Зісер: «Прысуд Золатавай зробіць Беларусь краінай-ізгоем»

Стваральнік партала tut.by выказаўся аб сітуацыяй з Марынай Золатавай, якая застаецца адзінай абвінавачанай па "справе БЕЛТА", піша Еўрарадыё.
Нядаўна Марыне Золатавай адмовілі ў хадайніцтве аб спыненні крымінальнай справы. Стваральнік партала Юрый Зісер на сваёй старонцы ў Facebook наступным чынам пракаментаваў гэтую сітуацыю:

"Вырашылі яшчэ месяц памучыць Марыну ў невядомасці. Таму што дапускаць да суду дзяржаве ніяк нельга: доказная база па яе крымінальнай справе настолькі слабая, што ў любым судзе рассыплецца, нават у нашым. Але апраўдаць Марыну наша судовая сістэма не наважыцца, а іншы прысуд верне Рэспубліку Беларусь у 2000-я, у сітуацыю краіны-ізгоя, нанясе ўсёй краіне сур’ёзныя палітычныя і эканамічныя страты".

Марыну Золатаву абвінавачваюць у бяздзейнасці службовай асобы. Ёй пагражае як мінімум штраф, а як максімум — да 5 гадоў пазбаўлення волі. Усіх іншых фігурантаў справы вінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да камп'ютарнай інфармацыі. Золатава мае месяц на азнаямленне з матэрыяламі справы, пасля чаго зноў зможа звярнуцца з хадайніцтвам у пракуратуру.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!