Зміцер Паліенка: З затрыманымі на Акрэсціна абыходзяцца скрайне жорстка

Актывіст анархісцкага руху позна ўвечары 11 жніўня выйшаў на волю з ізалятара на Акрэсціна. Ён адбываў там 15 сутак за парушэнне хатняй «хіміі». Каб выйсці па сканчэнні тэрміну, Паліенку давялося зноў парэзаць сабе руку. Ён распавёў «Новаму Часу» пра тое, што там цяпер адбываецца.


Змітра Паліенку змясцілі ў ІЧУ 27 ліпеня, да гэтага ён паспеў пабыць на волі два дні пасля папярэдніх сутак. Апошнія 15 сутак актывіст правёў у ШІЗА — памяшканні, куды не дазволена перадаваць перадачы. Такога жаху, які цяпер адбываецца на Акрэсціна, актывіст не бачыў за ўвесь час сваіх арыштаў.

— Гэта «добра», што ў мяне хатняя «хімія», бо я сядзеў з крымінальнікамі. Бо ў тых, хто ішоў па адміністрацыйных справах, пачалося перапаўненне ў камерах з 9 чысла, там немагчыма было знаходзіцца. У камеры на 6 чалавек — чалавек 30, у камеры на 3 чалавекі — 25. Пастаянна прыязджаюць хуткія, таму што душна, людзі страчваюць прытомнасць. Пры мне адзін чалавек самлеў, упаў і разбіў сабе галаву, — распавядае Зміцер Паліенка.

Па яго словах, 9 жніўня вязняў з Акрэсціна пачалі звозіць у Жодзіна, каб вызваліць месцы для новых затрыманых. Але гэта, кажа Паліенка, быў толькі першы этап. Тых, каго прывезлі ў ізалятар 9-га, збіралі ва ўнутраных дворыках і новымі этапамі звозілі ў Жодзіна.

— Такое было ў 2017 годзе, калі была зачыстка перад Днём Волі, — узгадвае актывіст.

Тым, хто шукае інфармацыю пра сваіх затрыманых родных, Зміцер Паліенка раіць звяртацца ў 102, калі там нічога не паведамляюць, — пісаць заяву аб знікненні чалавека. Тады ёсць спадзеў, што інфармацыю прадаставяць.

Ён гаворыць, што з затрыманымі абыходзяцца крайне жорстка: лаяцца матам, прыніжаюць, пагражаюць.

— Усіх заводзяць у кайданках і кожнага б’юць палкай па нагах — для прафілактыкі. На галаву намотваюць ручнік, каб людзі нічога не бачылі. Закідваюць у камеры, як селядцоў. Суды праходзяць там жа, у ІЧУ, доўжацца секунд 20. Чалавека выклікаюць з камеры і прапануюць два варыянты: прызнаеш, што ты ўдзельнічаў (у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. — НЧ), атрымліваеш штраф — і дамоў. Не прызнаеш — 10 ці 15 сутак, і на Жодзіна. Ніхто не разбіраецца. Усе ў шоку, людзі не разумеюць, як яны там аказаліся.

Але на некаторых заводзяць крымінальныя справы за ўдзел у масавых беспарадках, паводле якой логікі гэта адбываецца — незразумела.

Агулам умовы ўтрымання на Акрэсціна за апошні час не змяніліся: вязняў па-ранейшаму не выводзяць на прагулкі і ў душ, не выдаюць матрасы. Выключэнне робяць хіба што для дзяўчат у ЦІПе — ім матрасы даюць. Аднойчы, каб вязні не спрабавалі зазіраць у акенца, каб паглядзець на людзей, што стаяць ля ізалятара, дзяжурная выліла ў камеру ваду з хлоркай.

Самога Змітра Паліенку павінны былі вызваліць 11 жніўня ў 16.30. Але гэтага не адбылося. Да таго ж у актывіста яшчэ застаўся адзін адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне міліцыі ў судзе, які адбыўся над ім 8 ліпеня. Таму яго з ізалятара мусілі забраць у РАУС і правесці новы суд.

— Але я ўжо стаміўся гэта трываць, і таму давялося парэзацца, — дэманструе анархіст забінтаваную правую руку.

Начальнік ІЧУ ўбачыў, што намеры ў вязня сур’ёзныя, і ў 23.00 выпусціў яго з ізалятара. Руку перабінтавалі проста туалетнай паперай, з сабой далі сурвэткі. Цяпер у любы момант да Паліенкі зноў могуць прыйсці і затрымаць. Ён мяркуе, што прабудзе на волі да панядзелка, 17 жніўня. У гэты дзень яму трэба ісці адзначацца ў міліцыю, і там яго могуць зноў затрымаць.

Увогуле, выглядае Зміцер Паліенка вельмі схуднелым і бледным, пад вачыма — цёмныя кругі. Але гэтым разам ён не абвяшчаў галадоўку. На здароўе ён не скардзіцца, але кажа, што ў апошні дзень балела галава, былі праблемы з ціскам і прыгнечаны маральны стан.

— Спаць немагчыма, людзі ўвесь час грукаюць у дзверы, крычаць «Выпускай!».

У зняволенні вязні не атрымліваюць ніякай інфармацыі, у парушэнне ўсіх нормаў да іх не прапускаюць не толькі прэсу і лісты, але не выдаюць паперу, асадкі.

Архіўнае фота

Тым не менш, у ізалятары былі чуваць сігналы машын, таксама бачныя выбухі ад светлашумавых гранат — Зміцер думаў, што гэта салюты.

Галасаванне ў дзень выбараў на Акрэсціна таксама праходзіла цікава.

— 9 чысла прывезлі двух звычайных хлопцаў. Яны прагаласавалі за Ціханоўскую на сваім участку, потым пайшлі ў кавярню і там выпілі. Побач аказаўся міліцыянт у цывільным, пачуў іх размовы, што яны супраць Лукашэнкі, і затрымаў. Іх прывезлі ў ІЧУ і ў той жа дзень запрасілі зноў прагаласаваць там. І яны двойчы прагаласавалі за Ціханоўскую.

Таксама Зміцер Паліенка распавядае, што 9 жніўня апошні раз перастукваўся і перакрыкваўся праз вентыляцыю з Паўлам Севярынцам. Той амаль увесь час знаходзіўся ў карцары: шэсць дзён карцару, на дзень выпускаюць, потым зноў карцар. Ён не ведае, дзе палітык знаходзіцца цяпер — на Акрэсціна ці ў Жодзіна. Яго жонка Вольга Севярынец кажа, што Павел па-ранейшаму ў ІЧУ. Зміцер Паліенка яшчэ раз удакладніў, калі палітык выходзіць. Той сказаў, што 21-га жніўня.

Цяпер анархіст шукае родных трох затрыманых: Яўгена Каліноўскага (яму прад’яўляюць крымінальны артыкул 364 за напад на супрацоўнікам міліцыі на Нямізе), Антона Сташэўскага са штаба Святланы Ціханоўскай (перад выбарамі яго выклікалі ў ГУБАЗ для гутаркі і затрымалі, цяпер прад’яўляюць удзел у масавых беспарадках), Дзяніс Кот (яго затрымалі на вуліцы Кнорына ў Мінску).

— Такіх людзей вельмі шмат, пра якіх не вядома, што яны затрыманыя. Нідзе пра іх не пішуць, — гаворыць актывіст. — Я чуў, што людзей затрымлівалі проста за нацыянальную сімволіку і белыя бранзалеты.

Па яго словах, сярод супрацоўнікаў ізалятара вельмі многія — супраць дзеючай улады. Але займаюць пазіцыю, што «ў нас такая праца».

Зміцер Паліенка заклікае не маўчаць людзей, супраць якіх ужываюць рэпрэсіі. Ён перакананы, што нельга прызнаваць віну за тое, чаго не здзяйсняў, і падпісваць хлуслівыя пратаколы ў абмен на вызваленне.

— Ёсць шмат варыянтаў: можна абвясціць галадоўку, ускрыцца — хаця гэта гучыць дзіка. Пісаць скаргі ў ГУУС Мінгарвыканкама не мае сэнсу, бо ўсе загады адтуль ідуць.

Увогуле сітуацыю ў краіне актывіст атрымлівае хутчэй станоўча.

— Трывожна тое, што ўсё так жорстка, але я вельмі рады, што не паўтараецца звычайны сцэнар Плошчы. Самы ідэальны варыянт пратэсту без крыві і затрыманняў — забастоўка, нявыхад на працу, вучобу. Я вельмі спадзяюся, што людзі гэта падтрымаюць і далучацца, а таксама працягнуць выходзіць на вуліцы. Я ўчора ехаў на машыне і быў у шорку: усе сігналяць, уздымаюць пальцы, такая салідарнасць — гэта класна.

Дарэчы, з Акрэсціна актывіста на машыне забралі абсалютна незнаёмыя людзі — так што салідарнасць у грамадстве, сапраўды, трывае.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: