Гары Паганяйла: Хлопцы павінны атрымаць кампенсацыю

Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла патлумачыў, чаму варта судзіцца з дзяржавай за незаконнае ўтрыманне ў няволі.



Як вядома, 27 сакавіка суд Маскоўскага раёну Менска пачаў разгляд калектыўнай скаргі чатырох фігурантаў “справы патрыётаў” да Мінфіна аб кампенсацыі маральнай шкоды, нанесенай ім незаконным затрыманнем і ўтрыманнем пад вартай працяглы час.

Пазовы падалі Андрэй Дундукоў, Віктар Мароз, Сяргей Стрыбульскі і Віктар Данілаў. Сваю маральную шкоду яны ацанілі па 100 тысяч рублёў.

Гары Паганяйла перакананы:

— Дзяржава павінна несці такога кшталту выдаткі, калі яна нанесла ўрон людзям. І павінна кампенсаваць маральны ўрон, калі чалавек быў беспадстаўна затрыманы і знаходзіўся пэўны час у турме. Але тут трэба даходзіць яшчэ і да тых службовых асоб, якія непасрэдна прымалі рашэнне аб пазбаўленні волі. Каб тыя асэнсоўвалі, што яны не проста выконваюць незаконную каманду, але і здзяйсняюць злачынства. А незаконны арышт — гэта менавіта злачынства. Трэба, каб іншым была навука, што сілавікі таксама нясуць асабістую адказнасць за свае дзеянні. Было ж адразу відавочна, што ў следства няма ніякіх доказаў вінаватасці фігурантаў “справы патрыётаў”.  

— Ці маюць хлопцы шанц атрымаць нейкую матэрыяльную кампенсацыю?

— Прэцэдэнты былі, таму чаму б і не? Тым больш, што па законе прадугледжана такая кампенсацыя, калі невінаваты чалавек аказаўся за кратамі. У такіх выпадках мы кажам, што справа была сфальсіфікаваная. Адным словам, па сутнасці ў дачыненні да гэтых людзей былі ўчынены службовыя злачынствы, бо іх незаконна пазбавілі волі і яшчэ публічна абвінавацілі да таго часу, пакуль было праведзена следчае разбіральніцтва. Людзі панеслі іміджавыя і маральныя страты, пагоршылі сваё здароўе. Як гэта можна пакінуць без увагі?! Хлопцы абсалютна правільна робяць, што патрабуюць кампенсацыю. Калі суддзі будуць выносіць рашэнні па законе, то пазоў фігурантаў “справы патрыётаў” адназначна павінен быць задаволены. Іншая справа — у якім аб’ёме.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!