Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Выдуманая краіна стала адным з гарантаў бяспекі Беларусі

Вучэнні «Захад–2017», актыўная частка якіх пачалася 14 верасня, запомняцца беларусам як ніякія дагэтуль. Інтэрнэт-мем выдуманага Міністэрствам абароны верагоднага праціўніка — краіны пад назвай «Вейшнорыя» — аказаўся надзіва жывучым.


Звычайна такія мемы існуюць не больш за тыдзень і не выліваюцца ў афлайн. Узгадаем хаця б сакральную фразу Лукашэнкі «распранацца і працаваць»: беларусы пафоткаліся аголенымі на працы — і ўсё.

З Вейшнорыяй — не так. Ушлыя камерсанты ўжо гандлююць праз сеціва «картамі вейшнорца» і вокладкамі пашпартоў з сімволікай прыдуманай краіны. А на фестывалі «Lidbeer» нехта нават узняў «вейшнорскі сцяг».

Такая трываласць міфічнай краіны дала падставу некаторым аналітыкам і каментатарам для перасцярогаў. Маўляў, Вейшнорыя — гэта «праект Крамля», каб падзяліць Беларусь і вывучыць тут сепаратысцкія настроі. А ўсе, хто з такім захапленнем гуляецца ў Вейшнорыю, — ледзь не патэнцыйныя сепаратысты. Так што Вейшнорыя — справа небяспечная, якая можа «раздзярбаніць краіну».

Шчыра кажучы, чуць пра тое, што віртуальная дзяржава можа нейкім чынам выліцца ў сепаратысцкі рух, неяк крыху смешна. Па-першае, у нас недастаткова тэрыторыі і насельніцтва, каб узніклі рэальныя праекты адасаблення часткі краіны па нейкай прыкмеце. Па-другое, спрыяе цэласнасці гісторыя Беларусі. Тут, за выключэннем адзінкавых гістарычных інцыдэнтаў, утульна пачувалі сябе ўсе: каталікі і праваслаўныя, габрэі і палякі, мусульмане і рускія. Гэта, бадай, і спаяла насельніцтва краю ў тое, што мы завём «беларусамі», і ў сапраўдную ўнітарную дзяржаву.

Мабыць, таму ў нас не прыжываюцца не тое што віртуальныя, а рэальныя сепаратысцкія рухі. Пасля 2014 года на аматараў «Віцебскай народнай рэспублікі» глядзелі як на блазнаў. Падчас «параду суверэнітэтаў» у пачатку 1990-х некаторыя насіліся з ідэяй Палескай Рэспублікі — дзе яны зараз? Нават трывалыя прыхільнікі ліцьвінства, актыўныя ў інтэрнэт-спрэчках, наўрад ці думаюць пра тое, каб вылучыць куточак краіны ў асобную дзяржаву. Прынамсі, тыя, з кім я стасаваўся, хочуць, каб уся Беларусь звалася «Літвою», а пра сепаратызм размовы не ідзе.

А некаторыя з тых, хто кажа пра «вейшнорскую небяспеку», нават забыліся пра свой удзел і ўхваленне іншага «сепаратысцкага руху».

Памятаеце ініцыятыву 1998 года да 80-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі па атрыманні «Грамадзянства БНР»? Тады слова «сепаратызм» яшчэ не ўвайшло ў палітычны лексікон, але рэальныя людзі запаўнялі рэальныя анкеты на атрыманне гэтага грамадзянства.

Зянон Пазьняк у інтэрв’ю «Нашай Ніве» ў 2002 годзе казаў, што «ў час масавых мерапрыемстваў заявы ў грамадзянства БНР падавалі адразу па дзве тысячы асобаў у дзень». А Вячаслаў Сіўчык, які падчас кампаніі кіраваў рэгістрацыйнай групай, запэўніваў, што да 1999 года на грамадзянства БНР было пададзена 15 тысяч заяваў.

Некаторыя «гарачыя галовы» прапаноўвалі нават усім грамадзянам БНР выехаць у асобна ўзяты раён (памятаю, пра Асіповіцкі) і стварыць там «анклаў Беларушчыны».

Нават гэтая «сепаратысцкая ідэя» не прыжылася. А тут кажуць пра пагрозу віртуальнай Вейшнорыі…

Але ў гэтай віртуальнай краіны ёсць вельмі карысная рэальная каштоўнасць.

Ніхто не будзе адмаўляць тое, што Аляксандр Рыгоравіч — палітык-папуліст, які адчувае настроі народу. Тое, што Вейшнорыя вылезла ў сеціва і, тым больш, у рэал, не можа яго не хваляваць. Увогуле, сітуацыя, калі на вайсковых вучэннях частка (і даволі вялікая) грамадзян падтрымлівае не ўласныя войскі, а «верагоднага ворага» — гэта ўжо падстава занепакоенасці для любога палітыка.

Вейшнорыя паказвае, каго рэальна асцерагаецца актыўнае беларускае грамадства. І гэта не «Лубенія» і «Весбарыя», пад якімі маюцца на ўвазе заходнія суседзі Беларусі.

Менавіта гэтая грамадская думка, якая ўвасобілася ў «грамадзянства Вейшнорыі», не дапусціць таго, што расійскія войскі, як мяркуюць некаторыя, не сыдуць з краіны пасля вучэнняў і асядуць у Сінявокай, стварыўшы тут вайсковыя базы.

Такое ў нядаўняй гісторыі ўжо было. Не далей як тры гады таму не толькі Беларусь была занепакоена стварэннем на тэрыторыі краіны расійскай авіябазы. Гэтаму пытанню незалежныя СМІ, вайсковыя эксперты, палітычныя рухі і грамадскія арганізацыі надавалі шмат увагі, і ў выніку стварылі адпаведную грамадскую думку. Адчуўшы негатыўныя настроі грамадства, Лукашэнка вымушана заявіў, што стварэнне авіябазы з ім ніхто не ўзгадняў і ніякіх дамоўленасцяў на гэты конт няма, не было і быць не магло. Нягледзячы на тое, што расійскія самалёты ўжо атабарыліся на аэрадроме ў Баранавічах, а падрыхтоўка па стварэнні базы ішла аж з 2009 года.

Праект «Вейшнорыя» таксама стварае адпаведны грамадскі настрой, датычны вучэнняў «Захад–2017» і іх магчымых наступстваў. І ў пэўнай ступені сапраўды з’яўляецца засцерагальнікам незалежнасці краіны. Вейшнорыя супраць замежнай вайсковай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі.

Каментаваць