З’езд БНФ: Кастусёва старшынёй партыі, Янукевіча — у прэзідэнты

Васямнаццаты з’езд легендарнай партыі прайшоў без эксцэсаў, дзелавіта і з гумарам, а інтрыга са старшынствам вырашылася максімальна прадказальна. Кола на старшынства звузілася пасля таго, як Лялькоў зняў сваю кандыдатуру на карысць Дамаскінай, а Астроўскі намякнуў, што не прэтэндуе на пасаду.


Напярэдадні з’езду, які прайшоў у мінскім Палацы мастацтваў, было заяўлена пра 192 дэлегаты. Насамрэч прымалі ўдзел у галасаванні каля 160-ці. Прысутных на пачатку прывітала дэпутатка Алена Анісім, пажадаўшы фронтаўцам надалей адстойваць ідэалы БНР, а таксама старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла (праўда, дыстанцыйна – лістом), нагадаўшы, што менавіта БНФ стаяў ля вытокаў аднаўлення незалежнасці Беларусі.



Падчас справаздачнага выступу Аляксей Янукевіч абрынуўся з крытыкай як у бок апазіцыі, назваўшы кампанію “Гавары Праўду” «апартуністамі без каштоўнасцяў», так і ў бок Еўропы, прайшоўшыя па «брусэльскіх функцыянерах». Фраза Янукевіча наконт таго, што БНФ пакінуў «парослую цінай гавань апазіцыйнага міжсабойчыка» сарвала апладысменты залі.

Youtube-канал, айці-кампанія і Маргарэт Тэтчэр

Галоўнай інтрыгай з’езду, безумоўна, было старшынства ў партыі: пасля двух тэрмінаў, прабыўшы на гэтай пасадзе 8 год Аляксей Янукевіч непазбежна мусіў сыйсці. Хто ж замест яго? Сярод найбольш верагодных “гульцоў” называліся Рыгор Кастусёў, Вольга Дамаскіна, Ігар Лялькоў, Васіль Астроўскі, таксама фігуравалі прозвішчы Таўстыкі, Дабратвора і Страха.

Алесь Таўстыка

Алесь Таўстыка


Выступы кожнага з кандыдатаў у нечым былі да болю падобныя: казалася пра незалежнасць, нацыянальныя каштоўнасці, расійскую пагрозу, мову ды культуру. Былі, праўда, і адступленні.

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў


Напрыклад, Рыгор Кастусёў нечакана паабяцаў ажывіць Youtube-канал БНФ, Дабратвор прапанаваў перабудаваць партыю на манер айці-кампаніі, Дамаскіна цытавала Маргарэт Тэтчэр: «Калі хочаце, каб нешта сказалі, клічце мужчыну, калі хочаце, каб зрабілі — жанчыну».

Былі і зусім экстравагантныя выступы: былы вайсковец-марак з прозвішчам Страх распавядаў дэтэктыўныя гісторыі са свайго жыцця з пагонямі, нямецкай турмой, перасячэннем межаў і г.д. Таўстыка вынес на трыбуну сцяжкі Еўрасаюзу і ЗША ды прапанаваў “Фронтаўскі мемарандум” у абарону незалежнасці, напісаны па аналогіі з Будапешцкім мемарандумам, які гарантуе цэласнасць межаў краінаў Еўропы, паўстаўшых пасля падзення СССР.


«Абяцаю працаваць закатаўшы рукавы»

Кола на старшынства звузілася пасля таго, як Лялькоў зняў сваю кандыдатуру на карысць Дамаскінай, а Астроўскі празрыста намякнуў, што таксама аддасць ёй свой голас і сур’ёзна не прэтэндуе на крэсла старшыні партыі.

Пасля падліку галасоў пераможцам, які набраў больш за 100 галасоў, апынуўся Рыгор Кастусёў. «Абяцаю працаваць закатаўшы рукавы і ад вас буду патрабаваць таго ж самага», — заявіў сп. Рыгор пасля абрання. Сама цытата адразу ж нагадала некаторым гасцям аналагічную рыторыку іншага ўраджэнца Шклоўшчыны — сучаснага кіраўніка Беларусі.

Намеснікамі Рыгора Кастусёва сталі Аляксей Янукевіч, Зміцер Салошкін, Вадзім Саранчукоў, Юрась Лукашэвіч і іншыя. Канкурэнты Кастусёва ў спіс намеснікаў не трапілі.

Ракіроўка Кастусёва і Янукевіча

Ужо пад занавес з’езду прайшло яшчэ адно, не менш важнае, галасаванне: партыя вырашала, хто ж пойдзе ад яе на наступныя прэзідэнцкія выбары. Справа ў тым, што на выбарах 2010 году БНФ прадстаўляў Рыгор Кастусёў, але ўжо ў 2015-м кіраўніцтва партыі падтрымала Таццяну Караткевіч, што было ўспрынята самімі фронтаўцамі досыць неадназначна: новую “Караткевіч” у 2020-м, відаць, ніхто падтрымліваць не хацеў, кандыдат меўся быць свой, партыйны.

Пасля працяглых спрэчак і дыскусіяў пра саму працэдуру падобнага галасавання і наогул пра яго патрэбу, быў вылучаны шот-ліст фронтаўцаў, якія маглі б балатавацца на найвышэйшую ў краіне пасаду. У выніку, нечакана перамог Аляксей Янукевіч і… Юрась Зянковіч, амерыканскі адвакат і дзеяч беларускай дыяспары ў Штатах.

Партыя мае да вясны вызначыцца, хто ж менавіта пойдзе ад БНФ у прэзідэнты, хоць канчатковы выбар, імаверна, ужо і так не для каго не з’яўляецца таямніцай – гэта будзе Аляксей Янукевіч. Атрымліваецца, што Янукевіч з Костусевым фактычна зрабілі ракіроўку: колішні лідэр партыі ідзе ў прэзідэнты, а колішні кандыдат стае лідэрам партыі.

“Прывід” Зянона і пах вайны

На з’ездзе было яшчэ багата чаго цікавага. Напрыклад, Вячаслаў Сіўчык пужаў прысутных Трэцяй Сусветнай, якая мае пачацца нібыта ў 2020-м годзе, а таксама выступіў з радыкальнай крытыкай “ліцвінства”. У адказ святар Беларускай аўтакефальнай царквы Леанід Акаловіч выступіў у якасці адваката “Вялікалітвы”: «Мы, ліцвіны, на Масковію не працуем. Жыве Літва-Беларусь і хай трапешчуць нашы ворагі!»

Прывід вайны нейкім неверагодным чынам вітаў у залі, пра яго казаў таксама фронтавец Юшчук: «Краіна стаіць на парозе вайны. Большасць з вас — вайсковаабавязаныя. Магчыма, неўзабаве прыйдзецца выбіраць, на чыім баку вы будзеце!»

Яшчэ адным, але ўжо больш традыцыйным, “прывідам”, які трапіў у залю апынуўся Зянон Пазьняк. Ягоную старую цытату згадаў Станіслаў Суднік, агітуючы фронтаўцаў далучацца да ТБМ: «Кожны сябар БНФ мае быць і сябрам ТБМ!».

Большасць прысутных апынуліся людзьмі старэйшага за сярэдні ўзросту, пры гэтым на апошніх шэрагах тулілася і моладзь: дзяўчаты часам сядзелі ў хлопцаў на каленях, калі не хапала месцаў, узіраліся ў экраны смартфонаў, пры гэтым, спраўна галасавалі ды пляскалі ў далоні пасля ўдалых выступаў.


На з’ездзе таксама быў прыняты галасаваннем новы склад Сойму партыі ды некалькі рэзалюцыяў, у тым ліку за святкаванне ў наступным годзе 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Фота Паўла Аксіновіча


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!