Вынікі сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі: Цэны на газ не мяняюцца, стварэнне адзінага рынку газу адкладаецца на 2023 год

Пасля перамоваў Пуціна і Лукашэнкі, якія доўжыліся 3,5 гадзіны, прэзідэнт Расіі заявіў, што ўзгодненыя ўсе 28 праграм па Саюзнай дзяржаве. Да канца года павінна адбыцца сумесная нарада, на якой гэтыя праграмы будуць узгодненыя.

«Гаворка ідзе пра 28 так званых саюзных праграмах, якія нацэленыя на ўніфікацыю заканадаўства Расіі і Беларусі ў розных галінах эканомікі, на выраўніванне ўмоў дзейнасці гаспадарчых суб'ектаў дзвюх краін, пабудову адзіных фінансавых і энергетычных рынкаў, транспартнай прасторы, фарміраванне і рэалізацыю агульнай прамысловай і сельскагаспадарчай палітыкі. І сёння хацеў бы з задавальненнем адзначыць, што ўзгодненыя ўсе 28 праграм», — сказаў Пуцін.

Пуцін анансаваў падпісанне дакументаў аб стварэнні адзіных энергетычных рынкаў РФ і Беларусі, таксама адзначыў, што цана на энерганосьбіты ў 2022 годзе для Беларусі захаваюцца на ўзроўні 2021 года, а да 1 снежня 2023 года краіны падпішуць дакумент па стварэнні аб'яднанага рынку газу.

Пуцін таксама заявіў, што абмеркаваў з Лукашэнкам фарміраванне адзінай абароннай прасторы РФ і Беларусі і забеспячэнне бяспекі.

Таксама стала вядома, што Расія да канца 2022 года акажа Беларусі крэдытную падтрымку ў аб'ёме 630—640 млн даляраў. І Лукашэнка заявіў, што Беларусь пакуль не збіраецца звяртацца па новыя расійскія крэдыты.

Раней крыніцы РБК паведамлялі, што Беларусь планавала абмеркаваць выдачу крэдыту ў памеры да 3 мільярдаў даляраў.

І Пуцін, і Лукашэнка ў адзін голас гавораць, што адзінай валюты не будзе, але Беларусь і Расію чакае адзіная грашова-крэдытная палітыка: валютнае рэгуляванне, інтэграцыя нацыянальных плацежных сістэм і стварэнне агульнай плацежнай прасторы.

Паводле «Нашай Нівы».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: