Запасаемся грашыма і папкорнам

Ужо не першы раз мы сутыкаемся з тым, што ў нас ва ўрадзе правая рука не ведае, што робіць левая. А ўсё таму, што ніхто там не можа адмовіць кіраўніку дзяржавы.

Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка на фоне «змагання на розных эканамічных франтах» даручыў Міністэрству фінансаў прааналізаваць бягучую сітуацыю з напаўненнем бюджэту. «Вынік гэтых бітваў заўсёды бачны фінансава ў бюджэце», — патлумачыў ён, прымаючы з дакладам міністра фінансаў Максіма Ермаловіча.

Але ў першую чаргу беларускі кіраўнік пацікавіўся не напаўненнем бюджэту, а яго выдаткамі. «Што з заробкамі бюджэтнікаў, ці выконваем мы абавязацельствы, асабліва па той рэформе заработнай платы, пра якую мы гаварылі? У СМІ пішуць рознае, але хацелася б ведаць, як ідуць справы. І па астатніх пытаннях фінансавання з бюджэту», — спытаў Лукашэнка.

Міністру фінансаў, зразумела, давялося выкручвацца. Бо сапраўды заробкі бюджэтнікам — балючая тэма, бо на носе прэзідэнцкія выбары. І нельга напярэдадні не падкарміць тых, хто на справе забяспечвае «элегантныя перамогі»: напрыклад, настаўнікаў, з якіх часцяком складаюцца камісіі і якія НЕ лічаць галасы выбаршчыкаў. Бо, як кажуць, талент павінен хадзіць галодным, — і калі не падкарміць настаўнікаў, раптам у іх матэматычны талент прачнецца?

Таму на-гара былі выдадзеныя лічбы Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Згодна з імі, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі ў 2019 годзе выраслі на 6 % да ўзроўню 2018 года. Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў у 2019 годзе склала 1090,9 рублёў і вырасла на 13,3 % да ўзроўню 2018 года. Рэальная заработная плата ў 2019 годзе вырасла на 7,3 % да ўзроўню 2018 года.
Улічваючы тое, што інфляцыя за 2019 год склала 4,7 %, рост даходаў усё ж адчувальны, хаця і знаходзіцца ў межах стандартнай трохпрацэнтнай статыстычнай хібнасці.

У той жа час, згодна таму ж Белстату, ВУП Беларусі ў студзені 2020 года ўпаў на 1,9 % адносна студзеня 2019 года. Зразумела, гэта звязана з «недагрузкай» нашай нафтаперапрацоўкі з-за адсутнасці паставак расійскай нафты і вытворчасцю калійных угнаенняў з-за адсутнасці экспартных кантрактаў. Таксама кажуць, што сваю лепту ў падзенне ВУП у студзені ўнесла і цёплая зіма.

Аб'ём прамысловай вытворчасці ў студзені ў бягучых цэнах зваліўся на 5,8 % да ўзроўню студзеня 2019 года. Падзенне вытворчасці ў «горназдабывальнай прамысловасці» склала 3,6 %, у «апрацоўчай прамысловасці» — 5 %, у «забеспячэнні электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам» — 10, 5%. І гэтак далей.

Гэта — зноў жа — тое, пра што казалі шматлікія эканамісты. Не можа быць росту заробкаў у той час, калі падае вытворчасць, то-бок ВУП. Фактычна гэта азначае, што ў эканоміку ўкідаюцца незаробленыя грошы. Чым гэта небяспечна, мы неаднаразова бачылі ў час розных дэвальвацый.

Трывожны званочак і ў іншым: запасы гатовай прадукцыі на 1 лютага дасягнулі 5,6355 млрд рублёў (крыху больш за палову ВУП), або 82,2 % да сярэднямесячнага аб’ёму прамысловай вытворчасці. То-бок, даволі хутка нам зноў спатрэбіцца «разгрузка складоў».

Нагадаем, што аналагічная сітуацыя назіралася ў 2014 годзе. На 1 студзеня 2014 года аб’ём складскіх запасаў прадукцыі складаў 70,2 % у адносінах да месячнага аб'ёму вытворчасці. За год сітуацыя не выправілася: складскія запасы ў чацвёртым квартале захаваліся на ўзроўні 70 % да месячнага аб'ёму вытворчасці.

Вынік — услед за падзеннем расійскага рубля ў снежні 2014-га пакаціўся і беларускі рубель. Каб спыніць яго падзенне, 20 снежня быў уведзены 30-працэнтны камісійны збор на куплю валюты фізічнымі і юрыдычнымі асобамі (29 снежня — зніжаны да 20 %), быў спынены гандаль валютай на пазабіржавым валютным рынку і павялічана норма абавязковага продажу валютнай выручкі да 50 %. Афіцыйны курс долара, дзякуючы гэтым захадам, вырас да канца года толькі да 11.900 рублёў, але ў краіне зноў з’явіўся «чорны рынак» валюты, дзе курс даходзіў да 15.000 рублёў за долар. У выніку ўрад вымушаны быў прызнаць дэвальвацыю рубля. Агульнае падзенне беларускіх грошай да долара ў 2015 годзе склала 55 %. Але дзякуючы абясцэньванню айчыннай валюты «патаннелі» і складскія запасы. Склады ўдалося разгрузіць.

Дэвальвацыя дзеля разгрузкі складоў — рашэнне лагічнае, тым больш, што адмыслоўцы і так кажуць пра «пераацэненасць» беларускага рубля. Аднак не з рукі яе праводзіць перад выбарамі. Таму прымаюцца іншыя захады для, хаця б, не павелічэння складскіх запасаў. ААТ «МАЗ» абвясціла аб тым, што ўводзіць прастоі з 7 па 21 лютага і з 9 па 20 сакавіка, у вымушаны адпачынак адпраўлена траціна супрацоўнікаў прадпрыемства.

У гэтыя перыяды будуць працаваць усе вытворчасці і заводы, але ў меншай колькасці. Прастоі закрануць «некаторыя структурныя падраздзяленні, у тым ліку заводакіраўніцтва, кіраўнікоў, спецыялістаў і служачых, у якіх праца ў поўным аб’ёме не праглядаецца». Работнікі, якіх адправяць у вымушаны адпачынак, будуць атрымліваць не менш за 2/3 тарыфнай стаўкі.

Аналагічна паступіла ААТ «Белшына». Яна спыніла тры з чатырох заводаў. Завод масавых шын і завод буйнагабарытных шын сышлі на прастоі з 17 па 21 лютага. На заводзе звышбуйнагабарытных шын канвеер спынены з 17 лютага па 1 сакавіка. Астатнія падраздзяленні, у тым ліку механічны завод, у гэты час працягнуць працу. На перыяд вымушанага прастою работнікам прадпрыемства выплацяць 2/3 ад акладу.

Праўда, у «Белшыне» асноўнай прычынай перапынку ў працы названы планавы рамонт тэхналагічнага абсталявання. Аднак на прадпрыемстве сказалі, што «на Белшыне праблемы былі, ёсць і будуць, на жаль».
Так што гэты год для беларускай эканомікі будзе поўны сюрпрызаў. Але паўгода мы яшчэ пажывём спакойна — наўрад ці крызісным з’явам дадуць ход да чарговай «элегантнай перамогі» Аляксандра Рыгоравіча. А ўжо там… Запасаемся грашыма і папкорнам.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: