ЗША ўвялі санкцыі яшчэ супраць 43 грамадзян Беларусі

Урад ЗША ўжо двойчы ўводзіў санкцыйныя спісы. У іх трапілі 66 чалавек, нагадвае «Еўрарадыё».


Адміністрацыя ЗША прыняла рашэнне ўвесці санкцыі ў дачыненні да 43 грамадзян Беларусі, у тым ліку асоб высокага рангу, «адказных за падрыў дэмакратыі» ў краіне. Пра гэта гаворыцца ў заяве дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена.

Падставай для прыняцця рашэння сталі няспынныя рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў, актывістаў і журналістаў.

«Асаблівую трывогу выклікаюць аблавы 16 лютага на праваабарончую арганізацыю "Вясна", Беларускую асацыяцыю журналістаў і незалежных прафсаюзных работнікаў, а таксама вынясенне 18 лютага прысуду журналістам Кацярыне Андрэевай і Дар'і Чульцовай», — адзначыў Блінкен.

У санкцыйны спіс трапілі чыноўнікі са сферы юстыцыі, кіраўнікі і шараговыя супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія затрымлівалі і жорстка паводзілі сябе з мірнымі дэманстрантамі, суддзі і пракуроры, якія маюць дачыненне да вынясення турэмных прысудаў журналістам і ўдзельнікам пратэстаў, а таксама работнікі ВНУ, якія пагражалі студэнтам.

Гэтым асобам будзе забаронены ўезд у Злучаныя Штаты, адзначаецца ў дакуменце.

Агенцтва ТАСС спрабавала ўдакладніць прозвішчы людзей, якія трапілі ў санкцыйны спіс, аднак у прэс-службе Дзярждэпартамента сказалі, што пакуль «няма чаго дадаткова дадаць».

Раней урад ЗША ўжо двойчы ўводзіў санкцыйныя спісы. У іх трапілі 66 чалавек — чыноўнікі высокага рангу і грамадзяне, якія маюць дачыненне да падрыву дэмакратыі ў Беларусі, нагадалі ў Дзярждэпартаменце.

Там таксама адзначылі ,што «Злучаныя Штаты працягваюць падтрымліваць міжнародныя намаганні па незалежным расследаванні парушэнняў, якія мелі месца падчас выбараў у Беларусі, а таксама рэпрэсій у дачыненні да мірных грамадзян».

Пра магчымыя новыя санкцыі ЗША ў дачыненні да Беларусі ідзе гаворка і ў рэзалюцыі, якая цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Кангрэсе ЗША.

Напярэдадні аб пашырэнні санкцыйнага спісу ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і іншых асоб, адказных за рэпрэсіі і ўшчамленне правоў чалавека, абвясціла і Вялікабрытанія.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: