ЗША заклікаюць улады Беларусі неадкладна спыніць эскалацыю гвалту і вызваліць палітзняволеных

Палітычныя зняволеныя ў Беларусі павінны быць вызваленыя, заявіў дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа. Тэкст заявы распаўсюдзіла 12 лістапада прэс-служба Дзярждэпартамента, паведамляе www.racyja.com

«ЗША асуджаюць знаходжанне пад вартай палітычных зняволеных у Беларусі, — сказаў Пампеа. — Цяпер больш за 100 палітычных зняволеных утрымліваюцца пад вартай за ажыццяўленне сваіх правоў і асноўных свабод шляхам мірнага ўдзелу ў акцыях пратэсту, заклікаў да свабодных і справядлівых выбараў і заклікаў да нацыянальнага дыялогу для спынення працяглага крызісу». 

Як адзначыў дзяржсакратар ЗША, палітвязні знаходзіліся ў „суровых і небяспечных для жыцця ўмовах утрымання пад вартай, уключаючы вартыя даверу паведамленні пра катаванні».

«Яны ўваходзяць у лік тых тысяч асоб, якія зазналі несправядлівыя затрыманні з пачатку рэпрэсій, — сказаў Пампеа. — Злучаныя Штаты падтрымліваюць тых, хто затрыманы або прапаў без вестак, тых, хто быў забіты, і тых, хто працягвае мірна адстойваць сваё права выбіраць сваіх лідараў на свабодных і справядлівых выбарах». 

«Мы зноў заклікаем беларускія ўлады неадкладна спыніць эскалацыю гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, вызваліць усіх палітвязняў і іншых мірных дэманстрантаў, якія былі затрыманыя, а таксама пачаць канструктыўны дыялог з Каардынацыйнай радай і беларускай грамадзянскай супольнасцю», — падкрэсліў дзяржсакратар ЗША. 

Радыё Рацыя, belapan.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: