Законапраект аб разрыве дыпламатычных адносін з Беларуссю ўнесены ў Вярхоўную Раду Украіны

У Вярхоўнай Радзе Украіны зарэгістраваны законапраект аб прыпыненні дыпламатычных адносін з Беларуссю. Яго распрацавала і ўнесла міжфракцыйнае парламенцкае аб'яднанне «За дэмакратычную Беларусь». Пра гэта сёння паведаміў дэпутат ад партыі «Еўрапейская салідарнасць» Аляксей Ганчарэнка.
Вярхоўная Рада Укаіны. Фота: Фэйсбук

Вярхоўная Рада Укаіны. Фота: Фэйсбук

Праект пастановы прадугледжвае поўнае прыпыненне дыпламатычных адносін з Беларуссю, акрамя адносін па пытаннях бежанцаў і палітвязняў, пакуль уладу ў краіне ўтрымлівае Аляксандр Лукашэнка.

Ініцыятыва звязаная з навінамі аб тым, што прадстаўнікі так званай «ЛНР» былі дапушчаныя ў Беларусь для правядзення допыту палітвязня Рамана Пратасевіча.

«Дэ-факта гэта азначае прызнанне так званых "рэспублік" і супрацоўніцтва з тэрарыстамі», — лічыць Ганчарэнка і яго паплечнікі. Раней ён патрабаваў узбуджэння па гэтым факце крымінальнай справы.

Таксама праект пастановы прадугледжвае:

  • афіцыйнае аб'яўленне аб непрызнанні Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі, як «які захапіў уладу»;
  • прызнанне беларускага рэжыму пагрозлівым міжнароднай бяспецы;
  • прапанову беларускаму народу і яго законным прадстаўнікам розных палітычных, эканамічных, фінансавых і іншых мер дапамогі, у тым ліку спрашчэнне візавага рэжыму;
  • заклік да іншых краін увесці санкцыі супраць Лукашэнкі і дзеячаў рэжыму.
На думку Аляксея Ганчарэнкі, Украіна павінна «адмовіцца ад двухсэнсоўнасці ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі і перастаць рабіць выгляд, што з ім можна дамаўляцца», піша reform.by.




Нагадаем, сёння адвакат Рамана Пратасевіча Інэса Аленская паведаміла РІА Навіны, што сустрэлася з падабаронным. Ён сказаў, што не ўдзельнічаў у следчых дзеяннях, праведзеных «ЛНР». Раней «Генпракуратура» так званай «ЛНР» заявіла, што атрымала доказы датычнасці журналіста Рамана Пратасевіча да забойстваў мірных жыхароў на Данбасе. На сваім сайце «Генпракуратура» так званай «ЛНР» выказала ўдзячнасць КДБ Беларусі і асабіста Аляксандру Лукашэнку «за предоставленную следователям Генеральной прокуратуры Луганской Народной Республики возможность провести необходимые следственные действия» з Пратасевічам. Аднак кіраўнік СК Дзмітрый Гара запэўніў, што ніякіх запытаў на правядзенне следчых дзеянняў з Пратасевічам «ніадкуль з-за мяжы» не паступала. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: