Зянон Пазьняк: Усё пачалося з Курапатаў

Зянон Пазьняк, згадвае ў інтэрв'ю Радыё Свабода, як 30 гадаў таму стала магчымая публікацыя артыкулу пра расстрэлы ў Курапатах, тлумачыць, чаму людзі сталі менш ведаць пра Курапаты, і анансуе ініцыятыву «Брукаванка памяці».

— Зянон Станіслававіч, рыхтуючыся да інтэрвію, я перачытала нашу з вамі азмову ў 2008 годзе дзесяць гадоў таму, прысвечаную 20-годздзю адкрыцця Курапатаў, і фотаконкурсу «Мае фота — мае Курапаты». Па вялікім рахунку, яна не састарэла. Тады мы гаварылі пра тое, што Курапаты ў небяспецы, што не было суду над камунізмам, што за кратамі знаходзяцца людзі паводле палітычна матываваных прысудаў. І цяпер праз 10 гадоў тая ж самая ўлада ў Беларусі і ў Расеі, ёсць палітзняволеныя, вы па-ранейшаму ў эміграцыі, і Курапаты па-ранейшаму ў небяспецы — побач адкрываецца рэстаран і забаўляльны цэнтр. А што змянілася за 10, за 20, за 30 гадоў, пасля таго, як свету стала вядомая праўда пра Курапаты? А што не павінна мяняцца?

— Людзі сталі менш ведаць пра Курапаты і пра тое, што было нядаўна на памяці аднаго пакалення. Гэта вынік антыбеларускай палітыкі існуючай улады, менавіта — прапаганда ілжы і замочвання праўды.

Ёсць таксама іншы аспект. Перанасычанасць негатыўнай інфармацыяй спараджае прыгнечанасць пачуццяў, выклікае абаронны рэфлекс ад стрэсу. Тым часам у 1988 годзе, пасля адкрыцця Курапатаў, нашае грамадства перажыло глыбокі стрэс, які скалануў усіх.

Што не павінна змяняцца. Не павінны змяняцца перш за ўсё маральныя і праўныя ацэнкі злачынства, балеснае ўспрыняцце трагедыі генацыду і людабойства. Мусіць заставацца суперажыванне і жалоба, жальба над трагічным лёсам нарада і, адпаведна, раздумленне над будучыняй і цяпершчынай.

Для дачкі расстралянага паэта Маі Тодараўны Кляшторнай дзень 3 чэрвеня 1988 году, калі ў ЛіМе быў надрукаваны ваш артыкул з Яўгенам Шмыгалёвым «Курапаты — дарога смерці» з прадмовай Васіля Быкава, назаўсёды застаўся ў памяці. Вы кажаце, што людзі сталі менш ведаць пра Курапаты. Давайце каротка нагадаем, што адбылося, што папярэднічала гэтаму артыкулу, і што змянілася пасля яго.

— Гэтаму артыкулу папярэднічала пэўная лібералізацыя савецкага грамадства, перш за ўсё ў сферы інфармацыі. Але адкрыць праўду пра Курапаты на ўзроўні афіцыйнага друку тады было не рэальна. Я рыхтаваўся да гэтага 15 гадоў і выбраў момант перад 19-й канферэнцыяй КПСС, калі можна было скарыстаць часовы параліч систэмы і паспрабаваць ударыць нечакана.

Усё ўдалося і прадумана, і рызыкоўна, але, зразумела, што, калі б не падтрымала рэдакцыя «Літаратуры і Мастацтва», якая пайшла на канфрантацыю з ЦК КПБ і нават забаставала (неверагодная справа — раней зачынілі б газету і разагналі б усіх з воўчымі білетамі, у 30-х расстралялі б), калі б не пазіцыя рэдакцыі «Літаратуры і мастацтва», то перамагчы абставіны было б цяжка.

У ліпені 1988 году ў Курапатах праводзіліся раскопкі і эксгумацыі ямаў-магілаў.

Пасля публікацыі (як я гэта адчуваў) змяніўся свет. Выбух атамнай бомбы. Скаланулася ўсё грамадства і прыйшло ў рух. І ўсё гэта ўдалося скарыстаць. Праз чатыры месяцы быў створаны Беларускі Народны Фронт. Праз тры гады легітымным, мірным шляхам здабылі Незалежнасць Беларусі. Фактычна, усё пачалося з Курапатаў. Праўда пра Курапаты стала штуршком да свабоды.

— Год таму было згорнутае будаўніцтва ля Курапатаў пасля адчайнай і эфэктыўнай акцыі, ініцыяванай Змітром Дашкевічам. І тады былі спадзевы, што гэта апошні наступ на Курапаты, што вакол урочышча больш не будуць нічога будаваць, што прылеглая да ўрочышча тэрыторыя мае быць выкарыстаная для пабудовы музея. Але так не атрымалася, неўзабаве мае адкрыцца рэстарацыя. Якім ваш прагноз што да лёсу перайменаванага Бульбаш-холу? Ці будуць яшчэ такія Бульбаш-холы?

— Пакуль будзе існаваць у Беларусі гэтая манкуртавая ўлада, дык, як расейцы кажуць, — «то ли ещё будет». Масква ня спыніцца ніколі і ні перад чым, каб ліквідаваць Курапаты. Курапаты ёсць моцнае сведчанне іхнага злачынства, якое ім не ўдаецца абылгаць.

Ад самага пачатку і па задуме «Бульбаш-хол» ёсць грубая правакацыя, якую могуць прывесці ў дзеянне ў любы момант. Тут выпрабаванне беларусаў на трываласць цярпення, шляхам здзеклівай дэманстрацыі непавагі.

— Мы запісваем размову напярэдадні 3 чэрвеня. У гэты дзень актывісты КХП БНФ заплянавалі правесці жалобную акцыю ў Курапатах. У якім фармаце адбудзецца акцыя і наколькі шырокая яна будзе?

— Гэта будзе мітынг-рэквіем «Дзень памяці пра генацыд», прысвечаны 30-м угодкам адкрыцця Курапатаў. Плянуецца выстава, выступы, гучанне памятнай сакральнай музыкі, дэкламацыі твораў пра Курапаты, запаленне знічаў, шэсце на «Галгофу» і іншае. Ёсць дазвол абласной улады.

У 1989 годзе падчас шэсця і жалобнага мітынгу ў Курапатах з нагоды Дня памяці продкаў быў усталяваны Крыж пакутаў, які асвяцілі святары чатырох асноўных канфесій — праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай і ўніяцкай.

Між іншым, намі ўжо аб’яўлена ініцыятыва «Брукаванка памяці». Сутнасць яе ў тым, што пасля адзначэння 30-х угодкаў адкрыцця Курапатаў нізкае месца на плошчы перад Крыжам Пакуты будзе падсыпанае пяском і выбрукавана каменнем. Кожны грамадзянін Беларусі можа прывезці (альбо прынесці) сюды свой мясцовы камень памяці, які будзе ўбрукаваны ў брукаванку. І такім чынам гэты пляц перад Крыжам будзе памяццю ўсіх жывых. Ужо з 3-га чэрвеня можна будзе пачынаць гэтае рушэнне.

— У гэтыя дні гучыць шмат віншаванняў Святлане Алексіевіч, беларускай Нобэлеўскай лаўрэатцы. Год таму ўлады прапанавалі ёй узначаліць камісію, якая бы вызначала пераможцу абвешчанага конкурсу на памятны знак у Курапатах. Алексіевіч адмовілася, сказаўшы, што такую камісію меўся бы ўзначаліць адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк. Ці змянілася ваша стаўленне да Святланы Алексіевіч за апошнія тры гады? Як вы мяркуеце, ці змянілася яна пасля атрымання Нобэлеўскай прэміі?

— Аб так званай камісіі. Рэжым хацеў скарыстаць Алексіевіч у брыдкай справе ліквідацыі Народнага мемарыялу Курапаты шляхам яго рэжымнай мемарыялізацыі (у народзе такое называюць выбіванне кліна клінам). Алексіевіч адмовілася.

Што датычыць самой Алексіевіч, то апошнім часам яе рыторыка перамянілася на лаяльную да беларусаў, нават да мовы і культуры. Мяркую, яна зразумела, што беларусы за павагу здольныя ёй шмат што дараваць, але расейская «вата» (куды яна імкнулася і якая цяпер «правіць баль»), гэтая «вата» стопча яе, не азіраючыся, і не ўспрыме яе ніколі. Думаю, вось гэта якраз стала ёй зразумела.

— Зянон Станіслававіч, час ідзе, мяняюцца пакаленні ў свеце і Беларусі, у тым ліку і ў апазіцыі, у грамадскай супольнасці, што засведчыла адзначэнне 100-годзьдзя БНР у Менску. Як вы ацэньваеце тое пакаленне, якое мае вызначаць, якой быць Беларусі ў наступныя 20-30 гадоў? Яно вырасла ў тыя часы, калі ў падручніках не пісалі пра Курапаты і БНР, але на фотаздымках са святкавання Дня Волі ў Менску сёлета бачныя пераважна твары маладых людзей. Як вы мяркуеце, хто для іх Зянон Пазьняк? Што для іх Курапаты? Які ваш погляд на гэтае пакаленне.

На Дзень Волі ля Опернага тэатра былі добрыя беларусы і жывыя людзі.

— Шчыра кажучы, ацэньваю трывожна. Хоць свет цяпер адчынены, тым ня менш гэтыя людзі ўсё ж выраслі пры хамскай уладзе і антыбеларускай палітыцы, пры несвабодзе. Некаторых тое загартавала, але ў цэлым яно (гэтае пакаленне) па-сапраўднаму ў тых умовах нацыянальна не выспела. Несвабода нішчыць гонар асобы, нястача прыніжае, матэрыялізм разбурае ідэалы. Станоўчае ў іх — гэта ўцяканне ад саўка, адварот ад «рашы» і ўсведамленне сувэрэннасці тэрыторыі сваёй краіны.

Што датычыць людзей, якія сабраліся ля Опернага тэатру, то спадзяюся, што Пазьняк для іх — асоба станоўчая, а Курапаты — у іхным сэрцы. На Дзень Волі ля Опернага тэатра былі добрыя беларусы і жывыя людзі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ТЕНЬ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛАЙ ЛЖИ
  • 2018-06-03 14:18:54
Видите тень под ботинком Михаила Сергеевича? Это тень бел-чырвона-белай хлусьні аб свабодзе і незалежнасці, якую б-ч-б змагары здабылі на Беларусі, перад тым як дэзерціраваць на Захад, кінуўшы народ, БНФ і адраджэнне. Бо менавіта Горбі сваёй палітыкай, сваёй перабудовай і галоснасцю, якія пачаліся ў 1985 гіодзе, дараваў затым незалежнасць БССР і беларусам, ды яшчэ чатырнаццаці іншым саюзным рэспублікам СССР, калі разбурыў Саюз Непарушны. Чаму Гарбачоў & Co. вышэйшых асобаў Саюза зрабілі так, а не інакш? Дык відаць выйсця іншага ў той савецкі камуністычны час ніхто з кіраўнікоў КПСС і СССР не бачыў, акрамя развалу магутнай дзяржавы, акрамя як разбегчыся па сваіх пяінаццаці нацыянальных незалежных кватэрах-рэспубліках. А вы кажаце ўсё пачалося з Курапатаў. Не ўсё. Толькі бел-чырвона-белая хлусьня.
  • Anatol Starkou
  • 2018-06-03 14:21:33
P.S. На фб старонцы НЧ я змясціў фотакопію карціны Файбисовича Семена Натановича (1949) «Портрет М.С.Горбачева». 1989. На гэтай карціне ўбачыў ТЕНЬ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛАЙ ЛЖИ.