Зянон Пазьняк: Калі людзі ўдзельнічаюць у заведама фальшывым галасаванні, яны становяцца прыладай фальсіфікацыйнай машыны

Няўдзел выбаршчыкаў у фальшывым галасаванні робіць практычна немагчымым схаваць фальсіфікацыю выбараў. Гэта важна для непрызнання фальшывых выбараў і выяўлення нелегітымнасці антынароднай улады. Лідар кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ рэзка выказаўся пра чарговыя прэзідэнцкія выбары і кандыдатаў.

Пра байкот


Тое што ідэя байкоту фальшывых выбараў прыкметна ўвайшла ў нашае грамадства, гэта сведчанне здаровай рэакцыі часткі людзей на аферызм і ашуканства рэжыму. Апошнім часам (з 2008-га года) на рэжымнае галасаванне прыходзіла не больш за 30 адсоткаў выбаршчыкаў. На выбарах у "палату" ў 2019 годзе галасавала мізэрная частка людзей (10-20 адсоткаў). Колькасць прагаласаваных рэжым "дапісваў" у так званым "папярэднім галасаванні" і фальшаваннем колькасці галасоў на выбарчых участках, часта павялічваючы іх ў 10 разоў (зафіксавана назіральнікамі).

Няўдзел выбаршчыкаў у фальшывым галасаванні робіць практычна немагчымым схаваць фальсіфікацыю выбараў. Гэта важна для непрызнання фальшывых выбараў і выяўлення нелегітымнасці антынароднай улады.

Другі аспект байкоту — гэта прыступка для антырэжымнай кансалідацыі грамадства. (Гэта істотна, бо грамадства расколатае па адносінах да рэжыму).

Калі ж людзі ўдзельнічаюць у заведама фальшывым галасаванні, то яны аўтаматычна становяцца прыладай фальсіфікацыйнай машыны (сістэма іх выкарыстоўвае як прыкрыццё фальсіфікацыі, бо рэальныя галасы не лічаць, але выстаўляюць патрэбны рэжыму вынік).

Самае цяжкае для людзей — зразумець просты механізм ашуканства у гэтай афёры. Ідэалогія і палітычная пазіцыя чалавека тут на яго паводзіны амаль што не ўплываюць. Усё залежыць ад якасці думання. Таму не дзіўна, што асобы, якія не прымаюць антынародную палітыку рэжыму, часта пасіянарна ідуць на выбары, каб галасаваць супраць, ці за іншага, не ўсведамляючы, што іхні ўдзел у фальшывым галасаванні скарыстаюць для пакрыцця ашуканства. І растлумачыць тое ім немагчыма (тупіковая логіка). Свядомасць заблакаваная. Патрэбны час.

Рэжым зразумеў небяспеку байкоту і мы бачым, што выбары 2020 года, прызначаныя ў перыяд эпідэміі (што ўжо антызаконна), тактычна накіраваныя на забеспячэнне прыходу выбаршчыкаў на ўчасткі і на фактычную ліквідацыю сістэмы грамадскага кантролю і назірання за галасаваннем.

На карысць рэжыму служыць і наяўнасць прэтэндэнтаў ад рэжымнай наменклатуры, якія будуць разыгрываць ролю канструктыўнай альтэрнатывы для прыцягнення на выбары расчараванага і раззлаванага на Лукашэнку электарату.

Аб кандыдатах рэжымнай наменклатуры


Рэжымныя СМІ і асабліва канфармісцкія СМІ (іншых у нас ужо няма) раскручваюць дзве асобы спадароў Бабарыку і Цапкалу. Гэта сведчыць аб зацікаўленасці рэжыму і Масквы ў выключнай ролі гэтых прэтэндэнтаў.

Бліжэйшая функцыя іхняй ролі для рэжыму — гэта прыцягненне раззлаванага электарату на ўчасткі для галасавання (рэжым не хоча пустых участкаў).

Далёкасяжная роля для Масквы — гэта стварэнне важкіх палітычных фігур нібыта альтэрнатыўных Лукашэнку, якія будуць прызнаныя і кантраляваныя Масквой, Еўразвязам і ЗША (вакансія "Мілінкевіча", які выконваў гэтую ролю, цяпер якраз пустуе). Масква рыхтуе на будучыню новую, ужо наменклатурную, зрусіфікаваную (без нацыянальных беларускіх "замарочак") кіраваную альтэрнатыву рэжыму, якая пры патрэбе будзе скарыстаная для замены Лукашэнкі.

Спадара Бабарыку пачалі рыхтаваць да гэтай ролі яшчэ тры гады таму. Якраз тады ён пачаў выступаць публічна (напрыклад, у бізнес-клубе "Імагуру" на Фабрыцыуса) з апавяданнямі пра свае паняцці, пра ацэнкі эканомікі, фінансаў і т.п. на тым жа ўзроўні, што і цяпер з псеўда-крытыкай сістэмы. І ніхто яго, чыноўніка рэжыму, не рушыў.

Што датычыць "дыпламата" сп. Цапкалы, то ён як кадравы функцыянер "всегда готов", сваёй ролі ў выбарчай кампаніі і сваіх "рускамірскіх паняццяў" нават не хавае.

Павышаная ўвага да гэтых асобаў, якую настырна выяўляе агентура і СМІ, служыць не толькі рэкламе гэтых прозвішчаў, але (што цяпер найважней) адключэнню ўвагі грамадства ад смяротнай пандэміі і ад злачынства рэжыму Лукашэнкі, які выкарыстоўвае эпідэмію дзеля захворвання і знішчэння беларусаў.

Аб сацыяльным папулізме


Людзі раззлаваныя пагаршэннем жыцця, беспрацоўем, нізкімі заробкамі і несціханай хлуснёй Лукашэнкі. Узніклі прыдатныя ўмовы для пратэстнага папулізму. Ён тут жа з'явіўся: канструктыўная эмацыйная крытыка ўлады, апеляцыя да сацыяльных патрэбаў простага чалавека, забойчыя факты, сведчанні бяспраўя ды беззаконня і г. д. Усё гэта ўжо гучыць, усё яно зразумела людзям, усё людзьмі ўспрымаецца і "гібрыдная" агентура, што выскачыла ў гэты час, гераічна вядзе масы на змаганне з рэжымам. Тэхналогія праверана яшчэ ў царскай Расіі.

Можна нават не праглядаць іхную "ідэалогію", сутнасць вызначаецца ўжо па знешніх прыкметах: мова толькі руская, ніякіх нацыянальных сімвалаў, ніякіх размоваў, выступаў і апеляцыяў да нацыянальных праблем, да фактаў знішчэньня нацыі, школы, мовы, культуры і г. д.

У той час, калі рэжым глуміць усё нацыянальнае, яны будуць апеляваць да "дэмакратыі" і абапірацца на "статус-кво" як на аб'ектыўную аснову (гэта значыць, прызнанаваць злачынную ў выніку антыбеларускай палітыкі нацыянальную дэфармацыю грамадства як аб'ектыўную дадзенасць).

Характэрнай прыкметай пратэстаў пад уплывам агентуры ў Беларусі ёсць абавязковая падмена і замена агульнанацыянальных сімвалаў і колераў (напрыклад, Пагоню на бусліка ды на зубра). Прытым звычайна прыдумваюць глумлівыя прадметы. Некалі нейкі маладзён з псеўдаапазіцыі навязаў на дручок замест сцяга джынсавыя штаны. Мілінкевіч зрабіў з гэтага нацыянальны сімвал беларускага руху. Брусель ухваліў і назваў тое глумленне "рэвалюцыяй джынс". Псеўдаапазіцыя пачала насіць на шыі і махаць як сцягамі джынсавымі анучкамі.

<...>

У нядзелю, 24 траўня, я праглядзеў адкрыты эфір з Камароўкі аб зборы подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты. Тут класіка канторы. Груба, але прафесійна. Усё ёсць. Усё прысутнічае. Усё ўзорна. Новы глумлівы сімвал таксама прыдумалі для народа — дамашні тапак-шлёпанец, якім быццам бы б'юць тараканаў (гэта, відаць, у Цьмутаракані так робяць).

Нейкія асобы хадзілі з плакатамі, дзе намаляваныя шлёпанцы, неслі іх на дрэўках, трымалі ў руках. А ў час доўгага інтэрв'ю змагар з рэжымам Сяргей Ціханоўскі, якога раптам выпусцілі з-пад арышту, шмат разоў падымаў сціснуты кулак уверх і крычаў: "Стоп таракан!" "Стоп таракан"! — адзываліся побач. Якое там "Лукашэнка прэч!" Якое там "Слава Айчыне"! Якое там "Жыве Беларусь"! "Таракан" — крычаць.

Спадар Ціханоўскі камунікуецца не ў ФБ. Ён у канторскай "Вконтакте". На пытанне пра 1991 год — нацыянальную рэвалюцыю і Незалежнасць Беларусі — рэпліка: "А это когда Советскій Союз распался". Пра Пагоню і беларускі сцяг — "Как народ решіт" і г. д. Як кажуць, ад сябе не ўцячэш.

Тут тыповая пазіцыя чалавека, які знаходзіцца пад уплывам маскоўскай ідэалогіі гібрыднай вайны. Такіх людзей часам называюць "агентамі ўплыву", прытым яны нават самы пра тое не здагадваюцца, але дзейнічаюць у рэчышчы чужой палітыкі.

Такое здараецца з людзьмі, у якіх не пастаўлены і не сфармаваўся нармальны нацыянальны хрыбет, нацыянальная годнасць, гонар за мову, гісторыю і свой народ, які перажыве выпрабаванне. Цяпер у рэжымнай Беларусі, дзе лукашызм нішчыць усё беларускае, нацыянальная недафармаванасць асобы стала ўжо сацыяльнай асаблівасцю ў грамадстве.

Зрэшты, у такіх людзей (калі яны не завербаваная агентура, вядома) яшчэ ёсць перспектыва асабістага нацыянальна-культурнага развіцця ў інтарэсах Беларусі. Але пакуль што відовішча не найлепшае.

"За каго будзеце галасаваць?" — пытаюць у асобы са шлёпанцам у руках. "Хоць за каго, — чуецца адказ, — абы не Лукашэнка". (Часам здавалася, што гэта тыя самыя людзі, якія 25 гадоў таму крычалі: "Абы не Кебіч".)

Дакладна так было ў 1994 годзе, калі сацыяльны папулізм асядлала маскоўска-гэбоўская агентура, якая паставіла на Лукашэнку і мела падтрымку савецкага электарату ("з слязамі ў вачах"). У выніку атрымалі 25 гадоў ўнутранай прамаскоўскай акупацыі і вынішчэнне нацыі (мовы, культуры, нацыянальнай адукацыі, развалу эканомікі, упадку грамадства).

Зразумела, што лялькаводы на Ціханоўскага шмат не ставяць, у яго іншыя функцыі (прыцягнуць людзей на выбары), з якімі ён спраўляецца. Але побач з ім фігуруе (таксама ўжо гаворыць па-руску) нязменны "пратэстант" Статкевіч, вядомы правакатар пабоішча 2010 года. Становішча пакуль двузначнае. Пратэст павінен пашырацца. Аб'ектыўна Ціханоўскі расхіствае рэжымны сацыяльны маразм, людзі адгукаюцца, падтрымліваюць. Бяда толькі ў тым, што там, дзе Статкевіч і кантора, справа заўсёды заканчваецца дрэнна.

Аб гэбізме


Нагадаю пра відавочныя рэчы. Галоўнай дзяржаватрымальнай палітычнай сілай у Беларусі і ў Расіі (пачынаючы з 1999 —2000 года) з'яўляецца КГБ. Гэта цяпер супер-партыя на дзяржаўным забеспячэнні, пад шапкай эксклюзіўных законаў і з каласальнай агентурай. Гэтая супер-партыя (асабліва ў Расіі) асядлала ўсё — уладу, эканоміку, фінансы, рэсурсы, замежную палітыку, праваслаўную царкву, ваенна-прамысловы комплекс, бізнес, сродкі масавай інфармацыі, суды і пракуратуру. Гэтая супер-партыя вядзе гібрыдную вайну дзеля расійскіх імперскіх інтарэсаў у Беларусі, краінах Балтыі, ва Украіне, на ўсім свеце. Хто гэтага не разумее, таму не раіў бы ісці ў палітыку і нават рот адкрываць, каб каментаваць нейкія палітычныя дзеянні.

Што трэба зразумець у барацьбе з гэбізмам. Гэтую сілу (за якой улада) не пераможаш кампрамісам, не ашукаеш хітрасцю, удаваннем нейкай іншай пазіцыі, мімікрыяй, замежнымі спонсарамі (што самае неразумнае), палавіністымі лозунгамі ды апеляцыямі. Гэбізм баіцца адкрытасці і галоснасці (бо гэта напалову "таемнае таварыства"), і народа, над якм трымае ўладу.

Таму перамагчы гэбізм можна тады, калі змагацца адкрыта супраць антынароднай гэбоўскай сістэмы за свабоду беларускага народа і за беларускія нацыянальныя інтарэсы, але не цямніць пад "еўракаштоўнасці" ды пераймаць (за аплату) розныя сумніўныя дактрыны тыпу "правы чалавека" (прыдуманыя на Захадзе дзеля свабоды дэвіянтаў), бо пад праімперскай гэбоўскай акупацыяй не існуе ніякіх правоў. Тут трэба змагацца не за «правы» (якіх няма і не будзе), а за свабоду.

Воля Бацькаўшчыны, сацыяльная свабода народа, дэмакратычны лад, незалежная дзяржава і нацыянальная годнасць нацыі — вось нашае права, якое топчацца антынародным рэжымам пры падтрымцы Масквы.

Калі нацыя імкнецца перамагчы антынародную навалу, яна павінна адкрыта выставіць сваю грамадскую сілу і сваю праўду пад нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам і сведчыць адкрыта пазіцыю справядлівасці, каштоўнасці свайго народа, сваёй мовы, культуры, гісторыі і свайго існавання.Тут яе права, аплочанае крывёй і мільёнамі жыццяў! У пазіцыі сіла.

Аб народзе


Наш народ працавіты, разумны, добры, справядлівы і няшчасны. Няшчасны, бо страціў свае сацыяльныя вярхі — сваіх абаронцаў. Часткова іх знішчылі ворагі, часткова вярхі ва ўмовах акупацыі здрадзілі народу, выракліся яго мовы і перайшлі на бок непрыяцеля.

Тым часам нацыянальная інтэлігенцыя Адраджэння не аддзяляла сябе ад паспольства і ўсяго народу. Яна сама лічыла сябе народам і змагалася за агульную долю і волю нацыі.

Адна з тэхналогій сучаснай маскоўскай гібрыднай вайны — зневажаць і гадзіць на беларускі народ ад імя нібыта дэмакратаў і крытыканаў. Гэтай бесаўшчынай перапоўнены Інтэрнэт. Абзываюць агулам нашых людзей "чаркай-скваркай", "пафігістамі" і іншымі абразлівымі клічкамі. Гэтая хваля трольнай нянавісці часам падхоплівае іншых інтэлігентаў і так званых "апазіцыянераў", гатовых прад'явіць прэтэнзіі народу, які, маўляў, не змагаецца за іхныя перадавыя погляды і прапановы аб дэмакратыі, а толькі выжывае ды капаецца ў гноі ў кароўніку з 4-х гадзін раніцы за сто рублёў у калгасе альбо пад рэжымным кантрактам на заводзе, кляпаючы дэталі.

Прэтэнзіі да кінутага працоўнага народа настолькі агідныя, што не варта і каментаваць. У палітычным сэнсе — гэта грубая палітычная памылка. Людзі ад такіх палітыкаў адварочваюцца і пойдуць за агентурай, пад шлёпанцам і тараканам пад поўным абсурдам, але не за крытыканамі. (Для заметкі і параўнання. Палітык, які назавае народ "народцам" "у намордніку" падпісвае сабе прыгавор).

Свой народ (гэта значыць, нас усіх) трэба любіць, шанаваць, шкадаваць у няшчасці, дапамагаць дзеяннем і добрым словам, не чакаючы падзякі.

Самазахаванне ў гібрыднай вайне з імперскай Расіяй, перамога і нацыянальная будучыня беларусаў там, дзе беларуская мова, дзе нацыянальны сцяг, дзе Пагоня, нацыянальны ўрад, дэмакратычны парламент і вольны народ. Падняўшы сцяг нацыі як сцяг змагання, — мабілізуем змагароў за волю Бацькаўшчыны.

Паводле narodnaja-partyja.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: