Новы паварот у «справе патрыётаў»

Такое ўражанне, што ўлады шукаюць шчыліны, каб пазбавіцца ад «справы партыётаў»? Бо па абвінавачванні за «незаконнае фармаванне», узброенае муляжамі, — можна арыштаваць і дзіцячы садок, дзе знойдзецца безліч цацачных аўтаматаў і пісталетаў.

У справе затрыманых былых чальцоў «Белага легіёну» і маладафронтаўцаў — новы паварот. Раней, як вядома, яны падазраваліся ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Зараз ім прад’яўляецца новы артыкул Крымінальнага кодэкса — «стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання».

Даведаліся мы пра гэта дзякуючы афіцыйнай прэсе: артыкул быў апублікаваны ў «СБ. Беларусь сегодня». Орган Адміністрацыі прэзідэнта адзначае, што абвінавачванне па такім артыкуле высоўваецца ў Беларусі ўпершыню. Газета таксама паведамляе, што па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў праходзіць 35 чалавек. 17-ці з іх выставілі абвінавачанне, яны арыштаваныя. Яшчэ 18 чалавек знаходзяцца ў статусе падазраваных. «Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання» інкрымінуецца 20 асобам з ліку гэтых 35-ці.

«СБ. Беларусь сегодня» прыводзіць фрагменты з паказанняў асобных затрыманых. А гэта ўжо артыкул 407 таго ж Крымінальнага кодэкса — «Разгалошванне дадзеных дазнання, папярэдняга следства альбо закрытага судовага пасяджэння». Праўда, артыкул тычыцца толькі тых, хто даваў падпіску пра неразгалошванне, чаго журналісты «СБ», зразумела, не рабілі. Але ў артыкуле 407 КК ёсць і другая частка — «такія ж дзеянні, здзейсненыя асобай, якая мае доступ да матэрыялаў крымінальнай справы па службе».

«СБ. Беларусь сегодня» паведамляе, што новы артыкул — «вельмі і вельмі строгі». Але ці насамрэч гэта так?

«Падрыхтоўка масавых беспарадкаў» (арт 293 ч. 3 КК), якую інкрымінавалі затрыманым раней, прадугледжвае арышт на тэрмін да шасці месяцаў альбо пазбаўленне волі да трох гадоў. Артыкул 287 КК — «стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання», — сапраўды, прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў. Але ў ім ёсць і «абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў». «Абмежаванне волі» бывае двух тыпаў: з накіраваннем у папраўчую ўстанову (так званая «хімія») і без накіравання ў такую ўстанову. Без накіравання — фактычна, чалавек знаходзіцца на волі, але мае абмежаванні, якія выяўляюцца ў пастаянным яго кантролі з боку праваахоўных органаў.

То бок, адказнасць за «стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання» можа быць нават мякчэйшая, чым за «масавыя беспарадкі», за якія абмежавання волі няма — толькі канкрэтнае зняволенне.


Улічваючы, што следства, наколькі вядома грамадству, не мае асноўнага доказу па 287-м артыкуле, а менавіта — баявой зброі, то ўжо можна меркаваць, якое пакаранне абярэ суд. Калі ён, зразумела, адбудзецца. Зараз з’явіліся падставы ў гэтым сумнявацца.

Сумневы — таму што 287-ы артыкул КК мае своеасаблівую «вішаньку на торце» ў выглядзе заўвагі да артыкулу. Яна гучыць так: «Асоба, якая добраахвотна спыніла ўдзел у незаконным узброеным фармаванні і якая здала зброю, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці па гэтым артыкуле».

А зараз варта паглядзець, што нам вядома па справе.

Баявой зброі як такой у затрыманых не выяўлена. Тое, што нам паказвалі ў «страшылках» па беларускім тэлебачанні, на справе апынулася альбо сувенірамі, альбо навучальнымі муляжамі, альбо страйкбольнымі прыладамі. У некага знайшлі афіцыйна зарэгістраваныя паляўнічыя стрэльбы. «Незаконнае фармаванне», узброенае муляжамі, — па такім абвінавачванні можна арыштаваць і дзіцячы садок, дзе знойдзецца безліч цацачных аўтаматаў і пісталетаў. Адпаведна, «здаваць зброю» — альбо няма чаго, альбо адмовіцца ад паляўнічай ліцэнзіі.

Агульнавядома, што «Белы Легіён» заявіў пра самароспуск напачатку 2000-х. То бок, затрыманыя зараз чальцы той арганізацыі ўжо даўно «добраахвотна спынілі ўдзел у незаконным узброеным фармаванні».

Тут ёсць два сцэнары: добры і дрэнны. Дрэнны: калі некаму давесяць артыкул пра незаконнае ўзброенае фармаванне ў дадатак да падрыхтоўкі масавых беспарадкаў. У гэтым выпадку следству давядзецца папацець, каб даказаць і тое, і іншае. З доказнай базай, як казалася вышэй, — вялікія праблемы. Аднак «давеска» артыкулу будзе азначаць як мінімум тое, што фігуранты справы патрыётаў за кратамі надоўга.

Добры сцэнар — калі абвінавачванне будзе перакваліфікаванае, і артыкул пра масавыя беспарадкі знікне. Тады следства можа прапанаваць фігурантам «справы патрыётаў» прызнацца: так, фармаванне было, але мы ўжо даўно спынілі ў ім удзел. І на гэтай падставе іх вызваляць ад крымінальнай адказнасці, і, адпаведна, з-за кратаў.

Адзіная перашкода ў тым, што фігуранты «справы патрыётаў» — людзі прынцыповыя. І на такую дамову са следчымі яны могуць і не пайсці.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Подполковник запаса
  • 2017-04-12 11:57:22
А - Никакого обвинения им предьявить нельзя ! Клуб - зарегистрирован . Оружие - Страйкбольное (Детское ) ! . патроны - Муляжи ! По их инициативе - никаких правонарушений не было ! Вывод очевиден - парни Чисты перед Законом ! Карающие органы попали в глупое положение . По просьбам Власти парней наказывать Надо - но совершенно не за что ! Парней - придётся отпустить . Однако им следует быть менее заметными - так как в следующий раз могут подбросить уже наркоту !
  • Юрась Беларус
  • 2017-04-12 17:11:16
"Вішаньку ў торце" мае і артыкул 293 КК РБ. Ён можа быць прад'яўлены, у тым ліку і частка 3, калі мелі месца "гвалт над асобай, пагромы, падпалы, знішчэнне маёмасці або узброены супраціў прадстаўнікам улады". Чаго і блізка не было