ЗША заклалі ў бюджэт дапамогу краінам, якія пакутуюць ад агрэсіі Расіі

Праектам бюджэту ЗША на 2016 фінансавы год прадугледжаная падтрымка краін-суседзяў Расіі. Пра гэта паведамляе прэс-служба дзяржаўнага дэпартамента ЗША.



«Бюджэт уключае жыццёва важную падтрымку Украіны і краін у рэгіёне, якія супрацьстаяць расійскаму ціску і агрэсіўным дзеянням», — адзначаецца ў дакуменце.
 
 
Згодна з праектам бюджэту, Украіна зможа разлічваць на дапамогу ў памеры 117 млн долараў. Таксама Украіна можа атрымаць 275 млн долараў ЗША дадатковых крэдытных гарантый да сумы ў 1 млрд долараў, калі краіна дасягне прагрэсу ў праграме МВФ і правядзенні рэформаў. Яшчэ $ 51 млн можа быць накіраваны на падтрымку Грузіі і Малдовы.
 
 
Усяго на аперацыі па стрымліванні за мяжой праект бюджэту на 2016 фінансавы год прадугледжвае асігнаванні ў памеры 7 млрд долараў. Раней амерыканскае выданне New York Times напісала, што пасля таго, як прарасійскія тэрарысты ўзмацнілі свае атакі на Усходзе Украіны, у ЗША могуць перамяніць палітыку і перадаць украінскай арміі смяротную зброю. Па інфармацыі выдання, да аказання ваеннай дапамогі Украіне схіляецца галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі ЗША і НАТА ў Еўропе Філіп Брыдлаў, а таксама шматлікія прадстаўнікі адміністрацыі прэзідэнта Барака Абамы і Пентагона.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!