«Жэстачайшае ўжэстачэнне»

Загаловак артыкула — гэта не фігура маўлення, а чарговы этап развіцця беларускай мадэлі.

Другая палова 2017 года прайшла ў Беларусі пад знакам разняволення дзелавой ініцыятывы. У поўнай адпаведнасці з даўно ўсталяванай адміністрацыйнай традыцыяй, добрыя намеры былі аформленыя ў выглядзе пакета дакументаў — двух дэкрэтаў і сямі ўказаў адзінага палітыка (АП).

На двары жнівень. Самы час падвесці першыя вынікі разняволення, але арганізатары кампаніі рабіць гэта не спяшаюцца. Зразумець іх нескладана. Не да таго ім цяпер. Яны занятыя распрацоўкай чарговых дэкрэтаў і ўказаў. Больш адказнай працы ў рамках беларускай мадэлі няма, дый не прадбачыцца. Да яе дапускаюцца толькі высокакваліфікаваныя спецыялісты, адданыя дзяржаве, здольныя на ўзроўні інтуіцыі прадбачыць і апярэджваць чарговыя зігзагі генеральнай лініі. Мінулым яны не жывуць, бо на яго аналіз не застаецца ні часу, ні сіл. Вось і давялося мне ўзяць ініцыятыву ва ўласныя рукі.

Прасцей за ўсё падвесці вынікі з дапамогай пошукавіка «самай саліднай газеты» краіны. Вынікі пошуку адлюстраваны ў табліцы. Яны апынуліся чаканымі. Калі за 2017 год у «Советской Белоруссии» было апублікавана 59 артыкулаў, якія змяшчаюць фразеалагізм «разняволенне дзелавой ініцыятывы», дык за першую палову 2018-га — толькі 7! Прычым, чатыры з сямі — у студзені. Апошні ж раз артыкул з такім папулярным летась фразеалагізмам быў апублікавана 26 красавіка.

Вікіпедыя вызначае моду як сукупнасць звычак, каштоўнасцяў і густаў, прынятых у пэўным асяроддзі ў пэўны час. У канцы мінулага года на верхніх паверхах уладнай вертыкалі ў модзе былі размовы пра разняволенне дзелавой ініцыятывы. Тон, натуральна, задаваў АП. Сваё бачанне праблемы ён, у прыватнасці, выклаў 11 красавіка падчас рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць: «У бліжэйшы час мы прымем рэвалюцыйныя рашэнні па прадпрымальніцтву, бізнесу — па разняволенні бізнесу. <...> Прыйшоў — заяву пакінуў, што хочаш займацца гэтай справай, у падатковай зарэгістраваўся ды пайшоў працаваць. Пажарныя, санстанцыя — усё да мінімуму будзе скарочана».

Рэвалюцыйныя рашэнні былі прынятыя, а як наконт рэвалюцыйных вынікаў? Колькасць суб’ектаў гаспадарання на 1 ліпеня ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічылася ў Беларусі на 1,6%, а колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў скарацілася на 0,3%. Ці можна такую статыстыку лічыць рэвалюцыйнай? Не ўпэўнены, аднак і адкрыта правальнай назваць яе нельга.


Святое месца пустым не бывае

«Мода не проста робіць жанчын прыгожымі, яна дае ім упэўненасць у сабе», — сцвярджае французскі мадэльер Іў Сэн-Ларан. А як наконт палітыкаў? Палітыка — царства мужчын, тым не менш прытрымліванне палітычнай моды таксама спрыяе павышэнню ўпэўненасці ў сабе прадстаўнікоў моцнага полу (у выпадку Беларусі гаворку пра палітыка варта весці ў адзіночным ліку).

Выхад з моды публічных разваг на тэму «разняволення дзелавой актыўнасці» — працэс натуральны. Палохацца яго не варта, бо ў палітыцы святое месца пустым не бывае. Але што прыйдзе на змену «разняволенню»? Тут могуць быць розныя варыянты. Не выключана, што падказку мы можам знайсці ў прэс-рэлізе «Нарады па пытаннях сацыяльна-прававых гарантый дзяржслужачых і павышэння прэстыжу дзяржслужбы» ад 26 ліпеня.

Ключавыя словы прэс-рэлізу — назоўнік «ўжэстачэнне» і прыметнік «жэстачайшы». Абмяжуюся адным прыкладам: «Но люди и общество должны видеть, что президент тем самым предъявляет жесточайшие требования к госслужащим, а за это им полагается это, это и это. За нарушения уходишь с должности, идешь в тюрьму. Люди должны это все понимать. Поэтому сначала требования к госслужащему, которые он должен жесточайшим образом соблюдать и выполнять, а затем коврижки», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Калі меркаваць па дынаміцы артыкулаў у «Советской Белоруссии», якія змяшчаюць слова «жэстачайшы», слова гэта варта прызнаць неалагізмам, які сігналізуе пра чарговую змену адміністрацыйнага вектара. На працягу шасці гадоў артыкулы з яго згадваннем выходзілі з-пад «залатых пёраў» беларускай журналістыкі ў сярэднім не часцей чым тры разы на год. Мода на жорсткасць (галоўным чынам гаворка ідзе пра «жэстачайшыя» патрабаванні, «жэстачайшую» адказнасць і «жэстачайшы» парадак) стартавала ў 2016 годзе і з таго часу разгортваецца па нарастаючай.

Як вядома, у схільнасці да навукова-тэарэтычнай рэфлексіі АП яшчэ ні разу абвінавачаны не быў. Усе лёсавызначальныя для краіны і грамадства рашэнні ён прымае «ідучы ад жыцця», пра што сам неаднаразова і заяўляў. Якія ж на гэты раз прычыны прымусілі яго перайсці ад разняволення дзелавой ініцыятывы насельніцтва да ўзмацнення жорсткасці патрабаванняў, што прад’яўляюцца чыноўнікам?


«Тебя посодют, а ты не воруй!»

Паводле расійскага сацыёлага Вольгі Бяссонавай, існуюць дзве мадэлі правілаў гульні. «Першая — гэта рынак і рынкавая эканоміка. Яе базавыя элементы — гэта прыватная ўласнасць, купля-продаж, прыбытак і прыватная праца. Прыватная праца — гэта праца на прыватнага ўладальніка. У гісторыі гэта быў рабаўладальнік, феадал, капіталіст або прадпрымальнік. Другая сістэма — гэта раздатачная эканоміка. У ёй базавыя адносіны — гэта здача-раздача, уласнасць прадстаўленая як грамадска-службовая, скаргі з’яўляюцца сігналамі зваротнай сувязі, а прыватнай працы з першай мадэлі супрацьпастаўленая службовая праца — гэта значыць, праца на дзяржаву ці на грамадства».

Гэта ідэальныя мадэлі. У прыродзе яны не сустракаюцца. Нават у суперрынкавай амерыканскай эканоміцы значная частка агульнанацыянальнага пірага пераразмяркоўваецца чыноўнікамі праз бюджэт. Тым не менш рынкавае размеркаванне рэсурсаў там дамінуе над раздатачным.

Савецкая мадэль у максімальнай ступені была пабудаваная паводле раздатачнага прынцыпу. Яе рынак функцыянаваў выключна з дадаваннем прыметніка «чорны». Ён паразітаваў на афіцыйным квазірынку і быў яго неад’емным элементам. Такая вось «салодкая парачка»!

Як тут ні прыгадаць героя Андрэя Міронава з кінафільма «Сцеражыся аўтамабіля», які гандляваў з-пад прылаўка імпартнай радыёапаратурай. Знакамітае абвінавачванне цесця: «А ты не крадзі!» варта прызнаць юрыдычна недакладным. Герой Міронава не краў. Ён спекуляваў, што не адмяняла актуальнасці яго бліжэйшай жыццёвай перспектывы — «Тебя посодют».

Перабудова, у тэрміналогіі Бяссонавай, — гэта пераход ад адміністрацыйнай раздачы савецкага ўзору да раздачы ліберальнай. Першае, што пры гэтым кідаецца ў вочы, — гэта пагалоўнае ўкараненне індывідуальных кантрактаў у сферы рэгулявання працоўных адносін. Барацьбу з дармаедамі варта разглядаць у якасці фінальнага акорда на шляху пераходу ад прыватнай працы да службовай.

Службовы кантракт — гэта не прыватны кантракт паміж двума рынкавымі суб’ектамі, дзе яны вызначаюць усе ўмовы самі. Службовы кантракт фіксуе бяспраўнасць прыватнай асобы, а калі апошняя ўсё ж здолее вырвацца з-пад навязаных працоўных адносін, то дзяржава адмаўляецца ад сваіх канстытуцыйных абавязацельстваў перад ёй.

Пераход да ліберальнай раздачы суправаджаўся адмовай ад жорсткага дырэктыўнага планавання зверху, калі кожнаму прадпісвалася, што і як рабіць на сваім працоўным месцы. У выніку самастойнасць ніжніх звёнаў істотна ўзрасла, але пры гэтым адэкватнага зніжэння жадання «паруліць» на верхніх кіраўнічых узроўнях не сфармавалася. «Самая галоўная складанасць гаспадарання, — адзначае Бяссонава, — гэта забяспечыць самастойнасць у рамках адзіных правілаў. Інакш кожны пачынае аптымізаваць лакальна пад сябе».

Гэтую супярэчнасць і спрабуе ліквідаваць АП з дапамогай узмацнення жорсткасці патрабаванняў, што прад’яўляюцца чыноўнікам.

Зноў звернемся да тэксту прэс-рэліза ад 26 ліпеня: «Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што рэалізацыя маштабных праектаў, выкананне тых ці іншых рашэнняў шмат у чым залежыць ад прафесіяналізму кіраўнічых кадраў. Таму гаворку неабходна ў першую чаргу весці аб узмацненні жорсткасці патрабаванняў, якія павінны прад’яўляцца да дзяржаўных служачых».

Маштабныя праекты ў Беларусі — гэта за рэдкім выключэннем праекты дзяржаўныя. Таму адзіным суб’ектам, які адказвае за іх распрацоўку і рэалізацыю, быў і застаецца чыноўнік. Прыняты ў канцы 2017 года пакет дакументаў, накіраваны на разняволенне дзелавой ініцыятывы, да іх дачынення не мае. Тут іншая логіка — логіка жорсткага кантролю. Але яна адмаўляецца працаваць, калі ад чыноўніка патрабуецца не выканаў­часць, а здольнасць «вызначаць стратэгічныя задачы і правільна ацэньваць наступствы рашэнняў, што прымаюцца».

Да чаго гэта прыводзіць на практыцы, наглядна прадэманстраваў прыклад з беларускай АЭС. Будаўніцтва першага энергаблока выйшла на завяршальную стадыю, а АП, паводле яго ўласнага прызнання, «да гэтага часу выразна ніхто не далажыў, як станцыя будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-08-23 09:29:01
СяГРей Нікалюк?
  • Рэд.
  • 2018-08-23 09:45:49
Дзякуем за пільнасць!