Бабіча ў Расіі прызначылі намеснікам міністра. Займацца інтэграцыяй з Беларуссю?

Прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў прызначыў былога амбасадара ў Беларусі Міхаіла Бабіча намеснікам міністра эканамічнага развіцця, гаворыцца на сайце расійскага ўраду, паведамляе «Свабода».

Фота www.svaboda.org

30 красавіка ўказам Уладзіміра Пуціна Міхаіл Бабіч быў вызвалены ад абавязкаў пасла Расіі ў Беларусі, а таксама ад пасады спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта РФ па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю «ў сувязі з пераходам на іншую працу». На пасадзе пасла ён прапрацаваў каля васьмі месяцаў.

Міністэрства эканамічнага развіцця Расіі між іншага займаецца планамі паглыблення інтэграцыі з Беларуссю. Бабіч стане дванаццатым намеснікам міністра эканамічнага развіцця Расіі.

Новым паслом у Мінск быў прызначаны чалец Савета Федэрацыі Расіі Дзмітрый Мезенцаў. Пры гэтым ён не прызначаны спецпрадстаўніком Пуціна па развіцці гандлёва-эканамічных стасункаў з Беларуссю.

Паводле слоў прэс-сакратара прэзідэнта РФ Дзмітрыя Пяскова, кадравыя рашэнні Пуціна прынятыя «ў адпаведнасці з мэтазгоднасцю». Аднак, як лічаць эксперты, прычынай адстаўкі Бабіча сталі яго напружаныя адносіны з беларускім кіраўніцтвам і, у прыватнасці, з Міністэрствам замежных спраў.

 

Спрэчка паміж расійскім амбасадарам Бабічам і МЗС Беларусі. Храналогія

Чарговае абвастрэнне ў стасунках паміж Беларуссю і Расіяй пачалося з пытання кампенсацыі Беларусі так званага «падатковага манеўру» расійскіх уладаў. У час напружаных перамоваў амбасадарам быў прызначаны Міхаіл Бабіч — але ад рашэння Масквы да згоды Менску прайшоў месяц.

13 снежня 2018 года расійскі прэм’ер-міністар Дзмітры Мядзведзеў заявіў, што пажаданых Беларуссю цэнаў на газ і нафту можна дасягнуць, калі «прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы». Прапанову аб стварэнні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты пазней назавуць «ультыматумам Мядзведзева». Лукашэнка на наступны дзень заявіў пра шантаж, намёкі на ўключэнне Беларусі ў склад Расіі і разбурэнне краіны — гэтага «не будзе ніколі», запэўніў ён.

14 сакавіка. Апублікавалі інтэрв’ю, у якім Бабіч завочна паспрачаўся з Лукашэнкам па шматлікіх заявах, агучаных на «Вялікай размове з прэзідэнтам». Таксама Бабіч заявіў, што Расія «гатовая дапамагчы» Беларусі пры пагрозе суверэнітэту.

15 сакавіка, раніца. МЗС Беларусі параіў Бабічу «праявіць крыху павагі», «паглыбіцца ў спецыфіку краіны знаходжання, пазнаёміцца з яе гісторыяй і праявіць крыху павагі».

15 сакавіка, дзень. Бабіч назваў «балбатнёй» пазіцыю беларускага МЗС.

15 сакавіка, вечар. Крэмль раскрытыкаваў заяву МЗС Беларусі: «Мы маем права разлічваць на больш паважлівае стаўленне да амбасадара».

15 сакавіка, вечар: Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч у парламенце заявіў, што любыя крокі ў інтэграцыйных аб’яднаннях «павінны прадпрымацца пры захаванні суверэнітэту, незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, Канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржаўнасці».

16 сакавіка ананімны карыстальнік сайту Petitions.by апублікаваў зварот з заклікам абвясціць Бабіча персонай нон грата. Петыцыя сабрала тысячу подпісаў за два дні.

18 сакавіка Бабіч даў прэс-канфэрэнцыю з нагоды «пяцігоддзя ўваходжання Крыму ў склад Расійскай Фэдэрацыі». Шэраг незалежных СМІ абвясціў, што ня пойдзе туды, каб чытачы не падумалі, што яны падтрымліваюць «адну з пазыцый па падзеях у Крыме ў 2014 годзе». Некаторыя прадстаўнікі дзяржаўных выданняў там былі, але нічога не пыталі.

30 красавіка Бабіча адклікалі з пасады Амбасадара Расіі ў Беларусі. Новым амбасадарам стане Дзмітры Мезенцаў.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!