Партрэты палітвязняў ды іх «турэмшчыкаў» з’явіліся ў Курапатах

На сцяне будоўлі, спыненай пасля пратэстаў, невядомыя вывесілі партрэты ўчорашніх абаронцаў Курапатаў — Дашкевіча, Пальчэўскага, Стрыбульскага, якія зараз знаходзяцца ў СІЗА.


Пяцімятровы плот будоўлі па вуліцы Мірашнічэнкі каля ўрочышча Курапаты падчас нядаўняга пратэсту выкарыстоўваўся як “сцен-газета”. Ахвочыя прымацоўвалі туды артыкулы пра рэпрэсіі, патрэты растраляных, намаляваныя ад рукі плакаты і інш.

Пасля сканчэння пратэсту пра месца забыліся, большасць агітацыйных матэрыялаў былі прыбраныя.


Апошнімі днямі мінакі заўважылі, што партрэты пачалі з’яўляцца зноў. Гэта выявы Змітра Дашкевіча, Сяргея Пальчэўскага і Сяргея Стрыбульскага — актывістаў “курапацкай вахты”, якія зараз знаходзяцца ў СІЗА па абвінавачанні ў арт. 293 ч.2 (“падрыхтоўка масавых беспарадкаў”). Усе яны фігуранты “Справы патрыётаў”.


Побач з партрэтамі абаронцаў Курапатаў з’явіліся і партрэты міністра ўнутраных справаў Шуневіча. Невядомыя, якія іх вывесілі, дапякаюць сілавіку тым, што той неаднаразова хваліў НКУС — структуру, адказную за тэрор 1930-х гадоў.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!