Наста Дашкевіч: Папрасіла сяброўку да мяне пераехаць — каб было не так ціха

З жонкай Змітра Дашкевіча Настай мы сустракаемся ля будынка КДБ — яна прынесла перадачу для мужа, які знаходзіцца тут у СІЗА.

Наста выглядае відавочна стомленай, але знаходзіць у сабе сілы сумна жартаваць: “Я ў “амерыканцы” сядзела, а Зміцер яшчэ не — пабачыць, у якіх умовах яго жонку трымалі. А ён хутка зможа экскурсіі па турмах Беларусі праводзіць”.

Еўрарадыё: Вось ты жартуеш, але на самай справе як трымаешся?

Наста Дашкевіч: Трымаюся, бо няма іншых варыянтаў. Але ўсё адно на душы вельмі трывожна. Бо не ведаю, чаго чакаць… Трэба глядзець, як будзе праходзіць акцыя 25-га — гэта будзе, як мне падаецца, нейкі паказчык. Вось, бачыш, там, на рагу, ля будынка МУС, разбіраюць плітку, і я падазраю, што да заўтра яе не адрамантуюць. І брукаванка разбітая ўздоўж праспекта будзе ляжаць — гэта трэба мець на ўвазе людзям, якія выйдуць заўтра на акцыю. Бо магчымыя правакацыі. Гэта ж ужо заўтра 25-га? Калі заўтра пройдзе ўсё мірна, то гэта шанец, што будуць нейкія манеўры ва ўсёй гэтай сітуацыі. Што яшчэ будуць “прадаваць” гэтых людзей. Усім вядома, што грошай не дае ні Захад, ні Расія. Але калі заўтра не будзе жорсткай зачысткі, гэта азначае, што месца для манеўру пакінутае. І ёсць шанец, што справа будзе развальвацца, нешта будзе выходзіць на волю. Шмат што залежыць ад заўтрашняга дня.

Еўрарадыё: Пасля пачатку затрыманняў не было прадчування, што і Змітра затрымаюць?

Наста Дашкевіч: Мы не думалі, што ўсё так сур’ёзна скончыцца. Ведаю, што калі хлопцы замовілі піцу і калі кур’ер званіў у дзверы, яны жартавалі: “Піца ці міліцыя?” Дажартаваліся, можна сказаць… Магчыма, яны думалі, што іх абміне, бо бралі сяброў арганізацыі, якая некалі дзейнічала, і для карцінкі бралі людзей адпаведнага целаскладу і ладу жыцця. Але, відаць, не дабралі да двух дзясяткаў, як сказаў Лукашэнка, і пачалі дабіраць “маладафронтаўцамі”.

Еўрарадыё: Але ж заяўляюць цяпер, што “Малады фронт” на чале з Дашкевічам рыхтаваў і трэніраваў “баевікоў”.

Наста Дашкевіч: Зразумела, што гэта поўная лухта. Бо адзінае, што меркавалі рабіць “Малады фронт” на чале з Дашкевічам, — рыхтавалі дружыну для абароны шэсця. І гэта ўсё было публічна. А тое, што яны са спартова-патрыятычнага клуба “Ваяр” робяць нейкую злачынную групоўку, — поўнае глупства. Бо “Ваяр” — гэта такі маладафронтаўскі кэмпінг, дзе ўсё адкрыта і легальна. Вазьміце страйкбольную каманду, назавіце адпаведна, і гэта будзе вам “Ваяр”. І Зміцер там на адным ці двух мерапрыемствах быў.

Ведаеш, я гляджу на дзяўчат, што сёння прынеслі перадачы, і разумею, як моцна ім трэба маральная падтрымка. Я ўжо з такім сутыкалася, ведаю, як і што трэба рабіць, а некаторыя сутыкнуліся з такой сітуацыяй упершыню. Словы пра салідарнасць у дадзеным выпадку зусім не пустыя. Шмат у каго з жанчын ёсць малыя дзеці, я таксама маю малых дзяцей, і гэта вельмі складана. Проста трэба ведаць: каму трэба нейкая дапамога, каб дапамагчы прыгатаваць ежу, з дзецьмі пасядзець, кватэру прыбраць. Я папрасіла сваю сяброўку да мяне пераехаць — каб было не так ціха. Такія псіхалагічныя моманты, якія дапамагаюць трымацца. Людзям важна ведаць, што іх блізкія — не бандыты нейкія, а сумленныя, патрыятычныя хлопцы, якія аказаліся ў бядзе.

Еўрарадыё: Што наконт адваката?

Наста Дашкевіч: Сёння з адвакатам падпішу дамову. Пакуль адвакатаў да хлопцаў не пускаюць. І мы ведаем, што ўжо “падцягваюць” дзяжурных адвакатаў. А “свайго” адваката, як да мяне ў 2010 годзе, пусцілі толькі на пятыя суткі.

Еўрарадыё: Расказваюць пра цэлы арсенал знойдзенай зброі — у вас колькі кулямётаў знайшлі?

Наста Дашкевіч: Не ведаю. Бо я не прысутнічала падчас вобшуку. І таму не здзіўлюся, што яны нешта з сабой прынеслі і нешта з сабой знеслі. Я не ведаю, ці быў там Зміцер. Але знайсці нешта такое ў нас немагчыма, бо нічога такога ў нас не было. Сябры параілі праверыць, ці на месцы дакументы і грошы. Дакументы на месцы, а грошай няма…

euroradio.fm

Фота: Зміцер Лукашук

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!