Жыхара Гомеля за рэпост «экстрэмісцкай» інфармацыі прысудзілі да штрафу.

У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля 22 сакавіка адбыўся адміністрацыйны працэс у дачыненні да жыхара абласнога цэнтра Ігара Чуба. Маладога хлопца абвінавачваюць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (артыкул 17.11 КаАП). Суддзя — Вячаслаў Парэмскі.
Паводле інфармацыі "Гомельскай Вясны", сутнасць правапарушэння ў тым, што мужчына на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» некалькі гадоў таму падзяліўся публікацыямі, якія змяшчаюць спасылкі на сайт анархістаў "Прамень".

«Яшчэ ў 2017 годзе ў сябе на старонцы ў Фэйсбук я рабіў рэпост рознай інфармацыі, якая змяшчае спасылкі на сайт анархістаў "Прамень". Напрыклад, я зрабіў рэпост інфа "У Гомельскай вобласці страйкуюць механізатары і вадзіцелі». Адкуль мне ведаць, што гэтая інфармацыя ўключана ў спіс экстрэмісцкіх», — тлумачыць сваю пазіцыю мужчына.

Ігар Чуб працуе таксістам і дадае, што ўсё павінна быць па правілах, як у кіроўцаў. Гарыць чырвоны - стаю, загарэўся зялёны - еду. «Пакуль я бачу, што мяне спрабуюць пакараць за язду на зялёны», - дадаў ён.

Суддзя Вячаслаў Парэмскі вынес пастанову аб прыцягненні Ігара Чуба да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 10 базавых велічынь.

На думку праваабаронцы Леаніда Судаленка, які ажыццяўляе маніторынг спраў, звязаных з абвінавачваннямі ў распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыі, дзяржаўныя органы занадта шырока трактуюць само паняцце «экстрэмізм».

«Бяруць любую сацыяльную сетку, любую групу, якая крытыкуе дзеючую ўладу, і прызнаюць рэсурс экстрэмісцкім. Калі ёсць абмежаванне на распаўсюд той ці іншай інфармацыі, зрабіце так, каб яна не была даступная. Пакуль я бачу, што справа прыцягнутая за вушы», — пракаментаваў сітуацыю Судаленка.

Нагадаем, гэта ўжо трэцяя справа за "экстрэмізм" у Гомельскім рэгіёне за апошні час. 7 сакавіка ў АУС Цэнтральнага раёна Гомеля пачаўся адміністрацыйны працэс у дачыненні да жыхара абласнога цэнтра Пятра Маркоўскага. 19 сакавіка Рагачоўскі раённы суд пачаў разглядаць адміністрацыйную справу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у дачыненні да жыхара райцэнтра Сяргея Алексейкава.

Згодна з ч.2 артыкула 17.11 КаАП распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў цягне штраф ад 10 да 50 базавых велічынь або нават адміністрацыйны арышт да 15 сутак.

Нядаўна стала вядома аб пачатку яшчэ двух адміністрацыйных справаў — за ўдзел у флэшмобе #яэкстрэміст. Увечары 21 сакавіка IT-кансультанту Глебу Рубанаву патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся ўчастковым, і паспрабаваў запрасіць на неадкладную размову з нагоды флэшмобу. Размова была пра навіну аўтарства праваабарончага сайта spring96.org пра чарговы штраф Міколу Дзядку. Меркавана экстрэмізмам з'яўляецца размяшчэнне спасылкі на перадрук матэрыяла сайтам abc-belarus.org, бо ўсе публікацыі гэтага рэсурсу ў Беларусі лічацца забароненымі.

Таксама 21 сакавіка наконт нібыта распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў тэлефанавалі актывісту кампаніі Legalize Belarus Пятру Маркелаву. Магчымай падставай для інтарэсу з боку праваахоўчых органаў з'ўляецца фотаздымак на фоне ўваходу ў бізнес-цэнтр «Красавік», размешчаны на старонцы Маркелава ў фейсбуку.

Флэшмоб #яэкстрэміст распачаты анархістам і журналістам Міколам Дзядком. Удзельнікі флэшмоба публікуюць у сацыяльных сетках свае фотаздымкі з матэрыяламі з Рэспубліканскага спісу экстрэміцкіх матэрыялаў і хэштэгам #яэкстрэміст #яэкстремист.

Паводле http://spring96.org/be/news/92398

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: