Справа патрыётаў: агледзіны ў КДБ?

Усе патрыёты — на волі, але застаецца пытанне: «Што гэта было?». Няўжо КДБ папросту было цікава, наколькі заявы пра «бараніць незалежнасць радзімы» адпавядаюць рэальнасці?

Гэтыя падзеі, падаецца мне, пачаліся не падчас арыштаў, і нават не ў час знакамітай заявы Лукашэнкі пра «лагеры баевікоў» пад Асіповічамі і некалькі дзясяткаў тэрарыстаў, якія разгойдваюць нашу сінявокую стабільнасць. А значна раней — прыкладна год таму, калі Зміцер Дашкевіч з паплечнікамі капаў акопы паблізу беларуска-расійскай мяжы.

І «Малады фронт» з ягоным падраздзяленнем «Ваяр», і Міраслаў Лазоўскі, ці не адзіны адкрыты «легіёнавец», неаднойчы заяўлялі, што маюць намер бараніць незалежнасць Беларусі. Прычым, маюць такі намер незалежна ад таго, Лукашэнка ва ўладзе ці не. І, калі трэба, са зброяй у руках. А звярнуць увагу на летнікі клубу «Патрыёт», які дзейнічаў хоць і з дазволу ўладаў, але дэ-факта самастойна, сам Бог падказваў.

У выніку сілавікі ўзяліся за патрыётаў. Цікавая храналогія «пасадак — адсідак — вызваленняў». Пачалося з «легіёнаўцаў», потым пад раздачу трапілі чальцы «Патрыёту», потым «Ваяр» — «МФ». Вызваленне ж адбывалася ў адваротным парадку: «МФ» — «летнікаўцы» — «легіянеры».

Чаму так? Мажліва таму, што беларускі КДБ вырашыў правесці своеасаблівыя «агледзіны» беларускіх патрыятычных колаў, прычым, найбольш, на іх думку, радыкальных. Зразумела, ім, у КДБ, вельмі цікава ведаць, наколькі заявы пра «бараніць незалежнасць радзімы» адпавядаюць рэальнасці. Ці вытрымаюць гэтыя людзі, якія заявілі пра абарону незалежнасці, ціск альбо хаця б мінімальныя стрэсы і нязручнасці (пагадзіцеся, вайна ў гэтым плане будзе горшай за турму)? Наколькі хопіць іх перакананняў і стойкасці? З кім кадэбэшнікам альбо «сядзець у адным акопе» (калі гэта была ідэя па-незалежніцку арыентаванай часткі спецслужбоўцаў), альбо з кім давядзецца сутыкнуцца «русскому миру» ў выпадку прыходу ў Беларусь (калі прарасійскай часткі КДБ).

Тое, што апошнімі бралі «маладафронтаўцаў» і першымі іх выпусцілі, тлумачыцца проста. «МФ», яго чальцы, Зміцер Дашкевіч і іншыя напярэдадні даказалі сваю стойкасць і прыхільнасць ідэі вартай у Курапатах. Адзначым і таго самага Сяргея Пальчэўскага, які прыкуў сябе да машыны, каб не пусціць яе на тэрыторыю будоўлі. Таму з імі, збольшага, усё было зразумела.

Але праверыць усё роўна трэба было. Той жа Пальчэўскі па выхадзе з СІЗА КДБ шчыра прызнаўся, што пад ціскам падпісаў згоду на супрацоўніцтва з КДБ пад мянушкай «Артур». Тое, што ён падпісаў, і тое, што пра гэта распавёў, — прадмет асобнага аналізу, найперш, сярод псіхолагаў у КДБ.

Другімі «па выхадзе» былі арганізатары патрыятычнага летніка. Зразумела ж, спецслужбы цікавіла, на якой глебе, хто і як гартуе сённяшняе «маладое пакаленне». Да саміх маладзёнаў не дацягнешся, хаця б праз «працэдурныя пытанні» — усе допыты непаўнагадовых павінны праходзіць з бацькамі і адвакатамі. Дый арышт «шкалаты» — скандал вялікі. А вось паглядзець, ці можна супрацьпаставіць «патрыятычны» летнік летнікам таго ж «русского мира» (пра што шмат пісалі незалежныя СМІ), было варта. Як і падумаць, ці могуць нашы, айчынныя вайскова-выхаваўчыя летнікі замяніць лагеры «рускаміраўцаў», перацягнуць адтуль маладзёнаў у беларускую справу.

Апошнімі са следчых ізалятараў выходзіла самая «заканспіраваная» частка: тыя, хто меў дачыненне да «Белага легіёну» альбо падазраваны ў такім дачыненні. Паколькі «Легіён» у свой час быў адгалінаваннем Беларускага згуртавання вайскоўцаў, яго прыхільнікі выклікалі найбольшую ўвагу і цікаўнасць спецслужбаў.

Таму яны і ўтрымліваліся даўжэй за ўсіх. І былі пэўны час не проста ў СІЗА, а ў знакамітай «амерыканцы», — унутраным следчым ізалятары КДБ.

Ці ўдаліся КДБ гэтыя «агледзіны»? Сказаць цяжка, зноў жа, гледзячы з якой мэтай яны праводзіліся. Калі сапраўды з мэтай «намацаць магчымых саюзнікаў», то, напэўна, так. Прынамсі, тыя фігуранты «справы патрыётаў», якія размаўлялі з журналістамі, на ўмовы ўтрымання ў СІЗА ці на нешта іншае не скардзіліся. А значыць, вытрымалі. І, верагодна, «прабеларуская» частка КДБ мусіць быць задаволеная: у выпадку чаго ў іх будуць вартыя саюзнікі. Калі мэтай было «пабачыць праціўніка», то, напэўна, яны ўпэўніліся, што словы пра «абарону незалежнасці» — не пусты гук.

Што да самой крымінальнай справы, то абвінавачванні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў з яе фігурантаў знятыя. Застаўся толькі артыкул пра «стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання». А як ён проста здымаецца, мы ўжо пісалі: здача зброі, добраахвотнае спыненне ўдзелу ў арганізацыі — і вызваленне ад адказнасці.

Зброі як такой у справе няма, а «Белы легіён» спыніў сваю дзейнасць яшчэ напачатку 2000-х. Высновы?



Каментаваць