Затрыманне 33 баевікоў у Беларусі — правакацыя ўкраінскіх спецслужбаў: «Комсомольская правда»

Украінскія спецслужбы стварылі фэйкавы праект, у які ўцягнулі 180 грамадзян Расіі — байцоў прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер», у тым ліку, баевікоў, якія ваявалі на Данбасе, — для іх затрымання на тэрыторыі Беларусі. Так сцвярджае «Комсомольская правда».



Пра затрыманне 33 баевікоў, якія знаходзяцца ў ПВК «Вагнер», улады Беларусі паведамілі 29 ліпеня.


Расійскае выданне «Комсомольская правда» сёння, 6 жніўня, апублікавала ўласнае расследаванне, у якім сцвярджае, што арышт 33 баевікоў расійскай прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер» з'яўляецца правакацыяй украінскіх спецслужбаў.

Са спасылкай на крыніцу ў расійскіх спецслужбах выданне піша, што невядомыя пры дапамозе віртуальнай тэлефаніі абзвоньвалі былых байцоў ПВК «Вагнер» і запрашалі папрацаваць на ахове нафтавых аб'ектаў у Сірыі.

Так, адзін з баевікоў ЧВК, якія ваявалі на Данбасе, Арцём Міля (пазыўны Шаман) рэкрутаваў групу колькасцю 180 чалавек. Вылет са сталіцы Беларусі па маршруце Стамбул–Гавана–Каракас быў прызначаны на 25 ліпеня.

Паводле звестак выдання, было ўстаноўлена, што авіябілеты набываліся «ў аўтарызаваным агенцтве, зарэгістраваным на тэрыторыі Украіны, што вынікае з адказу маскоўскага прадстаўніцтва турэцкай авіякампаніі».

Ужо ў Беларусі грамадзянін гэтай краіны і нібыта завербаваны спецслужбамі Генадзь Кампан давёз байцоў на двух мікрааўтобусах да Мінска, дзе «супрацоўніца расійскай амбасады ў Стамбуле» Ларыса Самарына забраніравала для групы санаторый «Беларусачка», у якім пазней экс-вагнераўцы і былі затрыманыя.

Адразу пасля затрымання ў амбасаду Украіны ў Мінску былі перададзеныя спісы затрыманых, адзначае «Комсомольская правда». Аўтары матэрыялу сцвярджаюць, што беларускія спецслужбы ўжо знаходзіліся ў цесным кантакце з украінскімі, бо атрымалі ад іх інфармацыю пра заезд баевікоў.

«Комсомольская правда» робіць выснову, што такім чынам украінскія спецслужбы стварылі фэйкавы праект, у які ўцягнулі 180 грамадзян Расіі, у тым ліку баевікоў, якія ваявалі на Данбасе.

Аўтары артыкула запэўніваюць, што Служба бяспекі Украіны мела намер «адным стрэлам забіць адразу некалькі зайцоў»: адпомсціць ПВК «Вагнер», нанесці ўдар па расійска-беларускіх адносінах, а таксама адпомсціць за сваіх маракоў, якія былі захопленыя расійскімі сілавікамі ў раёне Керчанскага праліва ў лістападзе 2018 года.

Расійскія журналісты адзначаюць, што матэрыялы расследавання перададзеныя ў Следчы камітэт Расіі, які ўжо нібыта прыступіў да праверкі абставінаў затрымання «вагнераўцаў».

Пра затрыманне 33 расіян, якія знаходзяцца ў ПВК «Вагнер», улады Беларусі паведамілі 29 ліпеня. Больш за 10 з іх уключаныя ў спіс украінскага сайта «Міратворац» як удзельнікі ўзброенага канфлікту на Данбасе на баку прарасійскіх баевікоў.

У Савеце бяспекі Беларусі заяўлялі, што ў дачыненні да затрыманых распачалі крымінальную справу па артыкуле аб падрыхтоўцы тэрактаў, пазней паведамлялася, што іх падазраюць у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

У Савеце бяспекі Беларусі заявілі, што Расія не апавяшчала іх пра перакідванне сіл ПВК праз Беларусь.

Амбасадар РФ у Беларусі Дзмітрый Мезенцаў заявіў, што 33 затрыманых з'яўляюцца супрацоўнікамі прыватнага ахоўнага прадпрыемства, якія накіроўваліся транзітам у Стамбул, але спазніліся на рэйс.

Кіраўнік Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч удакладніў, што некаторыя з наймітаў ПВК «Вагнер» заявілі на допытах, што хацелі паехаць у Стамбул паглядзець на Сабор Святой Сафіі.

Паводле gordonua.com, www.kp.by



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: