Пад вартай — 19 фігурантаў справы «аб масавых беспарадках»

На 17 красавіка, па інфармацыі Праваабарончага цэнтра «Вясна», 19 фігурантаў справы «аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» застаюцца пад вартай. Усім ім прад’яўлены абвінавачванні па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса

Пацверджання звестак аб прад’яўленні камусьці з арыштаваных абвінавачванняў па артыкуле 287 КК праваабаронцы “Вясны” не маюць.

Варта нагадаць, што яшчэ 24 сакавіка, падчас прэс-канферэнцыі са сваякамі затрыманых па справе “аб арганізацыі масавых беспарадкаў”, Праваабарончым цэнтрам “Вясна” была распаўсюджана заява, прынятая супольна з шасцю праваабарончымі арганізацыямі — Беларускім Хельсінкскім камітэтам, Цэнтрам прававой трансфармацыі, Камітэтам абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”, Беларускім Домам правоў чалавека імя Б. Звозскава, Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Беларускім дакументацыйным цэнтрам, у якой адзначаны палітычна матываваны характар гэтай крымінальнай справы, якая разглядалася ў рэчышчы нагнятання істэрыі дзеля запалохвання грамадства напярэдадні Дня Волі.  

На сённяшні дзень Праваабарончаму цэнтру  “Вясна” вядома сутнасць абвінавачванняў, прад’яўленых фігурантам справы, аднак не вядомы аб’ём і якасць доказаў, якія пакладзены ў іх аснову і аналіз якіх дазволіць ацаніць дзеянні абвінавачаных паводле крытэраў вызначэння паняцця “палітычны зняволены”.  Разам з тым, важнай з’яўляецца ўмова, каб аргументы наконт палітычнага характару пераследу фігурантаў справы падзяляла і шырокая міжнародная супольнасць.

ПЦ “Вясна” працягвае пільна адсочваць дадзеную крымінальную справу, аказваць прававую дапамогу сем’ям яе фігурантаў. Адносна публікацый у газеце СБ і ролікаў па БТ мы адзначаем, што ўлады груба парушаюць прэзумпцыю невінаватасці затрыманых, яшчэ да судовага разбіральніцтва фармуючы іх негатыўны вобраз у грамадстве, што з’яўляецца недапушчальным парушэннем прынцыпаў канстытуцыйных правоў грамадзянаў.

spring96.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!