Выпаленая зямля, ці Ёсць надзея?

Дзяржаўная палітыка, якая цяпер рэалізуецца, можа займець уласнае азначэнне ў паліталагічнай навуцы — «палітыка вынішчэння». Айчынная асаблівасць — вынішчаецца сваё: гістарычная памяць, бізнес, медыцына...

Фота Арцёма Лявы


Пасля кароткага перадыху ў змаганні з Курапатамі ўлады аднавілі наступ на ўрочышча. Відавочна, кіраўнік дзяржавы ўспрыняў грамадскую актыўнасць па абароне мемарыялу як асабістую абразу і вырашыў раздушыць «ворагаў народа» ды сцерці памяць пра злачынствы камуністаў у Курапатах. Іначай нельга ўспрымаць задуму пабудаваць побач з Курапатамі Нацыянальны выставачны цэнтр.

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы такі цэнтр павінен быць створаны цягам двух гадоў. Пад будаўніцтва ўжо пазначылі кавалак зямлі ў мінскіх ваколіцах побач з «Экспабелам». Як вызначылі журналісты, адзіны магчымы свабодны кавалак зямлі — менавіта той, што месціцца між урочышчам і «Экспабелам». Больш за тое, выдзелены надзел праходзіць наўпрост па «дарозе смерці» — шляху, якім у 1930-я гады небаракаў везлі на расстрэл.

Абаронцы Курапатаў ацанілі гэтае рашэнне як здзек з памяці ахвяраў рэпрэсій і абвясцілі, што будуць усімі магчымымі сродкамі змагацца з будаўніцтвам. Адзін з лідараў КХП-БНФ Алесь Чахольскі распавёў, што ў полі між Курапатамі і «Экспабелам» у будучыні мусіў паўстаць Музей памяці, але ні ў якім разе не выстава трактароў, сабак ці сельгаспрадукцыі.

Рацыянальных прычын будаваць выставачны цэнтр менавіта ля «Экспабела» няма — не самы зручны даезд, лагістыка. Пустуе адпаведны цэнтр у самім Мінску, дый фармат выставаў паціху губляе актуальнасць. Дык навошта? Як трапна выказаўся адзін з колішніх лідараў «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка: «Хочацца пабудаваць толькі там, і няважна што».

Пасля нядаўняга крыжалому, які балюча адгукнуўся ў сэрцах усіх, хто перажывае за Курапаты, многія пачалі параўноўваць Лукашэнку з егіпецкім фараонам са Старога Запавету. Усім вядомая гісторыя, калі габрэі шмат разоў прасілі фараона адпусціць іх з прыгнёту, той жа адмаўляў, станавіўся яшчэ больш жорсткім ды здзяйсняў неадэкватныя ўчынкі. Вынік таксама ўсім вядомы — габрэі ўсё ж атрымалі свабоду, а фараон і яго нашчадак загінулі. Мажліва, будучы гісторыкам па адукацыі, Лукашэнка здолее правесці гістарычныя паралелі і зробіць для сябе пэўныя высновы.

Вайна з памяццю — заведама пройгрышная, але аслепленыя ўладай гэтага не разумеюць і могуць здорава напаскудзіць, чым дададуць пасля працы па прыборцы краіны ад вынікаў 25-гадовага кіравання.

Тым часам айчынныя прадпрымальнікі ўжо зрабілі высновы наконт мэтазгоднасці весці бізнес у беларускіх умовах. Паводле апытання грамадскага аб’яднання «Перспектыва», амаль палова ІП — 46% — гатовыя закрыць бізнес цягам бліжэйшага часу, 40% збіраюцца з’язджаць за мяжу і весці справу там. Амаль усе — 92% апытаных — лічаць, што індывідуальных прадпрымальнікаў проста вынішчаюць як клас. Даследаванне таксама паказала, што малы бізнес старэе — большасці іпэшнікаў ужо за 45 гадоў, а маладыя ісці ў ІП не жадаюць.

Цікава, што 51% жадаючых закрыць бізнес — з Мінску і Мінскай вобласці, хаця жыхары рэгіёнаў часта папракаюць калегаў са сталіцы, што ў Мінску працаваць лягчэй. Цяжка паўсюль — і таму яшчэ напачатку года іпэшнікі па ўсёй краіне збіралі подпісы пад зваротам да кіраўніка дзяржавы. Яны сабралі амаль 7 тысяч аўтографаў, якія перадалі ў Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы — каб арганізаваць сустрэчу, асабіста пагаварыць пра праблемы малога бізнесу. Прайшло паўгода — сустрэча так і не адбылася, нават не прызначаная яе дата. Хатка, хатка, павярніся нарэшце да лесу задам, а да прадпрымальнікаў перадам!

Яшчэ менш аптымістычна ідуць справы ў сацыяльнай сферы, у прыватнасці ў медыцыне. Надзвычайную мужнасць выявіў галоўны лекар Светлагорскай ЦРБ Ігар Таўтын, даўшы інтэрв’ю газеце «Светлагорскія навіны». Крытыкуючы мізэрныя сумы, якія выдаткоўваюцца з дзяржбюджэту на патрэбы медыцыны, ён звярнуўся да прадпрымальнікаў, прадпрыемстваў і гараджан з просьбаю ахвяраваць грошы на адмысловы рахунак, каб шпіталь мог набываць медыцынскае абсталяванне. Бо ва ўсім Светлагорску — толькі 5 апаратаў УГД, але яны ўсе маюць 100% знос. Аўтапарк хуткай медыцынскай дапамогі, што складаецца з 13 аўто, зношаны на 80%.

Відавочна, гэта паказальны малюнак для ўсёй перыферыйнай медыцыны. Тэхніка, якая набывалася альбо дарылася замежнымі фондамі дзесяцігоддзі таму, састарэла, а набыць новую грошай няма. Застаецца ці чакаць, пакуль замежнікі падораць новую, ці прасіць міласціны ў гараджан.

Вось цікава, Мінздароўя не сорамна чытаць такія рэчы? Можа, сорамна супрацоўнікам Вярхоўнага суда, дзе адна жырандоля ў галоўным холе каштуе амаль 200 тысяч рублёў? Калі дадаць яшчэ кошт жырандолі ў залі пасяджэнняў — 40 тысяч рублёў — якраз можна было б набыць у Светлагорскі шпіталь новую лапараскапічную стойку, якая так патрэбная лекарам і пацыентам. А калі б зэканомілі на фантане перад будынкам суда за 600 тысяч рублёў — яшчэ і на 10 новых апаратаў УГД хапіла б.

Чытачы цяпер варожаць, як улады адплацяць галоўнаму лекару за шчырасць: пасадзяць у турму ці проста звольняць. Варыянт, што лякарні выдаткуюць сродкі на набыццё новай тэхнікі, ніхто і не разглядае. Такая ў нашых чыноўнікаў рэпутацыя.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!