Праверыць інфармацыю пра катаванні ў СІЗА КДБ

Беларускія праваабаронцы 7 чэрвеня прынялі сумесную заяву, у якой патрабуюць праверыць інфармацыю пра катаванні фігурантаў справы "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў", а таксама неадкладна вызваліць іх з-пад варты .

Заяву падпісалі Праваабарончы цэнтр “Вясна”, ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, ПУ “Цэнтр прававой трансфармацыі”, Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”, ПУ “Беларускі дакументацыйны цэнтр”, РГА “Прававая ініцыятыва”, Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” і Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў.

У заяве, тэкст якой апублікаваны на сайце spring96.org, адзначаецца, што "5 чэрвеня 2017 года прадстаўнікамі беларускіх праваабарончых арганізацый былі атрыманы сведчанні аб ужыванні ў СІЗА КДБ катаванняў у адносінах да абвінавачанага па ч.3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь Кунцэвіча Сяргея Уладзіміравіча.

Паказанні С. Кунцэвіча былі падрабязна зафіксаваны. Ён звярнуўся ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы ў сувязі са здзяйсненнем у дачыненні да яго злачынства. Ён заявіў, у прыватнасці, што ў ходзе допыту ў будынку КДБ Беларусі, які адбываўся ў адсутнасць адваката, асобы ў чорнай уніформе і масках, калі пакой для допыту пакінулі следчыя, нанеслі яму некалькі ўдараў па целе, пасля гэтага адзін з іх 3 - 4 разы выкарыстаў у дачыненні да яго электрашокер — уздзейнічаў на ​​левую нагу на працягу 30 - 40 секунд. Гэта прыносіла моцныя фізічныя пакуты. С. Кунцэвіч у перыяд знаходжання ў СІЗА КДБ утрымліваўся ў прыніжаючых, бесчалавечных умовах: 14 дзён спаў на падлозе, на працягу дня сядзеў на вузкай дошцы, не атрымліваў медыцынскай дапамогі. Пасля пераводу ў СІЗА №1 ён быў падвергнуты збіццю супрацоўнікамі ізалятара".

У сувязі з атрыманай інфармацыяй асаблівую занепакоенасць праваабаранцаў выклікае "закрыты ад беларускай і міжнароднай грамадскасці характар дадзенай крымінальнай справы (вядомай таксама як “Справа “Белага легіёну” ці “Справа патрыётаў”), адсутнасць якой-небудзь афіцыйнай інфармацыі пра яе расследаванне, сутнасць прад’яўленых абвінавачанняў, пра фізічны стан і ўмовы ўтрымання асобаў, якія знаходзяцца пад вартай. Пад пагрозай пераследу адвакатам забаронена раскрываць інфармацыю пра стан іх кліентаў, пра скаргі на парушэнні іх правоў. У падазраваных і абвінавачаных па дадзенай справе, якія былі вызвалены з-пад варты ў сувязі са змяненнем меры стрымання, незаконна, у парушэнне патрабаванняў ч. 2 арт. 198 КПК Рэспублікі Беларусь, органамі следства бяруцца падпіскі аб неразгалошванні дадзеных папярэдняга расследвання, пры гэтым тэрмін “дадзеныя папярэдняга расследвання” трактуецца службовымі асобамі надзвычай шырока.  Гэта сур’ёзным чынам абмяжоўвае іх права на абарону".

Інфармацыя пра ўжыванне катаванняў службовымі асобамі выклікае занепакоенасць становішчам усіх 14-ці фігурантаў дадзенай крымінальнай справы, якія працяглы тэрмін утрымліваюцца ў СІЗА КДБ і СІЗА МУС Рэспублікі Беларусь.

Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі ў чарговы раз нагадваюць уладам Рэспублікі Беларусь, што "свабода ад катаванняў з’яўляецца абсалютным правам і не падлягае ніякім абмежаванням нават ва ўмовах вайсковых канфліктаў і надзвычайнага становішча. У сувязі з ратыфікацыяй Рэспублікай Беларусь Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання, наша краіна ўзяла на сябе абавязальніцтвы прадпрымаць эфектыўныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя, судовыя і іншыя меры для папярэджання актаў катаванняў на любой тэрыторыі пад яе юрысдыкцыяй. Таксама Рэспубліка Беларусь абавязана забяспечыць, каб усе акты катаванняў разглядаліся ў адпаведнасці з нацыянальным крымінальным заканадаўствам".

"У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы, не могуць быць пакладзены ў аснову абвінавачвання і не могуць выкарыстоўвацца ў якасці даказвання" — нагадваюць праваабаронцы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!