Выжыць нягледзячы ні на што

Эканоміка Беларусі жыве паводле Курта Ванегута, які пісаў, што галоўнае дасягненне чалавецтва ў тым, што, нягледзячы на ўсё самазнішчэнне і самаразбуральнасць, яно «жыве і плануе выжыць надалей». І гэта, пэўна, самы вялікі плюс — як чалавецтва ў цэлым, так і беларускай эканомікі ў прыватнасці.

Што ж да эканамічных вынікаў года — яны не вельмі суцяшальныя. Але калі яны былі суцяшальныя?

Перамовы з Масквой

Глабальная спрэчка Лукашэнкі з Пуціным наконт «падатковага манёўру» Расіі — гэта, бадай, самы свежы прыклад таго, што можна назваць правалам у беларускай эканоміцы.

Канешне, можна шмат казаць пра тое, што Расія ў аднаасобным парадку парушыла «правілы гульні». Па-першае, пералічэнне ў беларускі бюджэт экспартных пошлін на нафту (яны знікаюць з увядзеннем «падатковага манеўру»), прадугледжвалася дамовай пра Еўразійскую эканамічную супольнасць. Па-другое, менавіта па настаянні Расіі стварэнне адзінага рынку энергарэсурсаў было перанесенае «да 2025 года». Каб не гэтае патрабаванне, уступленне ў дзеянне міжнароднай дамовы аб фарміраванні агульнага электраэнергетычнага рынку ЕАЭС павінна было адбыцца ў 2019 годзе — то бок амаль зараз. Пра гэта, у прыватнасці, казаў чалец калегіі (міністр) па энергетыцы і інфраструктуры ЕЭК Таір Мансураў у 2015 годзе.

Можна доўга разбірацца, хто каму вінен, — і гэтым, безумоўна, будуць шмат займацца ў наступным годзе. Але сам факт скандалу прадэманстраваў адно — вельмі вялікую эканамічную ўразлівасць «беларускай мадэлі развіцця». Канешне, некалькі соцень мільёнаў долараў на год на дарозе не валяюцца, але… Пабачыўшы гэтую істэрыю, Расія зразумела, як для нас важныя гэтыя грошы. І ў яе з’явіўся дадатковы рычаг шантажу беларускага кіраўніцтва.

Урад і Румас

У гэтым годзе ў Беларусі змяніўся ўрад — прынамсі, яго эканамічны блок. Кіраўніком ураду быў прызначаны «рыначнік» Сяргей Румас. На яго, як на чалавека з «рыначным» складам мыслення, ускладаліся даволі вялікія надзеі. Аднак яны не спраўдзіліся. «Рыначнікі» на чале з Румасам працягнулі такую заганную практыку, як дзяржпадтрымка стратных прадпрыемстваў (замест іх прыватызацыі), дзяржфінансаванне не менш стратнага АПК, і гэтак далей.

Чаму так адбылося? Проста таму, што эканомікай, як і ўсім у краіне, кіруе не Румас. Ён, на жаль, ператварыўся ў «хлопчыка для біцця», сведчаннем чаму была адносна нядаўняя (напрыканцы лістапада) сумесная справаздача ўрада, Нацбанка і Мінгарвыканкама па папярэдніх выніках 2018 года і планах на 2019-ты. Па словах Лукашэнкі, «урад спрабуе плаўна абысці і праблему неэфектыўных прадпрыемстваў, якую міністры, дый губернатары, прывыклі закрываць бюджэтнымі грашыма», а праца па стварэнні лепшых умоў для інвестыцый «патанае ў агульных развагах і нейкай бюракратыі». Дасталася новаму складу Саўміна і за «атрыманую ў спадчыну ад папярэдняга складу ўрада», «беспрынцыповасць у выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы». У прыватнасці, за ліст ад Сяргея Румаса «з просьбай зняць з кантролю ўсё і ўся, амаль паўсотні даручэнняў як зробленыя, хоць да іх выканання далёка».

Такім чынам, з аднаго боку. Лукашэнка адкідае прапановы Румаса, а з іншага — крытыкуе яго за тое, што ён «нічога не робіць».

Самае вялікае расчараванне — што Румас пры гэтым маўчыць.

«Па пяцьсот»

З аднаго боку, банкаўская сістэма працуе даволі добра. Афіцыйная гадавая інфляцыя амаль на 100 працэнтаў укладзецца ў спрагназаваныя паказчыкі. Курсы валют застаюцца больш-менш стабільнымі — нават калі ўзнікае нейкая турбулентнасць на расійскіх рынках. Улады ўстрымліваюцца ад звыклага нам сцэнару дэвальвацыі, хаця, можа, і хацелася б такім чынам «падняць» экспарт прадукцыі.

Але… Хто цягнуў за язык таго ж Румаса казаць, што «сярэдні заробак у верасні дасягне 1000 рублёў і больш зніжацца не будзе»? У выніку вераснёўскі заробак не вырас, а нават упаў. За кастрычнік Белстат казаў, што намінальны налічаны заробак склаў 999,7 рубля па краіне. Але «намінальны налічаны заробак» — гэта заробак без уліку падаткаў і збораў. Рэальны — ніжэйшы.

Нават калі ўлады дэманстратыўна «нагоняць» тысячу рублёў заробку ў сярэднім у снежні, гэта не будзе лічыцца дасягненнем. Каб мы ў гэта паверылі, такі заробак павінен пратрымацца хаця б паўгода. Ужо былі перыяды, калі ў адным месяцы ён перасягаў запаветныя «пяцьсот», а потым рэзка падаў.

І наўрад ці гэты паказчык будзе дасягнуты ў будучыні. Першы намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў, прадстаўляючы ў парламенце праект закона аб рэспубліканскім бюджэце на наступны год, сказаў, што сярэдні заробак бюджэтнікаў у Беларусі прадугледжаны да 810 рублёў.

Ён гэта прадставіў як «рост заробкаў». Але TUT.BY адзначыў, што ў мінулым годзе ўрад таксама агучваў планы, што да канца 2017 года ў бюджэтных арганізацыях будуць зарабляць у сярэднім па 800 рублёў. У выніку ў бюджэтных арганізацыях намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата ў 2017 годзе склала 618,7 рубля, у снежні мінулага года — 769,4 рубля. Намінальная. Не рэальная.

Няспраўджаныя спадзяванні

Напрыканцы 2017 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў два маштабныя дакументы. Гэта былі дэкрэт №7 аб развіцці прадпрымальнцтва і дэкрэт №8 аб развіцці лічбавай эканомікі. На іх ускладаліся вельмі вялікія спадзяванні, якія пакуль не спраўдзіліся.

Прычым, дэкрэт пра прадпрымальніцтва не спраўдзіўся ў такой ступені, што кіраўнік прадпрымальніцкай арганізацыі «Перспектыва» Анатоль Шумчанка на сустрэчы ў снежні гэтага года заявіў: «Нас мэтанакіравана знішчаюць». І зноў — праблема ў ЕАЭС. Расія не выконвае нормы гэтай арганізацыі — прынамсі, не дае накладных дакументаў. А беларускіх прадпрымальнікаў, якія возяць рэчы з Расіі, прымушаюць такія дакументы мець. Канешне, кантралюючыя органы адмовіліся ад канфіскацыі тавару, але, з-за адсутнасці накладных, пакінулі канфіскацыю ад рэалізаванай выручкі да 50 працэнтаў, кажа Шумчанка. А калі такая накладная не адна?

Акрамя таго, набыла моц пастанова, згодна з якой арандатарам (чытай — камерсантам у любой гандлёвай кропцы) трэба пакрываць, акрамя арэнднай платы і камунальных плацяжоў, яшчэ і незразумелыя «выдаткі на ўтрыманне будынку». Што ў гэтае паняцце ўваходзіць, невядома. У выніку кошт «камуналкі» для прадпрымальнікаў вырас (месцамі, бо кожны вылічвае гэта па-свойму) у 14 разоў, і бізнес-саюзы нават вымушаныя былі звярнуцца з гэтай нагоды ва ўрад і Адміністрацыю прэзідэнта.

Што ж да дэкрэту №8 — Сінявокая думала пра блокчэйн, крыптавалюты, і іншае. Але «крыпта» (як, дарэчы, папярэджвалі многія) сталася «пірамідай», і зараз «майніць біток» (здабываць біткойн), пасля яго падзення на рынках, папросту нявыгадна. За 9 месяцаў 2018 года рэзідэнтамі Парку высокіх тэхналогій сталі каля 200 новых кампаній. Але мы пакуль не бачым іх дзейнасці «ў наяўнасці». Прынамсі, дагэтуль даведку пра заробак у «адно акно» даводзіцца дасылаць поштай (папяровай) ці прыносіць асабіста. З дамовамі і іншымі дакументамі дзяржорганаў — тое ж самае: «Раздрукуйце ў двух экземплярах, падпішыце і прыносьце нам».

Далёка, вельмі далёка нам да лічбавай краіны і галасавання па е-мэйле.

Што спрацавала

А вось што было добра для эканомікі і іміджу краіны — гэта беларускі «бязвіз». Толькі праз Нацыянальны аэрапорт у Мінску без айчыннай візы прайшлі 179 тысяч турыстаў, паведаміў намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Кравец.

Пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін быў уведзены з 12 лютага 2017 года. З 27 ліпеня 2018 года «бязвіз» быў падоўжаны да 30 дзён.

Больш за ўсё іншаземцаў праз Нацыянальны аэрапорт Мінск па бязвізавым уездзе прыехала за гэты час з Германіі — больш за 28 тысяч, з Польшчы — больш за 16 тысяч, Італіі — больш за 15 тысяч, Вялікабрытаніі і ЗША — прыкладна па 12 тысяч.

Бязвізавым уездам у Гродна і ў беларускую частку Аўгустоўскага канала з кастрычніка 2016 года скарысталіся больш за 134 тысячы турыстаў. Белавежскую пушчу і турысцка-рэкрэацыйную зону «Брэст» са студзеня гэтага года наведалі больш за 15 тысяч чалавек.

Гэта паказвае вялікі беларускі турыстычны патэнцыял. І, адпаведна, — грошы і імідж краіны. Аднак пакуль 30-дзённым «бязвізам» можа карыстацца толькі ў Нацыянальным аэрапорце. Чаму так? Незразумела. Але зразумела, што такія варыянты трэба пашыраць.

У цэлым вынік года такі: беларуская эканоміка не жыве — выжывае. Для таго, каб яна жыла, патрэбныя істотныя змены правілаў гульні. І найперш нават не ў эканоміцы — у палітыцы. Патрэбнае прыняцце нармальных зразумелых законаў пра абарону інвестыцый, пра прыватызацыю, пра нармальную судовую сістэму, якая б абараняла інвестараў і прадпрымальнікаў. Патрэбная самастойная дзейнасць урада і, не пабаюся гэтага слова, сапраўдны падзел уладаў на выканаўчую, заканадаўчую і судовую. І трэба ўрэшце неяк злезці з расійскай «нафтагазавай іглы».

Карацей, патрэбныя сістэмныя перамены. Хворага прастудай выратуюць пігулкі, але мы ўжо ў тым стане, што нам дапаможа толькі хірургічнае ўмяшанне.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: