Зварот: адмовіць Лукашэнку ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты праз наяўнасць прыкмет крымінальнага злачынства

Суаўтар Сумеснай Дэкларацыі па лічбавай эканоміцы краінаў ЕС і Усходняга партнёрства Ігар Леднік накіраваў у Цэнтрвыбаркам і замежныя амбасады зварот аб адмове Аляксандру Лукашэнку ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь праз наяўнасць прыкмет крымінальнага злачынства і выкарыстанне службовага становішча.
Аляксандр Лукашэнка падчас галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў, 2019 год. Фота: Уладзь Грыдзін, Радыё Свабода

Аляксандр Лукашэнка падчас галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў, 2019 год. Фота: Уладзь Грыдзін, Радыё Свабода

У сваім звароце Ігар Леднік нагадвае, што паводле заканадаўства асоба, якая вылучана кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, прадстаўляе ў Цэнтральную камісію да пачатку рэгістрацыі біяграфічныя даныя, у якіх указваюцца звесткі пра наяўнасць у мінулым або на момант рэгістрацыі судзімасці.

У адкрытым доступе ў сеціве знаходзіцца Пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання "Аб мерах па рэалізацыі заключэння Спецыяльнай камісіі па прававой ацэнцы парушэнняў Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Лукашэнкам А.Р. Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь". У Пастанове зазначана пра наяўнасць у дзеяннях Лукашэнкі прыкмет крымінальнага злачынства, адказнасць за якое прадугледжана ч.2 арт. 357 КК Рэспублікі Беларусь (захоп і ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).

Пастанову дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання павінны былі прыняць 19 верасня 1999 года. Каб гэтага не адбылося, старшыню Спецыяльнай камісіі Віктара Ганчара 16 верасня з ягоным сябрам бізнесоўцам Анатолем Красоўскім гвалтоўна выкралі і забілі.

У згаданым заключэнні асноўным падазраваным у здзяйсненні палітычна матываваных пазасудовых пакаранняў смерцю з'яўляецца Аляксандр Лукашэнка. Заключэнне 30 кастрычніка 2007 года перададзена Генеральнаму пракуратуру Рэспублікі Беларусь для прававой ацэнкі і прыняцця адпаведных мер пракурорскага рэагавання.

З улікам вышэй згаданых актаў, крымінальнае злачынства, якое дасюль доўжыцца ў часе, падлягае кваліфікацыі па ч.3 арт.357 КК Рэспублікі Беларусь (захоп і ўтрыманне ўлады неканстытуцыйным шляхам, спалучаным з забойствамі людзей).

У 2004 годзе ў ЗША па ініцыяве сенатара Джона Маккейна быў прыняты "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі", як адказ на палітычна матываваныя пераследы, гвалтоўныя знікненні і пазасудовыя пакаранні смерцю апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Акт дзейнічае ў ЗША да сённяшняга дня з-за адсутнасці следства па гэтых рэзанансных справах.

Парламенцкая асамблея Савета Еўропы 15 красавіка 2008 года выдала рэзалюцыю "Злоўжыванні ў сістэме крымінальнага правасуддзя ў Беларусі", у якой заклікала краіны Савета Еўропы да прымянення ўніверсальнай юрысдыкцыі і санкцыйнай палітыкі ў адосінах да асоб, датычных да забойстваў у Беларусі па палітычных матывах.

Справы па зніклых не закрываюцца праз тэрмін даўніны, каб грамадства не атрымала права азнаёміцца з дакументамі, бо галоўным замоўнікам забойстваў па палітычных матывах з’яўляецца Лукашэнка.

Крымінальнае злачынства па ч.3 арт. 357 КК Рэспублікі Беларусь дасюль доўжыцца ў часе і вызначае знешнюю і ўнутраную палітыку дзяржавы. Так, Беларусь не далучылася да Міжнароднай канвенцыі па абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў. Без выканання рэзалюцыяў ПАСЕ па рэзанансных справах зніклых апанентаў Лукашэнкі грамадзяне Беларусі не маюць перспектываў доступу да юрысдыкцыі Еўрапейскага суда па правах чалавека.

Арт. 73 Выбарчага кодэкса (Роўнасць правоў і абавязкаў кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь) забараняе выкарыстанне пераваг службовага становішча ў інтарэсах выбрання. Згодна арт. 68-1 Кодэкса гэта ёсць падставай адмовіць у рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

З правядзеннем першых прэзідэнцкіх "выбараў" 9 верасня 2001 года па Канстытуцыі-1996 у Беларусі скасаваны асноўны прынцып прававой дзяржавы — роўнасць ўсіх перад Законам.

Сёння, ва ўмовах найскладанейшай грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, каб пазбегнуць адказнасці і "пераабрацца" на чарговы тэрмін, Лукашэнка вымушаны даваць праваахоўным органам прамыя загады на крымінальны пераслед сваіх галоўных апанентаў.

Ігар Леднік з’яўляецца суаўтарам Сумеснай Дэкларацыі па лічбавай эканоміцы краінаў ЕС і Усходняга партнёрства і каардынуе стварэнне рэгіянальнай сеткі EU4Digital: eUnion, у рамках якой павінна адбыцца рэалізацыя "дарожных карт" (eUkraine + eUnion) і (eBelarus + eUnion) пры падтрымцы ЗША і Вялікабрытаніі — краінаў-гарантаў бяспекі Украіны і Беларусі па Будапешцкім мемарандуме.

Далучэнню да eUnion павінны папярэднічаць меры па зацвярджэнні вяршэнства права і дэмакратыі.

Аднак на сённяшні дзень галоўнай праблемай для Беларусі з’яўляецца немагчымаць прыцягнення Лукашэнкі да крымінальнай адказнасці. Таму Ігар Леднік просіць накіраваць запыт у Генеральную пракуратуру наконт прававой ацэнкі і прынятых мер пракурорскага рэагавання па згаданым вышэй заключэнні ад 30 кастрычніка 2007 года; накіраваць запыт у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу наконт рашэння па звароце аб адхіленні Лукашэнкі з пасады кіраўніка дзяржавы; на падставе адказаў на запыты і фактаў выкарыстання Лукашэнкам пераваг службовага становішча ў інтарэсах свайго "пераабрання" ў мэтах пазбягання адказнасці за крымінальныя злачынствы, што вылілася ў масавыя рэпрэсіі супраць грамадзян па ўсёй краіне і акцыі салідарнасці з ахвярамі рэпрэсіяў ва ўсім свеце, адмовіць Лукашэнку ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Таксама Леднік просіць прадаставіць адказ з выпіскай з пратаколу паіменнага галасавання сябраў ЦВК па дадзеным звароце для вызначэння ступені адказнасці кожнага з іх і ў мэтах прыняцця і рэалізацыі з краінамі-гарантамі ЗША і Велікабрытаніяй і з краінамі ЕС палітыкі персанальных санкцыяў.  

Апроч ЦВК, зварот дасланы ў амбасады краінаў-падпісантаў Будапешцкага мемарандума ЗША, Вялікабрытаніі і Украіны, Прадстаўніцтву ЕС і амбасадам краінаў ЕС у Беларусі.

Поўны тэкст звароту даступны ў Фэйсбуку.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: