«Прыказалі прачытаць гэтыя словы ў РУУСе». Трох затрыманых на маршы пакаралі суткамі і штрафам

«Вам было вядома пра тое, што БЧБ-сцягі ў нас забароненыя?» — спытала суддзя. — «Што забароненыя — не ведала».

Раніцай 9 верасня ў мінскай Кунцаўшчыне павінен быў адбыцца дваравы марш з бел-чырвона-белай сімволікай. Каля 8.20 відавочцы пабачылі затрыманні, а пазней на праўладных тэлеграм-каналах з'явіліся пакаяльныя відэа з чатырма затрыманымі, паведамляюць праваабаронцы.

На адным з пакаяльных відэа прагучала, што затрымалі пяць чалавек, але ў судзе пакуль разглядзелі справы толькі трох. Высветлілася, што ў Фрунзенскім РУУСе на затрыманых склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП за «ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці каля 7:50 9 верасня».

Згодна з рапартам міліцыянта, супрацоўнікі міліцыі некаторы час назіралі за шэсцем з БЧБ-сцягамі і толькі потым пачалі затрымліваць удзельнікаў.

Справы Уладзіслава Кубіцкага, Дзмітрыя Палякова і Аляксандры Дончанка разглядзелі ў судзе Фрунзенскага раёна 9 верасня.

24-гадовы Уладзіслаў Кубіцкі сваю віну на судзе не адмаўляў. Суддзя Юлія Блізнюк цікавілася, як Кубіцкі мог не ведаць, што шэсце з «пратэстнай» сімволікай — незконнае:

— Вы разумелі, што дазвол не атрымалі? Што гэта масавае мерапрыемства, і яно праводзіцца незаконна, несанкцыянавана? Вам гэта было зразумела?

— Цяпер зразумела, што гэта незаконна.

— А калі вам гэта стала зразумела?

— Пасля таго, як затрымалі.

— А пачынаючы са жнівеньскіх падзеяў мінулага года, вам, чалавеку з вышэйшай адукацыяй, які чытае, глядзіць навіны, было незразумела і невядома ўсё гэта?

— Цяпер зразумела.

Акрамя гэтага, у матэрыялах справы былі паказанні Уладзіслава, якія ён даваў адразу пасля затрымання: «Я, пасля прызыву вырашыў прыняць удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў выглядзе шэсця, якое павінна было адбыцца па вуліцы Кунцаўшчына ў бок станцыі метро Каменная Горка». Але Кубіцкі на гэта заявіў, што яму «прыказалі прачытаць гэтыя словы ў РУУСе».

Падчас судовага пасяджэння суддзі нехта патэлефанаваў і яна адказала, што ў яе зараз «палітычны скайп». Вынік — 15 сутак арышту.

41-гадовы Дзмітрый Палякоў — першы, хто з'явіўся ў праўладных тэлеграм-каналах на пакаяльным відэа, якое запісалі наўпрост у бусе. Яго справу разглядзела суддзя Наталля Бугук.

На судзе Дзмітрый адзначыў, што днямі яму прыйшло паведамленне ў тэлеграме з прапановай аб удзеле ў маршы. Раніцай 9 верасня яны з дзяўчынай падышлі да 26-й паліклінікі і чакалі пачатку шэсця. Туды пачалі падыходзіць невядомыя людзі у чорным адзенні. Потым да іх падбегла невядомая дзяўчына і раздала БЧБ-сцягі. Праз некалькі хвілін у метрах дзесяці ад сябе ён заўважыў некалькі людзей, якія шлі ўжо са сцягамі. Яны з дзяўчынай пачалі ісці да групы людзей, але праз два метры іх ужо затрымалі. Суддзя Бугук палічыла віну Палякова даказанай і арыштавала Палякова на 13 сутак.

Справу 37-гадовай Аляксандры Дончанка вяла суддзя Юлія Блізнюк. Аляксандра распавяла, што на Марш ёй прапапаваў схадзіць Дзмітрый Палякоў. Раней яна ў акцыях пратэсту не ўдзельнічала. Суддзя Блізнюк вырашыла задаць дадатковыя пытанні:

— Вам было вядома пра тое, што гэта недзяржаўная сімволіка, і што БЧБ-сцягі ў нас забароненыя?

— Што забароненыя — не ведала.

— Заўтра Палякаў пойдзе на які-небудзь пікет, вы зноў з ім пойдзеце?

— Не. Заўтра не пойдзе. 13 сутак яму далі.

Па словах Дончанка, яны нават не паспелі прыняць удзел у шэсці, бо іх затрымалі амаль адразу, як яны падышлі. У выніку суддзя Блізнюк прызнала Аляксандру вінаватай і аштрафавала яе на 2610 рублёў (90 базавых велічыняў).

Вядома, што на маршы былі затрыманыя Аляксей Бусел, гукарэжысёр і музыка гурта Favourite Mirror, і яго маці Таццяна Бусел.. Пасля ператрусу ў іх кватэры быў таксама затрыманы муж і бацька — Сяргей Бусел,якога ўначы вызвалілі, паведамляе тэлеграм-канал by_culture.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!