Выбары-2019: «Не менш за 17 тысяч чалавек удзельнічае ў фальшаванні»

Кампанія "Права выбару" правяла прэс-канферэнцыю з нагоды прызначэння электаральнай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў 17 лістапада.

Перад журналістамі выступілі старшыня Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, сустаршыня БХД Вольга Кавалькова, старшыня БСДП Ігар Барысаў, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, старшыня АГП Мікалай Казлоў, а таксама сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Вольга Кавалькова распавяла пра маштабы чарговай кампаніі. Плануецца татальным назіраннем ахапіць выбарчыя ўчасткі 18 акругаў. У межах кампаніі 350 чалавек будзе вылучацца ў сябры камісіі, 2000 — у назіральнікі. Акцэнт будзе рабіцца на ўчастковыя камісіі, каб дамагацца адкрытага падліку галасоў.

Юрась Губарэвіч патлумачыў, навошта праводзіцца кампанія, калі сапраўдных выбараў, паводле апазіцыі, няма: "Рэжым Лукашэнкі спрабуе легітымізаваць уладу ў вачах партнёраў. Адзіная магчымасць, каб паказаць, што Палата не абіраецца народам, — гэта правесці назіранне. Мы мусім задакументаваць факты, якія не дазваляюць прызнаць выбары сапраўднымі. Вылучаем дэмкандыдатаў для таго, каб уладам не давялося фальшаваць безальтэрнатыўныя выбары".

Ігар Барысаў кажа, што легітымізацыі беларускіх парламентарыяў у свеце надаецца ўладамі вялікае значэнне, паколькі ў Палаце прадстаўнікоў амаль 80 камісій, якія накіраваныя на супрацу з парламентамі іншых краін. "У гэтым годзе Ярмошына "прадае" еўрапейскім партнёрам месцы на выбарчых участках для вольнага фатаграфаваня. Але як і раней не прадугледжана галоўнае — дэманстрацыя і агалошванне пазнак у бюлетэнях. Мэта нашай кампаніі зафіксаваць і задакументаваць парушэнні".

Больш катэгарычны Рыгор Кастусёў:

"Сапраўдных выбараў няма. Мы ідзём у кампанію, каб паказаць усяму свету, што ў нас сапраўдных выбараў няма. 80% насельніцтва разумее, што выбараў няма, гэта дзякуючы нашай кампаніі".

Мікалай Казлоў выказаў салідарнасць з пратэстоўцамі ў Маскве, якія змагаюцца за сумленныя выбары, і заявіў, што ягоная партыя будзе дамагацца, калі не змены выбарчага заканадаўства, то хаця б змены правапрымяняльнай практыкі пад ціскам людзей.

Віталь Рымашэўскі заклікаў далучацца да кампаніі нават тых, хто выступае за байкот.
"Мы адзіная кампанія, якая вядзе татальнае назіранне, сёлета на 18 акругах. Заклікаем далучацца да кампаніі назірання. Нават тых, хто выступае за байкот. Наша мэта — дамагчыся сапраўдных выбараў".

Акрамя пяці арганізацый, прадстаўленых сёння на прэсавай канферэнцыі, у кампаніі "Права выбару" таксама ўдзельнічаюць Партыя "Зялёныя", партыя Свабоды і прагрэса і РЭП.

Кіраўнікі кампаніі "Права выбару" заклікаюць усіх далучацца да назірання, каб супрацьстаяць хлусні, афіцыйнай выбарчай сістэмы.

"Не менш за 17 тысяч людзей удзельнічае ў фальшаваннях. Трэба, каб з нашага боку былі прапарцыйная лічбы", — адзначыў каардынатар кампаніі Алесь Сілкоў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!