Зноў катаванні на Акрэсціна: у камеру на 6 чалавек увапхнулі 24, на падлогу вылілі вядро з хлоркай

Пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання расказалі жанчыны, якія выйшлі пасля выходных са штрафамі з Акрэсціна. Але ў знявоненні засталіся дзяўчаты без матрацаў, без таблетак, з моцным зубным болем і гіпсам, паведамляюць праваабаронцы ў тэлеграме.



Алеся Аляксейчык, якую суд Савецкага раёна асудзіў 26 студзеня на 50 базавых штрафу па ч.3 арт. 23. 34 КаАП распавяла праваабаронцам пра тое, як прайшлі яе трое сутак у ЦІП на Акрэсціна:

«У суботу ў шасцімесную камеру №16 нас змясцілі 24 чалавекі. У камеры былі жанчыны ад 18 да 62 гадоў: фінансавы аналітык, лекарка, культуролаг, студэнткі, PR-менеджарка, перакладчыца, дэфектолаг, супрацоўніца заапарка, праграмісткі, бухгалтарка.

Паветра не хапала: доступу да вокнаў не было. Мы прасілі адкрыць "кармушку" — безвынікова. Ад недахопу паветра балела галава, увесь час хацелася спаць. Клаліся на падлогу — там больш паветра было. Ад гэтага пастаянна ўпадалі ў сон. Матрацы ў нас адабралі, таму мы спалі на падлозе, сталах, тумбах — гэта лепш, чым на жалезных прутах.

Раніцай у нядзелю на абыходзе ў камеру на падлогу вылілі вядро з хлоркай. Адной дзяўчыне з алергіяй і хворым сэрцам стала дрэнна. У іншай дзяўчыны з алергіяй на пах курыва быў прыступ удушша, калі нам ненадоўга ўключылі выцяжку і адтуль пацягнула цыгарэтамі.

Яшчэ ў адной дзяўчыны рука была ў гіпсе, які трэба было здымаць і рабіць рэнтген. Пяць дзён запар яна прасіла адвезці яе на зняцце гіпсу і рэнтген, на што ёй адказвалі — "перадам начальніку турмы".

Нам выдалі туалетную паперу і зубную пасту. На ўсе астатнія просьбы адказвалі — "нечага было хадзіць".

Там засталіся дзяўчынкі без матрацаў, без таблетак з моцным зубным болем і гіпсам».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: