Сяргей Нікалюк: За 10 месяцаў да выбараў. Што маем?

Палітолаг Сяргей Нікалюк аналізуе, у якім стане за 10 месяцаў да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі знаходзяцца апазіцыя і беларускае грамадства.



Сяргей Нікалюк


Да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія плануецца правесці не пазней за 15 лістапада, застаецца дзесяць месяцаў. Што на сёняшні дзень мае ў сваім актыве апазіцыя? Якія настроі ў грамадстве? Пра гэта Сяргей Нікалюк распавёў "Радыё Рацыя".

— Што датычыцца беларускай апазіцыі, то мне здаецца, што сёння яна нічога не мае. Як і год, і дзесяць гадоў таму. І яна не можа нічога мець, бо праблема супрацьстаяння з аўтарытарнай уладай – гэта ў першую чаргу праблема грамадства. Наша грамадства зараз знаходзіцца ў стане палітычнай спячкі, таму і апазіцыя ніякіх сваіх задач вырашыць не можа. Калі грамадства спіць, гэта азначае, што ў краіне няма палітыкі. Якія тут могуць быць палітычныя задачы? Мы ж бачылі падзеі ва Украіне. Хто быў іх галоўным суб’ектам? Людзі, грамадства. А ў Беларусі хіба народ знаходзіцца ў тым стане, каб выступаць у ролі суб’екта? На мой погляд – не.

— Атрымоўваецца, што беларускі народ усім задаволены?

— У гэтым выпадку нельга ўвесь народ аб’ядноўваць у адно слова, бо грамадства ў краіне расколатае на большасць і меншасць. Большасць – гэта людзі без асабістых рэсурсаў. Сталыя, без адукацыі, тыя, хто жыве ў сельскай мясцовасці. Яны не могуць выжыць без дзяржаўнай падтрымкі. Але ёсць і актыўныя людзі, якія могуць самастойны выбудоўваць сваё жыццё. Што не задавальняе народ? Большасць можа не задавальняць тое, што дзяржава ім мала раздае “пернікаў”. І што? Яны будуць ціха абурацца на кухні. Меншасць можа не задавальняць тое, што ў такой сістэме эканомікі ім складана рэалізавацца. Але ж гэта таксама не азначае, што іх незадавальненне можа перайсці ў нейкае дзеянне. Таму незадавальненне нечым і гатоўнасць да дзеянняў – гэта зусім розныя рэчы. Тым больш, да салідарнага дзеяння. У нашай культуры людзі свае асабістыя праблемы як правіла вырашаць праз самы моцны беларускі інстытут – інстытут уласных сувязяў, як кажуць у народзе, блат. Але не праз салідарнасць.

— Ці можна тады сказаць, што ўжо сёння вынікі будучых выбараў прадвызначаны?

— Я наогул не разглядаю выбары як нейкую медыйную падзею. У нас жа літаральна днямі заявілі, што выбары пройдуць як заўсёды чэсна. І тут галоўнае слова не “чэсна”, а “як заўсёды”. На гэты момант, нягледзячы на праблемы ў эканоміцы, у улады ёсць усё, каб выбары прайшлі “як заўсёды”. Іншая справа, што мы жывем у сістэме, дзе практычна нічога не змяняецца дваццаць гадоў, але ўсё можа змяніцца за два дні. Шанц на гэта невысокі, але ўсё ж-такі ён ёсць, бо праблемы могуць прыйсці з Расеі. Стабільнасць там – пад пытаннем, і, калі ў Расеі адбудуцца сур’ёзныя змены, то гэта адаб’ецца і на Беларусі. Але да выбараў застаецца не так і шмат часу, таму, на мой погляд, з найбольшай верагоднасцю выбары пройдуць “як заўсёды”. У улады для гэтага ёсць усе рэсурсы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: