Зноў назад у будучыню?

Маленечкія зрухі ў розных галінах соцыуму даюць падставы для спадзеваў, што ў краіне нешта зменіцца. Эксперты ўжо пачалі задумвацца: можа быць, у Беларусі пачынаецца перабудова?

Як вядома, для таго, каб вырашыць праблему, трэба яе акрэсліць і асэнсаваць. Да гэтага шчыльна падышоў не хто іншы, а наш любімы Белстат. Днямі ён апрылюдніў вынікі даследавання хатніх гаспадарак Беларусі, праведзенае па вызначэннях Міжнароднай арганізацыі працы і методыцы Сусветнага банку.

Даследаванне ахоплівае 7 тысяч хатніх гаспадарак штоквартальна, або 28 тысяч хатніх гаспадарак у год — ні адна арганізацыя, якая займаецца вывучэннем грамадскай думкі ў Беларусі, не робіць нічога супастаўнага па ахопу. Менавіта на аснове гэтых дадзеных праводзяцца даследаванні рынку працы і рыхтуюцца рэкамендацыі для сацыяльна-эканамічнай палітыкі ва ўсім свеце.

У выніку высветлілася, што беспрацоўных, насамрэч, у мінулым годзе быў не 1%, а 5,8% ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Так здарылася менавіта з-за выкарыстання вызначэння МАП. Паводле яго, беспрацоўным лічыцца той, хто, па-першае, сам называе сябе беспрацоўным, па-другое, актыўна шукае працу і, па-трэцяе, гатовы прыступіць да працы ў самыя кароткія тэрміны (у бліжэйшыя 2 тыдні). Паколькі ў Беларусі на біржу працы становяцца далёка не ўсе такія людзі, дык колькасць фактычных беспрацоўных у нас вышэй, чым колькасць зарэгістраваных беспрацоўных.

Але больш дасведчаных грамадзян, асабліва эканамістаў і іншых экспертаў, узварушыла зусім не лічба беспрацоўя. Справа ў тым, што эканамічна актыўнага насельніцтва ў Беларусі, згодна з тым жа Белстатам, на студзень гэтага года налічвалася 4 мільёны 404 тысячы 800 чалавек. Шляхам няхітрых падлікаў высвятляецца, што 5,8% ад гэтай колькасці — 255 тысяч 478 чалавек.

Адсюль і ўзнікае пытаннечка. Як вядома, падатковыя органы краіны разаслалі «лісты шчасця» прыкладна 470 тысячам «дармаедаў». Гэта значыць «лішніх» — недзе 215 тысяч лістоў. Не дзіва, што атрымлівалі такія «падарункі» і памерлыя, і студэнты, і тыя, хто служыць у войску…

Калі «лішнія» 215 тысяч мы памножым на кошт перасылкі аднаго ліста (36 капеек), дык атрымаем суму ў 77 тысяч 400 рублёў, альбо, па сённяшнім курсе, каля 42 тысяч долараў. Гэта без уліку працы, кошту паперы і капэртаў. Такім чынам, з-за хібнай статыстыкі падатковыя органы нанеслі краіне страты, якія Крымінальным кодэксам фармулююцца як «у асабліва буйных памерах».

Незвычайным чынам на тыдні выявіў сябе і айчынны кіраўнік. Наведваючы Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр трансплантацыі органаў і тканак, Лукашэнка чамусьці размаўляў пра распрацоўкі, суісканне Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі. Адна з навуковых распрацовак — цыкл навуковых працаў «Вытокі беларускай дзяржаўнасці: Полацкая і Віцебская землі ў IX—XVIII стагоддзях». У іх па-новаму раскрываецца працэс фармавання тэрыторый усходнеславянскіх раннедзяржаўных утварэнняў і іх цэнтраў.

Лукашэнка нечакана заявіў, што сёння ідзе праца над новымі падручнікамі, і гэтыя моманты станаўлення беларускай дзяржавы ў іх абавязкова трэба адлюстраваць. «Трэба прапісаць і ўкараніць у розумы нашых людзей праўду, — падкрэсліў ён. — Тут калі і ёсць нейкі нацыяналізм, то гэта нацыяналізм здаровы».

Кіраўнік дзяржавы таксама правёў паралель з сучаснасцю. «Мы сапраўды сябе стварылі, і з намі лічыліся тады. Усё гэта сугучна і актуальна цяпер, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Сёння некаторыя пад выглядам «дармаедства», яшчэ нечага спрабуюць гэты човен разгайдаць і даказаць нам, што гэта не нашы землі, а чыесьці. Таму для нас гэта вельмі актуальна. «Дармаеды» павінны ведаць, што іх проста спрабуюць сёння выкарыстоўваць у самых карыслівых мэтах, каб разбурыць тое, што ёсць, знішчыць на корані тое, што мы адрадзілі, каб не даць нам замацавацца. І яны будуць выкарыстоўваць усё».

То бок, Аляксандр Рыгоравіч ускосна прызнаў, што сам стварыў праблему, якая можа «разгайдаць човен», і не толькі ў эканамічным плане. Зараз ён заклікае «дармаедаў» да нацыянальнай свядомасці.

Па-першае, заўважу, што праблема вырашаецца вельмі проста. Варта адмяніць гэты бязглузды «дармаедскі збор» — і «разгойдваць човен» ужо не будзе каму. Па-другое, можна крыху супакоіць Аляксандра Рыгоравіча: на акцыі супраць дэкрэта ў Віцебску толькі трое чалавек паспрабавалі выгукваць: «Слава Расіі!». Але гэтыя воклічы ніхто не падтрымаў.

Канешне, тэмай не толькі гэтага тыдня для неабыякавых грамадзян ёсць і чарговае супрацьстаянне ва ўрочышчы Курапаты, — месцы масавых расстрэлаў у 1930-я гады пад Мінскам. Гісторыя дзіўная: забудоўшчыку аддалі зямлю, якая ўваходзіла ў ахоўную зону Курапатаў, а потым межы гэтай зоны змянілі так, каб будоўля ў яе не трапляла. Актывістам пакуль удалося прыпыніць працу будаўнікоў.

Цікава, што шмат дзяржаўных асоб дэ-факта падтрымалі пратэст. Газета «СБ. Беларусь сегодня» зладзіла «круглы стол» з гэтай нагоды. На ім галоўны рэдактар выдання Павел Якубовіч заявіў, што мае намер звярнуцца да кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта з просьбай падтрымаць ідэю стварэння агульнанацыянальнага мемарыяла ва ўрочышчы Курапаты. Ідэю ўхваліў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі Уладзімір Адамушка і ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка. А дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ доктар гістарычных навук Віктар Шадурскі ўвогуле выказаў думку, каб на «талаку» па ўпарадкаванні ўрочышча (гэтыя мерапрыемствы рэгулярна ладзіць грамадскасць) дасылалі студэнтаў, у тым ліку з БРСМ.

Карацей, высокія службовыя асобы вярнуліся ў часы «махровага нацыяналізму», і нават раней — у часы «гарбачоўскай перабудовы». Рашэнне пра мемарыял у Курапатах было прынятае яшчэ ў БССР у 1989 годзе.

Хвалюе толькі адно: куды падзеліся 25 гадоў?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: