Затрыманне было, але затрымання не было — як Следчы камітэт адстойваў сваю правату ў судзе

На пасяджэнні суда, прысвечаным нападу на анархістаў у лесе пад Крупкамі, супрацоўнік СК спрабаваў даказаць узаемавыключальныя рэчы.


Сёння адбылося пасяджэнне суда Партызанскага раёна г.Мінска па скарзе нашага карэспандэнта і актывіста анархісцкага руху Міколы Дзядка. Нагадаем, 30 чэрвеня група сілавікоў з ГУБАЗіКа і САХРа (Спецыяльны атрад хуткага рэагавання) УВ МУС напала на лагер анархістаў. 17 маладзёнаў цягам сямі гадзін падвяргаліся здзекам, збіццю і знявагам. Сам Мікола Дзядок пяць гадзін праляжаў у кайданках тварам у зямлю.

Пасля здарэння Мікола падаў цэлы шэраг скаргаў у розныя сілавыя структуры: СК, Пракуратуру, ГУБАЗіК. У прыватнасці, у СК была пададзеная скарга з патрабаваннем узбудзіць крымінальную справу супраць супрацоўнікаў САХР і ГУБАЗіК за незаконныя затрыманне і перавышэнне службовых паўнамоцтваў.

Некалькі разоў службы "футболілі" скаргі адна да адной, пакуль нам. старшыні Следчага камітэта С.Я. Азёмша 14 сакавіка 2019 года не адказаў, што не знайшоў падставаў для разгляду гэтай заявы, як заявы аб ажыццяўленні злачынства. Заява была разгледжаная ў парадку "Закона аб зваротах грамадзян", і з Міколам была спыненая перапіска.

Аднак, згодна з законам, калі ў СК паступаюць заявы аб здзяйсненні злачынства, у органа ёсць толькі два варыянты: правесці праверку і ўзбудзіць крымінальную справу, альбо правесці праверку і адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

Нічога гэтага зроблена не было — заяву журналіста разгледзелі так, як быццам гэта скарга на непрацуючы ліфт у доме альбо адсутнасць сурвэтак у рэстаране.

Менавіта такое стаўленне да сваёй заявы з дапамогай праваабарончага цэнтру "Вясна" вырашыў абскардзіць Мікола Дзядок у судзе.

Следчы камітэт у дадзеным працэсе прадстаўляў нам.начальніка аддзела па працы са зваротамі грамадзян В.А. Жукоўскі. Напачатку працэсу Мікола пераказаў сутнасць скаргі і адказаў на пытанні прадстаўніка СК. Апошняга вельмі цікавіла, як Мікола апазнаў у сілавіках, што атакавалі лагер, супрацоўнікаў САХР і ГУБАЗіК. Таксама вельмі прыдзірліва ставіўся да фармулёвак скаргаў іх датаў і некалькі разоў перабіваў выступоўцу падчас адказу на ягоныя ж пытанні.

Свой уласны выступ прадстаўнік СК пабудаваў на трох кітах:

1) Заяву Міколы нельга разглядаць як заяву аб здзяйсненні злачынства, таму што ў ёй "адсутнічаюць аб'ектыўныя факты, якія б казалі аб прыкметах злачынства" (утрыманне невядомымі людзьмі ў камуфляжы і са зброяй цягам 5 гадзін у кайданках такім, відаць, не лічыцца).

2) Заяву нельга было разглядаць, бо яна была складзеная не па правілах: да заявы не прыкладзеная распіска Дзядка аб адказнасці за заведама ілжывы данос.

3) У Крупках нейкія людзі праводзілі "незаконную высечку лесу", і менавіта на яе выехала следча-аператыўная група.

Праўда, калі абарона і сам заявіцель пачалі задаваць пытанні Жукоўскаму, ён адказваў на іх вельмі дзіўна. Напрыклад, не змог растлумачыць, хто мусіў папярэдзіць Міколу аб адказнасці за заведама ілжывы данос — хіба ён сам? Альбо ўсё ж такі следчыя мусілі выклікаць яго, апытаць, і тады папярэдзіць?

Таксама высветлілася, што па факту праверка цэнтральным апаратам СК не праводзілася. Ніякіх запытаў у дзяржорганы з нагоды заявы яны не рабілі, сам Мікола гэтаксама не быў апытаны. Аднак гэта не перашкодзіла следчым смела заявіць аб тым, што "ніякіх прыкметаў злачынства не мелася". Аднак як гэта можна было высветліць, калі праверка не праводзілася?

На пытанне Міколы, ці быў нехта з затрыманых прыцягнуты, урэшце, за незаконную высечку лесу, Жукоўскі адказаў, што гэтага не ведае. Мікола Дзядок спытаў: "Як жа вы гэтага не ведаеце, калі кажаце, што праводзілі ўсебаковую і поўную праверку". На гэта Жукоўскі адказаў, што гэта не ўваходзіць у іх кампетэнцыю, і яны ўсяго толькі сабралі адказы ад іншых аддзяленняў СК. На пытанне "Дык у такім выпадку ўся праверка палягала ў перапісцы СК з СК?" Жукоўскі спачатку задумаўся, а потым адказаў "нет". Кола замкнулася.

Цікава і тое што Мікола Дзядок і ягоная адвакатка ў выніку не змаглі азнаёміцца з матэрыяламі праверкі СК. Суддзя, разгледзеў заяву — і паставіў на ёй рэзалюцыю: "Пры ўмове дазволу Следчага камітэту". Як так сталася, што Следчы камітэт стаў галоўнейшы за суд — пытанне адкрытае.

Наступнае пасяджэнне прызначанае на 10 траўня, а 11.30.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!