Жазэп Барэль: Еўрасаюз будзе падтрымліваць беларусаў столькі, колькі неабходна

Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль увечары 22 снежня адказаў на заяву кіраўніка МЗС РБ Уладзіміра Макея, апублікаваўшы ў сваім блогу артыкул «ЕС працягвае падтрымліваць беларускі народ».


«ЕС працягне падтрымліваць беларускі народ столькі, колькі неабходна, у абароне яго фундаментальнага права абіраць свайго прэзідэнта на свабодных і сумленных выбарах», — заявіў Барэль, піша АФН са спасылкай на пераклад БелаПАН.

«Пяць месяцаў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня Еўрапейскі Саюз працягвае падтрымліваць беларускі народ. У мінулую сераду (16 снежня ў Брусэлі) я сустрэўся са Святланай Ціханоўскай, былым кандыдатам у прэзідэнты і лідарам дэмакратычнай Беларусі. Падчас візіту яна атрымала прэстыжную прэмію Сахарава», — піша Барэль.

Са жніўня ён «тыдзень за тыднем» знаходзіўся пад «глыбокім уражаннем» ад стойкасці беларускага народа і яго мужнай барацьбы за захаванне фундаментальных правоў, за свабодныя і сумленныя выбары. На гэта рэжым «адрэагаваў жорсткасцю і беззаконнем». Вярхоўны прадстаўнік ЕС адзначае, што было затрымана больш за 31 тысячу мірных дэманстрантаў, у тым ліку 370 журналістаў, у дачыненні да сотняў палітвязняў і больш чым 900 чалавек у цэлым распачатыя крымінальныя справы.

«Дэлегацыя ЕС у Мінску неаднаразова звярталася да ўладаў за дазволам атрымаць доступ да палітвязняў, каб праверыць паведамленні аб жудасных умовах утрымання ў турмах і нялюдскім абыходжанні са зняволенымі. Да цяперашняга часу ў доступе адмоўлена», — адзначае Жазэп Барэль.

Ён падкрэслівае, што са жніўня Беларусь займае прыярытэтнае месца ў парадку дня ЕС, які адзіны ў падтрымцы дэмакратычных правоў беларускага народа.

«Сапраўдны інклюзіўны нацыянальны дыялог, спыненне гвалту і вызваленне ўсіх палітвязняў — адзіны шлях для забеспячэння мірнага ўрэгулявання цяперашняга крызісу», — лічыць вярхоўны прадстаўнік ЕС.

Еўрасаюз, па словах Барэля, гатовы падтрымаць любыя рэальныя пасрэдніцкія намаганні, у прыватнасці ў рамках АБСЕ, аднак да гэтага часу Мінск не пагадзіўся на прапанову старшынства АБСЕ наведаць краіну. Тым не менш ЕС працягне заклікаць да поўнай рэалізацыі рэкамендацый справаздачы ў рамках Маскоўскага механізму АБСЕ.

«Каб дапамагчы знайсці мірнае рашэнне», ЕС звярнуўся да абмежавальных мераў, адзначыў Барэль. На мінулым тыдні, нагадаў ён, прыняты трэці пакет санкцый, які ўключае 36 пазіцый (29 фізічных і сем юрыдычных асоб).

«Да цяперашняга часу ЕС увёў санкцыі ў дачыненні да 88 чалавек, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, і сямі суб’ектаў гаспадарання, адказных за гвалт, неабгрунтаваныя арышты і фальсіфікацыю вынікаў выбараў», — абагульніў вярхоўны прадстаўнік ЕС. «У адпаведнасці з паслядоўным падыходам» чальцы ЕС выказалі «гатоўнасць і жаданне папрацаваць у студзені над новымі пазіцыямі ў санкцыйным спісе, калі спатрэбіцца».

«ЕС і дзяржавы-чальцы будуць падымаць пытанні, звязаныя з парушэннем правоў чалавека, на міжнародных форумах ААН, АБСЕ і Савета Еўропы», — заявіў Барэль.


Ён нагадаў, што літоўская пракуратура ў рамках універсальнай юрысдыкцыі пачала дасудовае расследаванне крымінальнай справы па заяве беларускага грамадзяніна Максіма Харашына аб катаваннях у міліцыі.

Барэль паведаміў, што ЕС правёў «поўную рэвізію» адносінаў з Беларуссю. У выніку скарочаныя палітычныя кантакты і «сектаральныя дыялогі» з уладамі, прыпыненая альбо спыненая фінансавая падтрымка цэнтральнай улады. Павялічана падтрымка насельніцтву краіны.

11 снежня Еўрапейская камісія ўхваліла пакет дапамогі ў суме 30 млн еўра. Ён уключае падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ (8 млн еўра), сродкі на мабільнасць моладзі і стыпендыі (8 млн), падтрымку малога і сярэдняга бізнесу (10 млн), а таксама аховы здароўя (4 млн), у тым ліку барацьбу з пандэміяй каронавіруса COVID-19. «Гэта ў дадатак да неадкладнай падтрымцы ахвяр рэпрэсій і дзяржаўнага гвалту (2,7 млн еўра) і незалежных СМІ (1 млн еўра)», — адзначыў Барэль.

«ЕЗ працягне падтрымліваць беларускі народ столькі, колькі неабходна, у абароне яго фундаментальнага права выбіраць свайго прэзідэнта на свабодных і сумленных выбарах — падкрэсліў прадстаўнік ЕС. — І ён гатовы істотна павялічыць свой удзел і падтрымку дэмакратычнай Беларусі за кошт павелічэння фінансавай дапамогі і сектаральнага супрацоўніцтва».

«Для гэтага нам неабходныя, аднак, некаторыя ключавыя ўмовы: павага прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закона і правоў чалавека, а таксама спыненне любых рэпрэсій у дачыненні да асоб, якія ўдзельнічаюць у прадэмакратычным руху, незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці. Спадзяюся, і мы будзем над гэтым працаваць, што гэтыя ўмовы будуць забяспечаныя ў 2021 годзе», — напісаў Барэль.

Яго артыкул з’явіўся неўзабаве пасля заявы міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея аб дзеяннях афіцыйнага Мінска ў адказ на трэці пакет санкцый ЕС. Макей заявіў, што ў адказ будуць прыпыненыя гуманітарныя і адукацыйныя праграмы ЕС і замежных краін.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: