькі месяцаў.

Прапагандысцкі плакат, прысвечаны трэцяму Усебеларускаму народнаму сходу. Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь

Сход, зразумела, зацвердзіў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2006–2010 гады, «цвіком» якой стала падвышэнне заробкаў і пенсій. Сярэдні заробак да 2010 года павінен быў стаць не менш 500 долараў (да канца 2006 года планавалася зрабіць мінімальны заробак ў памеры не менш 200 долараў). Праграма прадугледжавала абнаўленне галін вытворчасці і сельскай гаспадаркі, развіццё сярэдніх і малых гарадоў. Аднак яна мела авантурны характар, бо распрацоўвалася з улікам вельмі нізкіх цэн на расійскія энергарэсурсы.

Улады перастрахаваліся і ў іншых напрамках. І адзін з іх — склад выбарчых участковых камісій, куды прадстаўнікі апазіцыі амаль не трапілі. Так, Аб’яднаная грамадзянская партыя вылучыла 800 чалавек (541 — у Мінску), аднак месца атрымаў толькі адзін.

Спецназ рыхтуецца да разгону. 25 сакавіка 2006 года. Фота Reuters

Традыцыйная роля адводзілася спецслужбам і сілавым органам. Асаблівую актыўнасць праявіў КДБ на чале са Сцяпанам Сухарэнкам, які на прэсавай канферэнцыі 16 сакавіка заявіў, што выкрыта цэлая арганізацыя (незарэгістраванае таварыства «Партнёрства») тэрарыстаў, якая быццам бы планавала сілавы захоп улады (абвяшчэнне перамогі Мілінкевіча праз дадзеныя экзіт-полаў) і дэстабілізацыю абстаноўкі (у тым ліку і з выкарыстаннем пацукоў для атручвання сістэмы водазабеспячэння).

Сілавікі не цураліся і прамых дзеянняў. 2 сакавіка 2006 года пры спробе зарэгістравацца дэлегатам на Усебеларускі народны сход Аляксандр Казулін быў жорстка збіты групай людзей пад кіраўніцтвам сумнавядомага Дзмітрыя Паўлічэнкі.

Што маглі супрацьпаставіць незалежныя кандыдаты? Эфірны час, выдзелены для іх на тэлебачанні і радыё, быў вельмі абмежаваны і нязручны. Па тэлебачанні кандыдаты маглі выступіць з 18 да 19 гадзін, па радыё — з 8 да 9 гадзін, то бок, калі асноўная маса выбаршчыкаў едзе дамоў з працы альбо збіраецца на яе.

Па тэлебачанні Казулін імкнуўся быць больш пераканаўчым, выкарыстоўваючы тыя метады, якія называюцца папулісцкімі: фамільярны зварот да Лукашэнкі на «ты» і пытанне наконт грошай: «Дзе грошы, Саша?», разарванне нумара «Советской Белоруссии»…

У актыве апазіцыі таксама быў інтэрнэт, рассылка смс-паведамленняў і, канешне, вулічны пратэстны патэнцыял, які планавалася рэалізаваць на сталічнай Кастрычніцкай плошчы ўвечары 19 сакавіка 2006 года.

Адным са сродкаў ціску на Лукашэнку стаў юрыдычны фактар. Напрыклад, Фралоў і Вайтовіч заклікалі Лукашэнку зняць сваю кандыдатуру, бо рэферэндум 17 кастрычніка 2004 года, які даў магчымасць Лукашэнку балатавацца чарговы раз, на іх думку, быў нелегітымны. Казулін настойваў, каб Лукашэнка падчас перадвыбарчай кампаніі зняў з сабе прэзідэнцкія паўнамоцтвы, як таго патрабуе заканадаўства.

 

На Кастрычніцкай плошчы 21 сакавіка 2006 г. Фота Яўгена Зелянко

У Багдадзе не ўсё спакойна

Афіцыйныя вынікі кампаніі (14–18 сакавіка 2006 года адбылося датэрміновае галасаванне, у якім узялі ўдзел 31,3% выбаршчыкаў) былі наступнымі. З 7 133 978 грамадзян, якія былі ўнесены ў спісы для галасавання, у выбарах узялі ўдзел 6 630 653 чалавек, альбо 92,9%. З іх Лукашэнку падтрымалі 83% (у лістападзе 2006 года на прэсавай канферэнцыі для ўкраінскіх журналістаў Лукашэнка заявіў, што ён фальсіфікаваў (знізіў паказчык) выбары, бо вынік «за» сягаў за 90%), Гайдукевіча — 3,5%, Казуліна — 2,2%, Мілінкевіча — 6,1%. Супраць усіх прагаласавалі 3,5% грамадзян.

На спецыяльнай поствыбарчай прэс-канферэнцыі 20 сакавіка 2006 года Лукашэнка ўпэўнена заявіў, што рэвалюцыя ў Беларусі правалілася (23 сакавіка 2006 года ЦВК адпрэчыла скаргі Казуліна, Мілінкевіча і Беларускага Хельсінкскага камітэта аб прызнанні вынікаў выбараў несапраўднымі). Аднак кіраўнік дзяржавы яўна лукавіў.

Вечарам 19 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы, нягледзячы на шматлікія запалохванні ўладаў, сабраліся дзясяткі тысяч пратэстоўцаў, якія ў ноч на 20 сакавіка стварылі намётавы лагер на знак пратэсту супраць фальсіфікацый выбараў.



Жанчына пранесла на сабе цёплую адзежу. Фота "Reuters"

І хаця колькасць лагеру была невялікай — ад 300 да 400 чалавек, — ён быў сапраўдным галаўным болем для ўлады і адначасова яскравай праявай супраціву і салідарнасці.

Улады хутка зразумелі небяспеку намётвага лагеру (туды наведваліся нават паслы Еўрасаюза) і пачалі рабіць усё для яго лакалізацыі і абмежавання. На грамадзян, якія спрабавалі пранесці пратэстоўцам харчаванне і цёплае адзенне, праваахоўныя органы распачалі сапраўднае паляванне. Дзяржаўныя СМІ ўсяляк імкнуліся дыскрэдытаваць пратэст, сцвярджаючы, што яго ўдзельнікі ўжываюць наркотыкі і алкаголь.

Разгон намётавага лагеру. Фота "Reuters"

Намётавы гарадок стаў для ўладаў і асабіста для Лукашэнкі незвычайнай формай пратэсту, якая, відаць, на нейкі час іх збянтэжыла. Гэта ўскоснае тлумачэнне таго, што намёты былі ліквідаваныя толькі праз некалькі дзён (у ноч з 23 на 24 сакавіка).

Выбары–2006 карэнным чынам адрозніваліся ад папярэдніх 2001 года. У Лукашэнкі з’явіліся супернікі, якія прымусілі яго ўступіць у барацьбу, рабіць пэўныя захады. Выбаршчыкі ўбачылі, што альтэрнатыва палітыцы Лукашэнкі ўсё ж існуе. Ва ўсялякім разе, сітуацыя ў краіне перастала быць застылай.




P.S.: Самай трагічнай старонкай гэтай кампаніі сталі падзеі 25 сакавіка, калі была жорстка разагнаная калона дэманстрантаў, якую Казулін павёў з плошчы Парыжскай Камуны на Акрэсціна, каб падтрымаць затрыманых у ноч з 23-га на 24 сакавіка. На плошчы Багушэвіча шматтысячную калону акружыў і брутальна разагнаў спецназ. Больш за 100 чалавек былі затрыманыя. Хадзілі нават чуткі пра двух забітых. Разам з дэманстрантамі быў затрыманы і Аляксандр Казулін. 14 ліпеня ён быў прыгавораны да 5,5 года турэмнага зняволення. У турме Казулін трымаў 53 дні галадоўкі. Пасля гэтых падзей, названых «джынсавай рэвалюцыяй», ЗША і ЕС увялі санкцыі супраць Беларусі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-03-19 19:17:33
Подпіс пад здымкам № 10: "На Кастрычніцкай плошчы 21 сакавіка 2001 г." А правільна ж "2006 г."