Грамадства прагне пераменаў. Ці ёсць на іх шанец?

Гэта электаральная кампанія становіцца ўсё больш цікавай. Падаецца, сцэнар, на які разлічвала ўлада — правесці выбары «як звычайна», — ужо трашчыць па швах. Людзі зноў пабачылі альтэрнатыву дзейснаму кіраўніку дзяржавы — і гэта ім спадабалася.

Фота Арцёма Лявы


Чэргі, як па дэфіцыт

Выглядае, што «стомленасць Парыжам», то-бок адзіным нязменным кіраўніком дзяржавы, дасягнула свайго апагею. Цяпер палітыкай пачалі цікавіцца людзі, якія да гэтага часу яе цураліся. Яшчэ пару гадоў таму мая знаёмая на пытанне пра тое, чый Крым, адказвала, што расійскі. А цяпер, калі крама symbal.by на пачатку каронавіруснай навалы ўзялася выпускаць павязкі з нацыянальным арнаментам, яна папрасіла замовіць ёй некалькі такіх — прычым, не з нацыянальным арнаментам, а менавіта з бел-чырвона-белай стужкай.

Тэлефанавала маці з Гомеля, распавядала, што яе сяброўкі, якія палітыкай да гэтага ўвогуле не цікавіліся, запытваюцца ў яе, «дзе падпісацца за Бабарыку». З аднаго боку, гэта паказчык цікаўнасці да палітыкі, а з іншага — і пераможаная «местачковасць». Не было б дзівам, калі б яны запытвалі пра гамельчука Ціханоўскага, аднак не: іх кандыдат — банкір.

Ці не ўпершыню ад «ліхіх 90-х» мы пабачылі шматгадзінныя чэргі. Але чэргі не па дэфіцыт, а каб падпісацца за альтэрнатыўнага прэтэндэнта ў прэзідэнты. Прычым, людзі, адстаяўшы адну чаргу, перастройваюцца ў іншую. Раней, у 1990-х, так людзі бралі пральны парашок — і станавіліся па кілбасу. А цяпер, падпісаўшыся за Бабарыку, становяцца паставіць подпіс за Ціханоўскую, а пасля — за Цапкалу.

І гэта шмат каму дае надзею на тое, што ўрэшце ўлада ў Беларусі можа змяніцца.


Лукашэнка супраць Маслоў

Канешне, людзі вельмі стаміліся ад таго, што 26 гадоў у краіне нічога не мяняецца. Яны незадаволеныя, што падае жыццёвы ўзровень, што ў краіне «брэжнеўскі застой». Але ў гэтым годзе ўлада перавысіла свой ліміт на памылкі.

Памятаеце «піраміду Маслоў» — піраміду патрэбаў чалавека? За фізіялагічнымі патрэбамі (ежа, пітво і гэтак далей) наступная прыступка — патрэба ў бяспецы. Потым — патрэба ў любові. Потым — патрэба ў павазе, потым — адукацыя, эстэтыка і гэтак далей.

У час каронавіруса ўлада поўнасцю праігнаравала гэтую піраміду. Дзяржава не забяспечыла «чарку і скварку», але людзі ўсё яшчэ цярпелі, бо можна было спасылацца на «аб’ектыўныя абставіны», дый голаду ў краіне не відно. Але затым кіраўнік краіны не тое што не забяспечыў бяспеку людзей — ён відавочна грэбаваў гэтай бяспекай. Не зважаючы на каронавірус, ён паставіў пад небяспеку дзяцей (памятаем, што менавіта ён загадваў не закрываць на каранцін школы) і беларусаў сталага веку (узгадаем парад). Парушыў патрэбу ў любові і павазе, абразліва выказваючыся пра памерлых. Хлусіў наконт узроўню захворвання, пераконваючы, што «вірус — гэта палітыка», у той час, калі дактары валіліся з ног, не паспяваючы прымаць пацыентаў.

Абрынулася менавіта тое, на чым трымаўся міф пра «дзяржаву для народа» — «лепшая ў свеце» медыцына, «лепшая ў свеце» адукацыя, міф пра «ІТ-краіну». І ўвогуле развалілася казка пра «моцную і квітнеючую Беларусь». Адна справа — калі падаюць заробкі, гэта яшчэ можна трываць. Іншая — калі ўзнікае пагроза жыццю і здароўю. Неадэкватныя дзеянні ўлады ў крызіснай сітуацыі выклікалі цалкам адэкватную рэакцыю грамадства — жаданне змяніць уладу на больш адказную.

Гэтым скарыстаўся, прынамсі, Віктар Бабарыка. Ва ўсіх сваіх інтэрв’ю ён падкрэслівае, што ён — проста адэкватны чалавек. У гэтым і сакрэт яго папулярнасці.

Фота Арцёма Лявы

Запыт на перамены

Улада грэбуе людзьмі — людзі адказваюць уладзе. У штабе Святланы Ціханоўскай, якая нечакана стала кандыдаткай на вышэйшую дзяржаўную пасаду замест свайго мужа, шчыра прызнаваліся — яны не паспяваюць падлічваць і правяраць подпісы. Віктар Бабарыка заявіў, што за яго ўжо сабраныя неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў. Што не дзіва — за 10 дзён з пачатку збору 10 тысяч чальцоў яго ініцыятыўнай групы лёгка маглі сабраць па 10 подпісаў «на нос». Аднак Бабарыка абвясціў, што ў яго ў мэтах — сабраць мільён подпісаў у сваю падтрымку.

Штаб Валерыя Цапкалы паведаміў, што ў падтрымку экс-дырэктара ПВТ сабрана амаль 50 тысяч подпісаў. Экс-дэпутатка Ганна Канапацкая распавяла, што ў яе ёсць 30 тысяч подпісаў, і не выключыла, што яе група зможа пераадолець неабходны парог праз 2 тыдні.

Фота Арцёма Лявы

Лукашэнка неаднаразова расказваў байку пра тое, што за яго ў 1994-м галасавалі людзі, якія раней былі прыкутыя да бальнічных ложкаў, — маўляў, ледзь не з труны ўставалі і ішлі галасаваць за «маладога прэзідэнта». Цяпер гісторыя паўтараецца, але з адваротным знакам: tut.by у Брэсце паразмаўляў з нейкай Марыяй, якая з сям’ёй праехала з Бярозаўскага раёна каля 100 кіламетраў, — каб падпісацца ў Брэсце за ўсіх «кандыдатаў у кандыдаты», акрамя аднаго. «Нават тыя, хто ляжаў на канапах, цяпер устаюць. Людзі гатовыя і за 100, і за 200 кіламетраў ехаць, каб падтрымаць Ціханоўскую», — сказала тая жанчына.

Запыт на перамены вельмі вялікі. Днямі ў Міністэрства інфармацыі выклікалі кіраўнікоў недзяржаўных СМІ, якіх настойліва папрасілі ўстрымацца ад арганізацыі апытанняў, тэма якіх гучыць блізкай да пытання: «За каго б вы прагаласавалі?». Маўляў, для правядзення падобных апытанняў на сайтах патрэбна ліцэнзія. Насамрэч, ліцэнзіі не трэба, бо гэта не рэпрэзентатыўнае сацапытанне. Улады проста спалохаліся вынікаў падобных апытанняў ад tut.by і onliner.by — яны паказалі, што Лукашэнка набірае ўсяго 2–6% галасоў.


Без «плану Б»

Ва ўлады, якая разлічвала на чарговыя «ціхія» выбары, не аказалася «плану Б». Відавочна, што масавае падпісванне за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на прэзідэнта збянтэжыла нашых кіраўнікоў і ўвяло іх у стан шоку і ступару. Супрацьпаставіць гэтаму «народнаму волевыяўленню» няма чаго, а таму ў справу пайшлі звыклыя інструменты — запалохванне, рэпрэсіі і «чорны піяр».

Кіраўнік краіны, напрыклад, завёў звыклую шарманку пра тое, што ведае «мэты, якія пераследуюць тут асобныя ветрадуі», і гэтыя мэты — «зладзіць нам майданчык напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў ці ў дзень прэзідэнцкіх выбараў». «Майданаў у Беларусі не будзе», — заявіў Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком КДБ Валерыем Вакульчыкам.

«Майданам» можна было б палохаць, калі б у выбарах удзельнічала «тытульная апазіцыя». Але яна «злілася» яшчэ ў працэсе «праймерыз». Меркаваць, што банкір Бабарыка альбо «айцішнік» Цапкала, альбо экс-дэпутатка Канапацкая хочуць зрабіць Майдан, — смеху варта. На ролю «майданутага», можа быць, пасаваў бы Ціханоўскі, але тут улада сама сабе падклала свінню, выбіўшы яго з прэзідэнцкай гонкі. «Майдан» задумвае яго жонка, Святлана Ціханоўская? Ха-ха, тры разы.

Раней Лукашэнка рабіў выгляд, што іншыя кандыдаты на прэзідэнцкую пасаду яго проста не цікавяць — маўляў, ён не бачыць сярод іх вартых супернікаў. Цяпер жа ён вымушаны зважаць на сваіх апанентаў. Гэта і неаднаразовыя словы пра «грошы, якія будуць раскідваць з верталётаў» (хаця верталёт ёсць толькі ў аднаго з прэтэндэнтаў на кіраванне краінай) — яўны закід наконт Бабарыкі з Цапкалам. Потым ён праехаўся па Святлане Ціханоўскай і Ганне Канапацкай, заявіўшы: «У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадства не саспела для таго, каб галасаваць за жанчыну».

Зразумела, кажучы так, кіраўнік краіны разлічваў на кансерватызм беларусаў. Але грамадства вельмі змянілася — мажліва, у тым ліку дзякуючы спробе Таццяны Караткевіч стаць кіраўніком краіны ў 2015-м (паводле незалежных сацапытанняў, яна набрала 22–24% галасоў). І словы Лукашэнкі пра тое, што «грамадства не гатовае», выклікалі не ўхваленне, а абурэнне. Уладальніца мінскага бару «Сіняя каза» і двух манікюрных салонаў Ксенія Фёдарава звярнулася ў ЦВК са скаргай на Лукашэнку за яго сексізм.

Добра, што яшчэ ніхто не згадаў, як была прынятая тая Канстытуцыя, якая «не пад жанчыну».

Фота Арцёма Лявы


Рэпрэсіі як фактар кансалідацыі

Рэпрэсіўная машына пачала дзейнічаць адразу — на вельмі раннім этапе. Звыкла выправілі «на суткі» Мікалая Статкевіча — за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў 24 траўня ля Камароўскага рынку ў Мінску. Беларускае тэлебачанне пачало называць цалкам дазволеныя Выбарчым кодэксам мерапрыемствы «несанкцыянаванымі мітынгамі», і пратаколы ўдзельнікам пікетаў выпісваюць, адпаведна, менавіта за несанкцыянаванае мерапрыемства. Агульнавядомая правакацыя ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага, якога абвінавацілі ў нападзе на міліцыянта. Ціханоўскі не адказаў жанчыне, якая запытвалася пра яго праграму (хаця якая праграма ў Ціханоўскага, калі ён нават не прэтэндэнт у прэзідэнты?), тая паскардзілася міліцыянту, што ёй не адказваюць (цікавая скарга, так?), а той пайшоў «разбірацца». І, нібыта, быў пабіты.

Многія лічаць гэта правакацыяй не таму, што так ужо ўпэўненыя ў намеры ўладаў «прыбраць» актыўнага апанента. А таму, што ўсе ведаюць, як працуе міліцыя. Ніхто не верыць, што міліцыянт «проста так» пойдзе разбірацца, чаму адзін грамадзянін не адказвае на пытанне другога грамадзяніна.

Але рэпрэсіі цяпер выклікалі адваротную рэакцыю. На наступны дзень, на знак салідарнасці з «калегам па барацьбе», Валерый Цапкала паставіў подпіс у падтрымку Святланы Ціханоўскай. Ганна Канапацкая паведаміла, што «нематывавана жорсткія дзеянні сілавых структур у дачыненні да сябраў ініцыятыўных груп ускалыхнулі электаральныя масы ў рэгіёнах і ў Мінску. Кратна ўзрасла актыўнасць патэнцыйных выбаршчыкаў».

Мінчук Яўген Гормаш крычаў «Ганьба!» даішнікам, якія штрафавалі кіроўцаў, што сігналілі ў падтрымку Святланы Ціханоўскай, і быў аштрафаваны. Грошы на штраф (немалы — 1350 рублёў) сабралі за 10 хвілін!

То-бок, грамадства не толькі актывізуецца — яно кансалідуецца. Людзі пачынаюць падтрымліваць адзін аднаго — нават зусім незнаёмыя. Канешне, пакуль у гэтым можна пабачыць «сяброўства супраць Лукашэнкі», але менавіта для таго, каб такога сяброўства не ўзнікала, 26 гадоў улады атамізавалі краіну, дзелячы яе на «сваіх» і «чужых», «чэсных» і «нячэсных», «патрыётаў» і «адмарозкаў». А пераадоленне атамізацыі, кансалідацыя грамадства — гэта ці не самы страшны сон цяперашніх беларускіх уладаў.

Тое, як людзі адбівалі ў міліцыі Ціханоўскага, паказвае — знікае і страх перад рэпрэсіямі. Пакрысе, але знікае.

Фота Арцёма Лявы


Ці будзе «Плошча»?

У такой сітуацыі вынікі гэтай выбарчай кампаніі (у шырокім сэнсе слова «вынікі») прадказаць вельмі цяжка. У тым ліку — і па пытанні, ці можа адбыцца масавы пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання. Хутчэй за ўсё — так, можа. Але гэта будзе зусім не тая «Плошча», да якой мы прызвычаіліся.

Раней «Плошчы» неяк рыхтаваліся і анансаваліся. Цяпер яна можа здарыцца сама па сабе: проста таму, што людзі, якія цяпер масава падпісваюцца ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, адчуюць сябе падманутымі і выйдуць на вуліцы. Прыкладна так, як яны выйшлі ў 2017-м пратэставаць супраць «дармаедскага дэкрэту».

Тады ўлада кінула на вуліцы сталіцы незлічоную колькасць вайскоўцаў, каб разагнаць мітынг, які так і не пачаўся. Мінакі глядзелі на шэрагі салдатаў, на бронемашыны, адмыслова прызначаныя для разгону мітынгаў… І тады нехта побач са мною казаў: «Сёння мы выйшлі мірна. Калі мы выйдзем не мірна, гэтыя машынкі іх не ўратуюць».

Стыхійны пратэст — гэта не апазіцыйныя «пагулянкі» пад бел-чырвона-белымі сцягамі і пераходам вуліцы выключна на зялёнае святло. Гэта можа быць «бунт, бессэнсоўны і бязлітасны». Ад яго можна чакаць усяго, што заўгодна, і пры гэтым ніякі ўяўны «лідар» не здолее стрымаць натоўп.

Гледзячы на тое, як народ ужо цяпер рэагуе на рэпрэсіі кансалідацыяй і актывізацыяй, можна нават перасцерагчы ўлады ад гвалтоўных дзеянняў. Бо рэакцыя на гвалт можа быць цалкам непрадказальнай. Калі не на «Плошчы», дык пасля яе. Сцэнар усеагульнага страйку, які пакуль мроіцца былым удзельнікам «праймерыз», асабліва ўлічваючы, што ўвосень нас чакае значнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, — зусім не выключаны.

Фота Арцёма Лявы

Час пакажа

Галоўнае, як будуць развівацца падзеі далей: у прыватнасці, каго зарэгіструе Цэнтрвыбаркам у якасці кандыдатаў у прэзідэнты. Пакуль ва ўлады ёсць поле для манеўру — гледзячы, хто і колькі подпісаў у сваю падтрымку збярэ. Улада можа абраць «больш зручнага» для сябе кандыдата, не зарэгістраваўшы Бабарыку, а зарэгістраваўшы, напрыклад, Цапкалу з Канапацкай. Ці, як у 2010-м, зарэгіструе ўсіх, каб распілаваць пратэстны электарат.

І тут мы ўжо пабачым дамоваздольнасць патэнцыйных прэтэндэнтаў на прэзідэнта. Першы крок, дарэчы, ужо зроблены — гэта «дэкларацыя Бабарыкі» аб сумленных выбарах, да якой могуць далучыцца астатнія. Падтрымка гэтай дэкларацыі (нават без афіцыйнага падпісання) прэтэндэнтамі можа стаць адпраўной кропкай для яднання.

Адзінае, што персанальна мяне вельмі непакоіць у сённяшняй сітуацыі — гэта адсутнасць (спадзяюся, пакуль) праграмаў дзеянняў прэтэндэнтаў на прэзідэнта. Пратэстнае галасаванне — рэч вельмі небяспечная. Мы ўжо аднойчы апякліся на гэтым, калі галасавалі па прынцыпе «хто заўгодна, абы не Кебіч». Цяпер сітуацыя паўтараецца.

І механізмаў перасцярогі ад гэтай праблемы, нават калі яны існуюць, — не бачна.






Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: