Міліцыя працягвае вышукваць «экстрэмізм» у сацсетках

Анархісцкая група "Прамень" пракаментавала прыцягненне да адказнасці Пятра Маркоўскага за рэпост у сацыяльных сетках.

Пётр Маркоўскі

Пётр Маркоўскі


7 сакавіка ў УУС Цантральнага раёну Гомеля пачаўся адміністрацыйны працэс у дачыненні да жыхара абласнога цэнтру Пятра Маркоўскага. На яго склалі адміністрацыйны пратакол, абвінавачыўшы ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 17.11 КААП). Аб гэтым паведаміла нядаўна "Гомельская Вясна".

Сутнасць "правапарушэння" складаецца ў тым, што мужчына на сваёй старонцы ў Facebook падзяліўся допісам анархісцкай групы Прамень "Што рабіць, калі вас заганяюць у БРСМ. Парады ад анархістаў".

"Мяне выклікаў маёр міліцыі Ілля Крук і прад'явіў скан са старонкі ў Фэйсбуку. Аказваецца, яшчэ 6 лістапада мінулага году я зрабіў рэпост інфармацыі аб БРСМ і анархістах. Я ўжо даўно не памятаю, націснуў кнопку "падзяліцца" памылкова ці свядома. Нават калі свядома, адкуль мне ведаць, што гэтая інфармацыя ўключаная ў спіс экстрэмісцкай".



Звяртае на сябе ўвагу, што ўлады, магчыма свядома, не даводзяць да шырокай грамадскасці, якія менавіта старонкі забароненыя. Бо гэта прымушае людзей засцерагацца рэпосту абсалютна любой інфармацыі з крытыкай улады.

Сам Пётр Маркоўскі лічыць, што яго пераследуюць за актыўнасць і ўдзел у "Маршах недармаедаў" 2017 году.

Санкцыя арт. 17.11 КААП прадугледжвае штраф ад 10 да 50 базавых велічынь, альбо арышт да 15 сутак за распаўсюд інфармацыйнай праудкцыі, уключанй у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сайт і старонкі групы "Прамень" у сацсетках былі ўключаныя ў спіс экстрэмісцкіх у кастрычніку 2016 года. Прытым суполка Укантакце блакавалася ўжо тройчы. 

Група "Прамень" у сваім каментары да навіны даводзіць, што гэта ўжо другі выпадак за рэпост іх інфармацыі. Першая справа супраць Андрэя Понасава ў ліпені 2017 так і не дайшла да разгляду з-за сканчэння тэрмінаў даўніны.

Анархісты таксама кажуць, што "разглядаць суд у дачыненні да Маркоўскага варта ў кантэксце агульнай атакі рэпрэсіўнай сістэмы на сацыяльныя сеткі і свабоду слова. [...] Канчатковая мэта [уладаў] зрабіць так, каб людзі баяліся не тое што рэпосціць а лайкаць анархісцкія пасты ў сацсетках, і ўвогуле падпісвацца на анархісцкія групы ("а раптам мне нешта за гэта будзе?"), тым самым істотна знізіўшы кола людзей, да якіх можна будзе данасіць небяспечную да ўлады інфармацыю."

"Нам неабходна адваяваць прастору свабоды ў інтэрнэце, таму што калі яе не будзе, то ў адсутнасць свабод
ы СМІ і сацсетак дзяржава пачне дазваляць сабе проста пачварныя парушэнні нашых правоў, як гэта адбываецца ў горшых тыраніях свету" — пішуць анархісты."

Анархісты заклікалі не паддавацца страху і працягваць рэпосціць забароненыя матэрыялы ў якасці адзінай магчымай формы супраціву, бо да адказнасці за рэпосты "экстрэмісцкіх" груп прыцягваюць толькі мізэрную долю тых, хто іх робіць, а таксама заклікалі звяртацца да іх у выпадку пераследу з боку міліцыі.

Нагадаем, журналіст НЧ і актывіст анархісцкага руху Мікола Дзядок некалькі дзён таму быў асуджаны і адразу затрыманы за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Прытым, па ягоных словах, на ім "вісіць" яшчэ два пратаколы за "Распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі".

Таксама 22 лютага ў інтэрнэце была запушчаная петыцыя з патрабаваннем не прымаць новыя праўкі ў антыэкстрэмісцкае заканадаўства. якія могуць прывесці да татальнай крыміналізацыі нефармальных і пазасістэмных палітычных рухаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!