Рарытэтныя кветкі для палітвязняў

Я была на талацэ ў Курапатах трэцяга чэрвеня: прыводзілі да ладу кветнікі ля некаторых крыжоў. Напярэдадні атрымала «Новы Час» са спісам палітзняволеных і прапановаю іх падтрымкі — дасылаць паштоўкі з кветкамі…

Чацвертага чэрвеня было свята Троіцы — сёмая нядзеля ад Вялікадня. Народ называе гэтую нядзелю яшчэ і «зялёным святам». У гэты дзень збіраюць розныя зёлкі — кветкі і травы лічацца гаючымі. І я вырашыла даслаць зняволеным паштоўкі з выявамі кветак — няхай яны парадуюць іхнія вочы. Як не падтрымаць палітзняволеных?

У свой час па маладосці я збірала калекцыю паштовак з выявамі кветак, птушак, жывёлаў. Дык падабрала паштоўкі-рарытэты, каб год з'яўлення паштоўкі супадаў з годам нараджэння палітвязня. Пісала прыкладна такі тэкст: «У год як Міраслаў нарадзіўся — гэтая паштоўка з'явілася — 1973». (Маецца на ўвазе фігурант «справы патрыётаў Міраслаў Лазоўскі — НЧ).

Калі не знаходзілася паштоўка з адпаведным годам, падпісвала паштоўку з выявай кветкі — ружы. Бо ружа — самая дасканалая і прыгожая кветка, да таго ж з'яўляецца хрысціянскім сімвалам.

Ружа чырвоная — сімвал кропляў крыві, пралітай Хрыстом на крыжы. «Містычная ружа» — так называюць святую Дзеву Марыю. У Сярэднявеччы Божую Маці нярэдка малявалі ў атачэнні ружаў, паколькі гэтая кветка — яе сімвал, сімвал душы, сэрца, любові, таямніцы.

А мая сяброўка Людміла Міцкевіч падаравала на гэтыя рарытэтныя паштоўкі такія ж рарытэтныя маркі — з выявай гербу «Пагоня» зялёнага колеру, як сімвал «зялёнай нядзелі».

Усе гэтыя паштоўкі я і адправіла палітвязням.

Гэтым паштоўкам з ружамі больш за паўстагоддзя — 1950 год выпуску

Ад рэдакцыі. Тое, што зрабіла Ніна Багінская — сапраўдны бескарыслівы подзвіг. Варта адзначыць, што савецкія рарытэтныя паштоўкі на інтэрнэт-аўкцыёнах каштуюць да 5 рублёў за штуку.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!