ЗША занепакоеныя затрыманнем журналістаў у Беларусі

Злучаныя Штаты Амерыкі занепакоеныя затрыманнямі журналістаў у Беларусі і вобыскамі, праведзенымі ўладамі ў офісах некалькіх незалежных выданняў на гэтым тыдні, гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце пасольства ЗША ў Беларусі.

"Злучаныя Штаты цэняць свабоду прэсы як ключавы складнік падсправаздачнага і дэмакратычнага дзяржаўнага кіравання. Незалежныя сродкі масавай інфармацыі з’яўляюцца неад’емнай часткай стабільнай, квітнеючай і больш дэмакратычнай Беларусі. Мы заклікаем беларускiя ўлады да выканання ўзятых на сябе міжнародных абавязацельстваў па павазе да фундаментальных правоў і свабодаў, у тым ліку да свабоды выказвання і сродкаў масавай інфармацыі", — адзначаецца ў дакуменце.

Злучаныя Штаты "працягнуць уважліва сачыць за гэтай сітуацыяй". "Мы далучаемся да заклікаў да ўрада Беларусі неадкладна вызваліць усіх журналістаў і забяспечыць грамадзянам права на свабоду слова і свабоду СМІ", — падкрэсліваецца ў заяве.

Вобыскі і затрыманні журналістаў у Беларусі пачаліся 7 жніўня, калі Следчы камітэт распаўсюдзіў інфармацыю аб тым, што, "паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)". Падставай да распачынання справы паслужыла "паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія даваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў". Згодна з паведамленнямі СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца "БелТА".

На сёння сярод іншых затрыманыя карэспандэнт БелаПАН Таццяна Каравянкова (з раніцы 7 жніўня) і галоўны рэдактар агенцтва Ірына Леўшына (з раніцы 9 жніўня).

Сяргей Каралевіч, БелаПАН.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Кетцаль
  • 2018-08-10 14:07:22
Как то НАПЛЕВАТЬ.