Выкарыстанне пытанняў бяспекі ў гандлі з Крамлём бесперспектыўна

Пазбавіўшыся інструментаў уплыву на расійскае кіраўніцтва, беларускія ўлады вырашылі пусціць у ход свой апошні козыр — пытанні бяспекі. Гэты крок можа прывесці толькі да ўскладнення і без таго няпростых беларуска-расійскіх адносін, лічаць эксперты.
Прымаючы з дакладам аб узаемадзеянні Беларусі і Расіі ў памежных пытаннях старшыню Дзяржпагранкамітэта Анатоля Лапо і дзяржсакратара Савета бяспекі Станіслава Засяя, кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў незадаволенасць аднабаковымі дзеяннямі Расіі на мяжы з Беларуссю, у выніку якіх абмежавана права грамадзян трэціх краін на перасячэнне беларуска-расійскай мяжы. Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў прэтэнзіі наконт недастатковай ваенна-тэхнічнай падтрымкі з расейскага боку і даручыў кіраўніцтву сілавога блока абагульніць і ацаніць садзейнічанне Беларусі Маскве ў пытаннях бяспекі з тым, каб потым выкарыстоўваць гэта ў якасці аргументу на перамовах з Крамлём па пытаннях эканамічных адносін паміж дзвюма краінамі .

«Заявы Аляксандра Лукашэнкі, калі яны пяройдуць у практычную плоскасць, азначаюць страту сферай бяспекі сакрэтнага статусу «свяшчэннай каровы» беларуска-расійскіх адносін, — адзначаецца ў аглядзе «Беларусь у фокусе».

Выкарыстанне пытанняў бяспекі ў якасці інструмента для працісквання эканамічных інтарэсаў Беларусі ў перамовах з Масквой не будзе прадуктыўным, канстатуюць эксперты. Больш за тое, паводле іх прагнозаў, «ёсць верагоднасць распаўсюджвання напружанасці паміж афіцыйным Мінскам і Крамлём ў палітыка-эканамічнай сферы і на двухбаковае супрацоўніцтва ў сферы бяспекі».

У аглядзе згадваецца і пра міжасобасную напругу паміж Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу па пытанні размяшчэння ў Беларусі расійскай авіябазы: апошні раз яны мелі асабістую сустрэчу ў красавіку 2013 года.

«Між тым, у негалосным размеркаванні функцыяналу расійскіх спецслужбаў менавіта ваеннай выведцы адведзена роля асноўнага дэтэктара знешніх выклікаў і пагроз для бяспекі Расеі», — падкрэсліваецца ў аглядзе.


Паводле zautra.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: