Жыццю Максіма Вінярскага пагражае небяспека

Заява грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».



У пятніцу, 29 жніўня, па надуманым падазрэнні ў Мінску быў затрыманы каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі. З турмы, дзе ён утрымліваецца, дайшла дакладная інфармацыя, што яму пагражаюць расправай.
 
 
Дыктатарскі рэжым зладзіў за Максімам Вінярскім сапраўднае паляванне. За апошні час ён адбыў у турмах больш за 300 дзён, пастаянна падвяргаецца ціску і запалохванню, яго беспадстаўна спрабавалі папярэдзіць аб недапушчальнасці экстрэмісцкай дзейнасці.
 
 
Максім быў затрыманы праз два дні пасля візіту ў Мінск Вярхоўнай прадстаўніцы па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і яе сустрэчы з Лукашэнкам. Рэжым успрыняў гэтую сустрэчу на фоне бесперапынных арыштаў як сігнал для працягу рэпрэсій, утрымання ў турмах палітычных вязняў, уключаючы кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалая Статкевіча.
 
 
Не выпадкова рэпрэсіям адразу ж пасля візіту баранэсы Эштан падвергнуўся менавіта каардынатар «Еўрапейскай Беларусі», грамадзянскай кампаніі, вядомай сваёй прыхільнасцю еўрапейскім каштоўнасцям і прынцыпам ненасілля.
 
 
Пасля шматлікіх арыштаў у Максіма Вінярскага з'явіліся праблемы са здароўем, у прыватнасці пасля сухой галадоўкі, якую ён трымаў падчас арышту напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. Сёння яму пагражаюць гвалтоўнай расправай.
 
 
Мы звяртаемся да прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Мінску, да ўсіх амбасадаў дзяржаў-чальцоў ЕС, да амбасады ЗША, амбасады Украіны, за салідарнасць з якой змагаецца Вінярскі, звярнуць самую сур'ёзную ўвагу на гэтую сітуацыю, прадухіліць судовую і фізічную расправу над Максімам, запатрабаваць яго неадкладнага вызвалення.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: