Выклікаць пажарных і стаць падазроным у злачынстве

Маладзёны выклікалі МНС на пажар у лесе, але ў выніку трапілі ў міліцыю. Падчас 11-гадзіннага затрымання міліцыянты "абвінавацілі" іх у анархізме, абражалі, пагражалі і незаконна ўзялі адбіткі пальцаў і генетычны матэрыял. Адна з прысутных пры гэтым — Варвара, распавяла НЧ новыя падрабязнасці здарэння.
Варвара Грынюк

Варвара Грынюк

Уся гісторыя адбылася яшчэ 2 верасня. Тады кампанія маладзёнаў, з якіх двое — грамадзяне Расіі і Украіны, гулялі ў лесе і пабачылі, як там палае экскаватар. Яны адразу выклікалі машыну МНС. Аднак першым прыехаў міліцэйскі патруль, які і перапісаў дадзеныя аднаго з прысутных.

Па збегу абставінаў уся кампанія ночыла ў доме таго хлопца. І ўжо ў 6 гадзін ранку на гэты адрас прыехалі міліцыянты, адвезлі ў пастарунак, дзе здзекваліся 11 гадзін. Са словаў саміх маладзёнаў, супраць іх быў прыменены літаральна ўвесь арсенал прыніжэнняў і пагроз. Прытым менавіта экскаватарам міліцыянты, здаецца, цікавіліся найменш. Іх пыталі аб акцыях анархістаў, якія адбываюцца ў Беларусі, задавалі пытанні аб інтымным жыцці, аб палітычных перакананнях, адабралі мабільныя тэлефоны, і ўсё гэта, па словах Варвары, пад няспынны мат, абразы, і пагрозу пасадзіць "на суткі". Іншаземцаў, у сваю чаргу, пыталіся, хто яны і што тут робяць, а за адмовы размаўляць пагражалі пасадзіць на некалькі месяцаў.

Распавядае Варвара Грынюк, студэнтка з Гародні:

— Яны чаплялiся да чорнай вопраткi i татуiровак, пыталiся, чаму мы так выглядаем i спрабавалi дамагчыся таго, каб мы абгаварылi адзiн аднаго. Замежнiкаў лiчылi зусiм ужо падазронымi, таму што яны шмат вандруюць i пры гэтым трацяць мала грошай. Напэўна таму iх i пацягнулi на палiграф, дзе пыталiся наконт iхняй дзейнасцi ў Беларусі i матываў прыезду сюды. Пры тым яны імкнуліся не толькі каб мы расказалі пра кожнага з нашых сябраў: хто ён і якім актывізмам займаецца, але і хацел,і каб мы абвінавацілі адзін аднаго ў падпале таго экскаватара. Мне асабiста старэйшы лейтэнант Марэцкi казаў пацвердзіць ягоныя думкi, што падпал здзейснiлi мае сябры да таго моманту, як я да iх прыехала.

Таксама, па словах Варвары, у іх узялі не толькі адбіткі пальцаў, але і ўзоры сліны, пазногцяў і нават змывы з далоняў.

— А чаму, на ваш погляд, міліцыянты так незвычайна з вамі абышліся? І чаму распытывалі пра актывізм?

— Бо сярод нас быў адзiн анархiст. Астатнiх мiлiцыянты ўжо самi хацелi прыплесцi да гэтага ж.

Дарэчы, ужо на наступны дзень падазронага ў падпале затрымалі. Ім аказаўся 37-гадовы мясцовы жыхар. Вядома, прабачэння ў маладзёнаў ніхто не папрасіў...

— Зараз праз тры месяцы як вы перажываеце тое, што адбылося?
— Дагэтуль перапаўняе абурэнне ад усёй гэтай сітуацыі. Не думала, што на абсалютна роўным месцы можна сутыкнуцца з такім нахабствам, тупасцю і поўнай безадказнасцю.

Варвара кажа, што яны вырашылі не пакідаць усё як есць, а паспрабаваць прыцягнуць міліцыянтаў да адказнасці:

— На сёння напісаны скаргі ва УСБ, УУС і пракуратуру. Паперы з УСБ перанакіравалі ва УУС. Цяпер чакаем афіцыйныя адказы. Следчы Рулько Р.Ч., які цяпер вядзе крымінальную справу ў СК, не даваў апiсваць у пратаколе допыту мноства парушэнняў у РУУС 2 верасня і незаконныя канфіскацыі ДНК, спасылаючыся на тое, што гэта норма і нічога страшнага ў гэтым няма. І толькі адзін з нас трох праз доўгія спрэчкі і адмову падпісваць што-небудзь змог дамагчыся ўнесці ў пратакол усё беззаконне з боку супрацоўнікаў МУС. Дзіўна, што следчы камітэт лічыць нормай ціск і пагрозы ад супрацоўнікаў крымінальнага вышуку тым, хто выратаваў лес ад пажару. Пазней мяне выклікалі ў гродзенскі УУС для тлумачэння сваёй скаргі. Падчас размовы мне далі зразумець, што ўсё, што з намі адбывалася, на іх погляд норма і з'яўляецца прымальным. Таму мы чакаем адказаў і думаем рыхтавацца пісаць скаргі ў вышэйшыя інстанцыі.

— Вы думаеце, гэта дасць плён і дзеянні міліцыянтаў прызнаюць незаконнымі?
— Наконт выдалення ДНК есць спадзяванні. Мы запатрабавалі, каб іх выдалілі з базы, бо яны былі ўзятыя незаконна. Наконт пакарання мiлiцыянтаў — наўрад цi, але любыя дзеяннi лепшыя за бяздзейнасць.

Выглядае на тое, што ў дадзеным выпадку такія паводзіны міліцыянтаў тлумачацца двума фактарамі: па-першае, паспрабаваць "навесіць" злачынства на максімальна зручных элементаў (бо каму ж, калі не анархістам, падпальваць экскаватары ў лесе!), па-другое, скарыстаўшыся магчымасцю, лішні раз аказаць ціск на моладзь, якая, па іх меркаванні, можа быць датычная да анархізму, праз маральнае прыніжэнне і запужванне.

Сумнеўна, аднак, што такая тактыка прынясе плён самім жа міліцыянтам. Калі ў хлопцаў і дзяўчат яшчэ і заставаўся нейкі давер да дзяржаўнай сістэмы  прынамсі, да той яе часткі, якая мусіць тушыць пажары, то зараз ад яго не застанецца і следу. У тым жа кірунку пачнуць думаць і ўсе тыя, хто прачытаў гэтую гісторыю ў СМІ.

Што ж, хай тады не здзіўляюцца, калі ў будучыні на відавочныя злачынствы і незвычайныя здарэнні паведамляць маладыя людзі не будуць. Бо каму ахвота праявіць грамадзянскую свядомасць, а потым адзінаццаць гадзін цярпець здзекі?

Фота Варвары Грынюк

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!