«Мы адказваем на выклікі, якія стаяць перад грамадствам»

Хто ведае, якія выклікі будуць заўтра? Пра гэта трэба думаць, на гэта рэагаваць. А ўсе хочуць адразу адказу на пытанне: «Як зрынуць рэжым Лукашэнкі?» Мы 20 гадоў шукалі адказ на гэтае пытанне, толькі гэтым займаліся, казалі, што за намі стаяць тысячы…

Сёння Зміцер Дашкевіч ці не найбольш аўтарытэтны малады палітык, за спінай якога перамога ў Курапатах, безліч вулічных акцыяў, турэмныя засценкі. Напярэдадні Вялікадня яго і Сяргея Пальчэўскага выпусцілі з СІЗА КДБ, куды маладафронтаўцы трапілі як фігуранты «Справы патрыётаў».

Агулам хлопцы правялі за кратамі 24 дні. Тым не менш, яны надалей застаюцца падазраванымі па арт. 293 ч. 3 («падрыхтоўка масавых беспарадкаў»). Камічна, што «масавыя беспарадкі» Дашкевіч, нібыта, рыхтаваў з 2011 года, калі знаходзіўся ў зняволенні пасля Плошчы–2010.

Мы вырашылі паразмаўляць са Змітром Дашкевічам, для якога гэта ўжо трэцяя адсідка і трэці крымінальны артыкул. Прычым паразважаць не толькі пра акалічнасці справы ды ўтрымання ў СІЗА, але і агулам: пра палітыку, жыццё, планы на будучыню.

  «Казаць нічога не буду, з пратаколам ці без»

 — Для цябе затрыманне і крымінальны артыкул былі чаканымі?

— Я чакаў, што могуць нейтралізаваць перад 25 сакавіка, але ўявіць, што па абсалютна фэйкавай справе… Я ім на допытах казаў: «Паслухайце, я парушаю свядома толькі адзін крымінальны артыкул: 193-1 («дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі». — аўт.), па якім мяне пасадзілі ў 2006 годзе. Хочаце садзіць — калі ласка! Навошта выдумляць ахінею?»

Калі толькі прывезлі ў КДБ, пытаюць: «Будзеце даваць паказанні?» Я кажу, што не. Яны: «Чаго ж вы так? Пабудавалі сцяну адразу…» Я ім адказваю: «Сцяну пабудавалі вы, і я пару дзён таму ў яе ўпёрся». Пра патрыятызм распавядалі, пра Курапаты, пра грамадства, якое ацаніла наш унёсак, кажуць: «Вы ж нармальныя хлопцы!» «Ну, хіба не зусім ненармальныя, калі тут сядзім», — кажу. «Не, дык мы разбярэмся…»

— Пра што агулам пыталіся?

— Я пад пратакол наогул ні пра што не казаў. «Белы легіён ведаеш?» — пытаюцца. «Ведаю, — кажу, — але, мабыць, менш, чым вы». «Не, ну мы ж толькі з газет…» «Лазоўскага ведаеш?» — зноў пытаюцца. «Паслухайце, — кажу, — я пра іншых людзей наогул казаць нічога не буду, з пратаколам ці без. Я не ведаю, як вы мае словы выкарыстаеце ды перакруціце». Так і паразмаўлялі.


 «Помста за Курапаты і партрэты рэпрэсаваных»

— Чаму маладафронтаўцаў падцягнулі пад гэтую справу?

— Пакуль чэкісты самі не сядуць у камеры і не пачнуць даваць паказанні, мы шмат пра што можам толькі здагадвацца. Па-першае, як я лічу, гэта помста «Маладому фронту» за дзейнасць, якая даўно выйшла за межы дазволенага ў нашай дзяржаве. У размовах, як казалі хлопцы, чэкісты абражаліся і на сцягі, вывешаныя вакол іх будынку на ўгодкі развалу СССР, і на акцыю памяці з партрэтамі расстраляных напярэдадні Дзядоў ды на іншае.

Магчыма, гэта яшчэ і помста за Курапаты. Акурат тыя шэсць чалавек, якія там усё пачалі, і былі арыштаваныя. 19-гадоваму Арцёму Леўчанку, напрыклад, даюць дакумент, згодна якому ён з 2011 года рыхтаваў «масавыя беспарадкі». Ён кажа: «А нічога, што мне тады 14 гадоў было?» А яны ў адказ: «Гэта ж проста лічбы».


Па-другое, падключыўшы да справы маладафронтаўцаў, сілавікі надалі справе гучанне. Колькі журналістаў ці палітолагаў памяталі пра «Белы легіён», які даўно спыніў існаванне? Адзінкі. А «Малады фронт» — гэта раскручаная страшылка для ўладаў, прозвішчы, брэнд. Трэба было нагнаць жарсцяў.

— А дзейнасць клуба «Ваяр»?

— Не думаю. Каб гэта так непакоіла ўлады, яны б рэагавалі на гэта ад пачатку. «Ваяр» дзейнічаў адкрыта тры гады, хоць шмат хто, яшчэ на самым пачатку прапаноўваў канспірацыю. Гэта паліцэйская дзяржава, таму чым больш адкрыта ты ўсё робіш, тым менш пасля да цябе пытанняў. Стаўка на публічнасць была вельмі правільнай ад пачатку.


— А чаму не пайшлі на рэгістрацыю?

— Мы думалі пра гэта, але прыйшлі да высновы, што рэгістрацыя забярэ вельмі шмат сілаў: паперы, валакіта. Гэты час і магчымасці лепш скіраваць на дзейнасць. Тым больш, досвед сведчыць, што ў нас нічога падобнага не рэгіструюць. Той жа клуб «Патрыёт» у Бабруйску быў зарэгістраваны, але ўсё адно сядзяць… Не ратуе гэта.

Яны зараз па тэлебачанні страшылкі паказваюць са страйкбольнымі аўтаматамі, а ў нас год таму на выездах і па 10 такіх у багажніку было. Пад Веткай у нас з Пальчэўскім, калі была акцыя на ўгодкі «Дня вайсковай славы» таксама прывад страйкбольны канфіскавалі. І што? Праверылі ды аддалі. У Мінску на выходных тысячы людзей гуляюць у страйкбол, дзясяткі пляцовак, камуфляж і г.д. І што, усіх садзяць?..


— Ты меў час паразважаць пра дзейнасць… не думаеш, што нешта рабілі няправільна?

— Магчыма, мы дапускалі нейкія памылкі, але стратэгічна рухаліся правільна. Мы вырашылі не пантавацца, рэальна ацаніць свае сілы, не казаць, маўляў, за намі дзясяткі тысячаў… Аб’ектына нашы сілы — гэта ад 6 да 30 чалавек. І гэтыя шасцёра збіраюць дзясяткі тысяч подпісаў, арганізоўваюць кампаніі, дзясяткі акцыяў, якія выклікаюць пазітыўнае меркаванне, сцягі, Курапаты… Працуем: спакойна і адэкватна.


 «Такімі пасыламі людзей наўпрост выкарыстоўваюць…»

— Ты, здаецца, скептычна ставіўся да пратэстаў супраць Дэкрэту №3, што думаеш зараз?

— Я скептычна стаўлюся да таго, што «кішка» прывядзе да нейкіх пераменаў. Я разглядаю гісторыю як Божае дзеянне ў лёсе народаў. Не было сістэмных зменаў у лёсе дзяржаваў толькі праз тое, што людзі галодныя. Так, лозунг: «Хлеба! Солі! Зямлі! Волі!» — таксама сацыяльны, нацыянальнае адраджэнне можа з гэтым спалучацца. Але акцэнт на тым, што мы патрабуем толькі адмены Дэкрэту №3 — няправільны.

Я пазітыўна стаўлюся да таго, што людзі выходзяць змагацца за свае правы. Калі чалавек упершыню выйшаў на вуліцу — гэта вялікі ўчынак, які, магчыма, паспрыяе таму, што чалавек і за іншае будзе выходзіць. Але калі казалі, што 17 лютага або 25 сакавіка будзе «пераломным днём»… Для чаго такая рыторыка? Скажыце сціпла: «Людзі, давайце выйдзем змагацца за свае правы!» Бо такое шапказакідальніцтва мае адваротны эфект: людзі ж бачаць, што не адбылося пералому.

Я не хацеў у гэтым удзельнічаць, бо разумеў, што з такімі пасыламі людзей наўпрост выкарыстоўваюць.

— Пратэсты гэтай вясны — заслуга апазіцыі?

— Нікога нікуды апазіцыя не вывела. Незалежна ад таго, ці выехаў бы Севярынец, якога я вельмі паважаю, у Оршу, ці не, усё адно выйшла б тая тысяча чалавек. Добра, што ёсць заклік у СМІ, у сацсетках, палітыкі заклікалі, але ж вывела людзей на вуліцу не апазіцыя, а ўлада — сваімі дзеяннямі.

Было адно пытанне: ці апазіцыя выкарыстае гэты пратэстны патэнцыял? Не выкарыстала. Калі ў Мінску 17 лютага было 3000–5000 чалавек і 2 бел-чырвона-белыя сцягі, дык узнікае пытанне да арганізатараў: чаму вы нават сцягі не маглі раздаць?


«Каб людзі не выйшлі, заўтра ўвялі б падатак на паветра»

— Якія вынікі сёлетняй «гарачай вясны»?

— Канешне, пазітыўныя. Тысячы людзей па ўсёй Беларусі абсалютна нечакана — і для апазіцыі, і для рэжыму — выйшлі на вуліцы. Гэта яскравае Божае дзеянне, якое паказвае, што грамадства абуджаецца. Мне і Курапаты пра гэта засведчылі. Я памятаю абарону 2001 года, калі галоўным пытаннем была ежа: абаронцам не было чаго есці. Хоць усе газеты пра гэта пісалі! Сёлета ж у нас было ўсё, пра што б мы ні папрасілі: ежа, генератар, намёты і г.д.


Мне вельмі спадабалася, як у Курапатах сказала адна паненка: «Сёння тут фармуецца грамадзянская супольнасць Беларусі». Я на трэція суткі маліўся, каб нас «зачысцілі», бо шэсць чалавек было, а на наступны дзень — іншая рэальнасць. Сотні людзей прымусілі доларавых мільянераў, нягледзячы на пазіцыю Мінгарвыканкама, спыніць будоўлю.

Тое ж з кампаніяй салідарнасці, калі пачаліся рэпрэсіі. Дзясяткі тысяч ахвяраваных долараў, дапамога ў розных формах. Грамадства дэманструе, што можа за сябе ваяваць і падтрымліваць сваіх.

— Грамадства пасталела?

— Так, абсалютна. Гэта ўжо грамадзянская супольнасць, яна фармуецца тут і зараз. І колькі б Лукашэнка ні казаў, які добры ў яго дэкрэт, людзі выйшлі — і ён яго «замарозіў», фактычна адмяніў. Артыкул 193-1, за які судзілі маладафронтаўцаў, таксама фармальна не адмянялі, але нас па ім больш не судзяць. І калі ты ў твар чэкістам кажаш, што свядома яго парушаеш, яны табе нічога не могуць зрабіць.

І каб зараз людзі не выйшлі і не сказалі: «Мы не будзем плаціць», хто ведае, магчыма, заўтра нам бы на паветра ўвялі падатак. Нам здаецца, што гэта абсурдна, але ці не абсурдна ўводзіць падатак на беспрацоўе? Але ўлада зразумела, што ёсць людзі, якія не дазволяць лічыць сябе быдлам.


«Галоўнае, каб улады ў Курапатах не нашкодзілі»

— Пратэст у Курапатах скончыўся, што далей?

— Была праблема — мы яе вырашылі. Зараз усе спрачаюцца пра ахоўную зону, мемарыял… У любым разе, гэта перамога: будоўлю спынілі, а тэма ўзнятая на найвышэйшы ўзровень. Ёсць інфармацыя, што дзяржава ўжо вырашае, як пазбавіцца ад «Бульбаш-холу», які там дагэтуль пусты стаіць.

Мяркую, што дзяржава ўжо не будзе лезці ў ахоўныя зоны. Не ведаю, які там будзе мемарыял, але галоўнае, каб улады не нашкодзілі. Не будуць лезці, кінем вокліч, людзі збяруць колькі трэба грошай на крыжы. Крыжы — гэта найлепшы мемарыял, які сімвалізуе памяць па нявінна забітых ахвярах. Было б добра, каб усе дзеянні дзяржавы там адбываліся пад кантролем грамадства.


— Вяртаючыся да «Справы патрыётаў»: як можна дапамагчы тым, хто дагэтуль за кратамі?

— Трэба маліцца, пісаць, дапамагаць сем’ям. Шмат што таксама залежыць ад СМІ, публічных людзей, палітыкаў, блогераў. Цалкам зразумела, што гэта надуманая фэйкавая справа. Калі б у сілавікоў была нейкая фактура, яны б яе выкарысталі.

Што маем на дадзены момант? Джып, які прыляцеў «з космасу» і матэрыялізаваўся на нейтральнай паласе беларуска-ўкраінскай мяжы. Фэйкавая ўлётка пра «пусканне крыві 25 сакавіка», якая запускалася ў сацсетках нібыта ад імя легіянераў. Перадачы БТ пра арматуру ў лесе пад Асіповічамі… Што, у Мінску мала базаў, якія табе арматуру ў любую хвіліну дня і ночы нарэжуць? Няма фактуры. А што ёсць? Генералы, якія ўжо паклалі пагоны на гэтую справу, таму і выдумляюць страшылкі.

— Ты не бачыш сябе палітыкам, а кім?

— Я бачу сябе змагаром. Калі кажуць пра сур’ёзных палітыкаў — гэта смешна. Трэба аб’ектыўна ацаніць свае сілы і рухацца: спакойна, без пантоў і прэтэнзіяў на месіянства, без шапказакідальніцтва. Апошнія пару гадоў мы гэтым займаліся, і грамадства гэта ацаніла. У мяне няма самамэты ва ўладзе ці пасадах. Мы імкнёмся рабіць тое, што можам. Адказваць на тыя выклікі, якія стаяць перад грамадствам: так рабілі з «Ваяром», са сцягам, з Курапатамі.

Хто ведае, якія выклікі будуць заўтра? Пра гэта трэба думаць, на гэта рэагаваць. А ўсе хочуць адразу адказу на пытанне: «Як зрынуць рэжым Лукашэнкі?» Мы 20 гадоў шукалі адказ на гэтае пытанне, толькі гэтым займаліся, казалі, што за намі стаяць тысячы… Чамусьці, не зрынулі дагэтуль. Усё ж проста: даўным-даўно трэба было вельмі крытычна ацаніць свае сілы і працаваць. 

Фота Уладзіслава Рубанава


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Наста
  • 2017-04-24 11:32:28
Годны чалавек, якому верыш.
  • Екатерина Леоненко
  • 2017-04-24 15:27:42
Узважлiвы ,сцiплы , сур\ёзны Чалавек . Просты ,без зазнайства, думаючы .Асабiста мне яго пазiцыя вельмi блiзкая. Нейкi НОВЫ чалавек !...