Сяргей Кунцэвіч у шпіталі. Статкевіч: «Усё вельмі сур’ёзна»

Фігурант «справы патрыётаў» Сяргей Кунцэвіч ужо некалькі дзён знаходзіцца ў 1-м гарадскім клінічным шпіталі ў Менску. Пра гэта «Белсату» паведаміў палітык Мікола Статкевіч.


Паводле слоў Статкевіча, Кунцэвіч звярнуўся па медычную дапамогу неўзабаве пасля выхаду з СІЗА на Валадарскага.

«У яго былі праблемы са здароўем і раней, але праз сухую галадоўку, катаванні электрычнасцю ў СІЗА і неверагодны маральны ціск захворванні абвастрыліся. У першую чаргу, гаворка пра ныркі. Калі чалавек трымае галадоўку, у нырках назапашваюцца прадукты распаду — я ведаю гэта з уласнага досведу. Не маю права казаць падрабязней, але ўсё вельмі сур’ёзна»,— сказаў Статкевіч.

Цяпер Сяргей Кунцэвіч праходзіць тэрапію ў дзённым стацыянары, а на ноч едзе дамоў.

«Даверу да беларускай медыцыны мала. Я б не быў упэўнены, што ў шпіталі Сяргей у абсалютнай бяспецы». Верагодна, яму хутка спатрэбіцца лекаванне за мяжой, – адзначае Статкевіч.

Мабільнай сувязі з Кунцэвічам няма — ягоныя гаджэты дагэтуль не вярнулі з СІЗА.

Сяргей Кунцэвіч — адзін з фігурантаў «справы патрыётаў», быў затрыманы 24 сакавіка і змешчаны ў СІЗА КДБ па абвінавачванні ў арганізацыі масавых закалотаў. Пазней яго перавялі ў СІЗА №1 на Валадарскага.

3 чэрвеня Кунцэвіча выпусцілі і ён распавёў журналістам і праваабаронцам пра катаванні электрашокерам на «Валадарцы». Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з сумеснай заявай, у якой запатрабавалі тэрмінова вызваліць з-пад варты ўсіх фігурантаў «справы патрыётаў».

Кацярына Андрэева, belsat.eu, фота spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!