Зняволенаму не аддаюць «Новы Час»? Пішыце скаргі

Апошнім часам у рэдакцыю ўсё часцей паведамляюць, што адміністрацыі розных папраўчых устаноў перасталі перадаваць нашым падпісчыкам-зняволеным газету «Новы Час». Як гэта выправіць? Як мінімум — пісаць скаргі.

Тое, што адміністрацыя папраўчых устаноў не аддае газету яе падпісчыкам, пры гэтым прыдумляе розныя нагоды: «газета забароненая», «газета экстрэмісцкая», «артыкулы ў газеце распальваюць варажнечу», — свавольства начальнікаў гэтых устаноў.

Фактычна гэтыя начальнікі паставілі сябе вышэй за Міністэрства інфармацыі, суд і спецыяльную камісію «па выкрыцці экстрэмізму». Як гэта выправіць? 

Калі вашы родныя ці сябры паведамілі вам пра тое, што газету не аддаюць, пішыце скаргі ў Дэпартамент выканання пакаранняў.

Вось прыкладны ўзор такой скаргі:

Кіраўніку

Дэпартамента выканання пакаранняў

Маткіну А.У.

 

СКАРГА

Як паведамляюць _________________, якія знаходзяцца ў _________________, адміністрацыя гэтых папраўчых устаноў адмаўляе ім ў атрыманні выдання “Новы Час” на той падставе, што газета нібыта з’яўляецца “экстрэмісцкай” ці забароненай, ці матэрыялы, што знаходзяцца ў газеце, распальваюць варажнечу.

Паведамляем Вам, што газета “Новы Час” афіцыйна зарэгістраваная Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь (пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі №206 ад 20 ліпеня 2009 года).

Выданне можа быць прызнана “экстрэмісцкім” або “распальваючым варажнечу” і выхад яго можа быць прыпынены выключна па рашэнні суда або па рашэнні Міністэрства інфармацыі.  Рэдакцыі газеты “Новы Час” нічога не вядома ані пра падобны суд, ані пра адпаведнае рашэнне. Газета ажыццяўляе сваю дзейнасць выключна ў прававым рэчышчы, згодна з Законам аб СМІ Рэспублікі Беларусь.

Адміністрыцыя папраўчых устаноў правам прызнаваць выданне экстрэмісцкім, а таксама забараняць яго выхад ці распаўсюд не надзелена.

Артыкул 19 Закона РБ “Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай” гаворыць: “У мэтах самаадукацыі асобы, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай, маюць права карыстацца літаратурай і выданнямі перыядычнага друку з бібліятэкі месца ўтрымання пад вартай або набытымі праз адміністрацыю месца ўтрымання пад вартай у гандлёвай сетцы, падпісвацца на газеты, часопісы і атрымліваць іх”.

Артыкул 89 КВК РБ кажа, што “Асуджаным да пазбаўлення волі дазваляецца атрымліваць у пасылках, перадачах, бандэролі і дробных пакетах пісьмовыя прыналежнасці, набываць праз гандлёвую сетку літаратуру, а таксама без абмежавання падпісвацца на газеты і часопісы за кошт уласных сродкаў звыш сум, устаноўленых для расходавання на прадукты харчавання і прадметы першай неабходнасці”.

Зняволеныя вышэйзгаданых устаноў падпісаныя на газету “Новы Час” належным чынам праз аддзяленне паштовай сувязі.

Такім чынам, на нашу думку, адміністрацыя згаданых папраўчых устаноў уводзіць неабгрунтаваныя абмежавальныя захады ў дачыненні не толькі да зняволеных, але і да рэдакцыі газеты “Новы Час” (атрымліваецца, што рэдакцыя газеты не выконвае свае абавязкі перад падпісчыкам).

Акрамя таго, адміністрацыя папраўчых устаноў уводзіць нашых падпісчыкаў у зман, бо газета, як было пазначана вышэй, не была прызнаная “экстрэмісцкай”, яе выхад не забаронены,

У сувязі з гэтым просім:

1.      Правесці тлумачальную работу сярод кіраўніцтва і персаналу ______________ наконт палажэнняў заканадаўства ў рэчышчы прызнання выдання “экстрэмісцкім” і парадку выдачы перыядычных выданняў, афіцыйна зарэгістраваных у Беларусі.

2.      Забяспечыць перадачу газеты “Новы Час” у ____________ ўсім падпісаным на выданне.

Адказ просім даць у вызначаны законам тэрмін.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: